Вы тут

Ігар Карпенка: Удыхнуць «жывую душу» ў падручнік можа толькі настаўнік


Прыцягненне педагогаў-практыкаў да стварэння новых падручнікаў і вучэбна-метадычных комплексаў міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА лічыць ключавым момантам і залогам таго, што падручнік будзе станоўча ацэнены ўсімі: і прафесіяналамі, і вучнямі, і іх бацькамі. Такую думку ён выказаў падчас удзелу ў Фестывалі вучэбнай кнігі, арганізаваным Нацыянальным інстытутам адукацыі.


 

— Галоўнае, каб пры падрыхтоўцы вучэбна-метадычнага комплексу мы абапіраліся на пазітыўны досвед, напрацоўкі нашых настаўнікаў-практыкаў, асабліва настаўнікаў-метадыстаў, педагогаў з вялікім прафесійным стажам і багажом, — падкрэсліў міністр. — Падручнік павінен суадносіцца з нашай дзяржаўнасцю, з практычнымі напрацоўкамі ў сістэме адукацыі, быць вытрыманым з пункту погляду навуковасці. Калі ў нас атрымаецца ўсё гэта спалучыць, то, напэўна, мы зможам казаць пра высокую якасць...

Ігар Карпенка высока ацаніў прадстаўленыя на выставе вучэбныя выданні, адзначыўшы, што настаўнікам сёння не даводзіцца вынаходзіць веласіпед пры падрыхтоўцы да ўрокаў. Яны ўсім для гэтага забяспечаны. А вось у чым наша школа недапрацоўвае, дык гэта ў рабоце з бацькамі: яны праецыруюць сваё ўспрыманне школы і падручнікаў, па якіх вучыліся, на тое, што мы маем сёння. І калі не знаходзяць у падручніках таго, што было там раней, пачынаюць іх крытыкаваць. Але ўмовы вакол нас змяняюцца, змяняюцца сучасныя дзеці, развіваецца навука, у тым ліку педагагічная, удасканальваюцца навучальныя тэхналогіі...

— Калі мы будзем прысвячаць бацькоўскія сходы не толькі пытанням умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы, але і пытанням удасканалення адукацыйнага працэсу, то, упэўнены, атрымаем надзейных саюзнікаў у плане ацэнкі той вялікай вучэбна-метадычнай работы, якую здзейснілі ўсе нашы структуры, аўтарскія калектывы і наватары-практыкі, — дадаў Ігар Карпенка. — Да таго ж нават наяўнасць самага сучаснага вучэбна-метадычнага комплексу зусім не гарантуе чаканага эфекту, калі асобасныя і прафесійныя якасці настаўніка не дазваляюць яму стварыць непаўторны ўрок. Таму ўся наша праца будзе дарэмнай, калі мы не будзем клапаціцца пра павышэнне прафесійнага ўзроўню педагагічнага саставу. Прычым мы павінны думаць не толькі пра кадры для агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, але і пра кадры для вышэйшай школы. Праблема стварэння якасных падручнікаў патрабуе грамадскага абмеркавання і сур'ёзнага паглыблення ў праблематыку для таго, каб удасканаліць змест адукацыі ў цэлым.

Падрыхтоўка і стварэнне сучасных падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для агульнаадукацыйных устаноў — шматбаковы і творчы працэс, у якім удзельнічаюць вучоныя, метадысты, настаўнікі, выдаўцы і паліграфісты. Галоўная роля ў гэтым працэсе, несумненна, адводзіцца аўтарам ці аўтарскім калектывам.

— З 1 верасня 2015 года па сённяшні дзень Нацыянальны інстытут адукацыі арганізаваў і правёў конкурс на стварэнне 46 вучэбных дапаможнікаў для 1--3-х і для 5—7-х класаў, — расказаў дырэктар інстытута, кандыдат філалагічных навук Сяргей ВАЖНІК. — Па 18 вучэбным дапаможнікам пераможцамі сталі новыя аўтарскія калектывы, яшчэ па 18 — калектывы дзеючых падручнікаў і па 10 — калектывы, у якіх аўтары дзеючых падручнікаў аб’ядналіся з новымі аўтарамі. Асабліва хацелася б адзначыць актыўнасць у стварэнні новых падручнікаў настаўнікаў-практыкаў з Оршы.

Летась у Нацыянальным інстытуце адукацыі ўпершыню была распрацавана і зацверджана Канцэпцыя базавага падручніка. Базавы падручнік будзе ўключаць мінімальна неабходны аб'ём тэарэтычнага і практычнага матэрыялу, а да яго будуць прыкладацца электронныя дадаткі, якія пашыраць і дапоўняць асноўную інфармацыю: у іх змесціцца дадатковы ілюстрацыйны, даведачны і кантрольна-ацэначны матэрыял.

— Да адметнасцяў базавага падручніка трэба аднесці больш даступнае выкладанне вучэбнага матэрыялу, яго практыкаарыентаванасць, розныя формы прадстаўлення вучэбнай інфармацыі, больш дасканалы дызайн, наяўнасць навігацыйнага апарату, які арыентуе вучня на пошук дадатковых матэрыялаў, што дазволяць яму паглыбіць і пашырыць веды па прадмеце і праверыць узровень засваення вучэбнага матэрыялу, — патлумачыў Сяргей Важнік. 

Яшчэ адна інавацыя — падручнік-навігатар для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Змест электроннага падручніка-навігатара ўяўляе сабой сінтэз розных відаў тэксту: вербальных, графічных, аўдыявізуальных (анімацыі і відэа). Яны складаюць мультымедыйны кантэнт падручніка-навігатара.

У адрозненне ад паліграфічнага выдання падручніку-навігатару ўласцівыя такія функцыі, як інтэрактыўнасць, разнастайнасць кантрольна-вымяральных матэрыялаў, у тым ліку з аўтаматычнай праверкай, наяўнасць зваротнай сувязі (рэакцыя з боку электроннага падручніка на дзеянні навучэнца ў выглядзе каментарыя, дапамогі ці падказкі), магчымасць выбудоўвання індывідуальнай адукацыйнай траекторыі. Падручнік выконвае функцыю навігацыі па ўсіх кампанентах вучэбна-метадычнага комплексу. Гіпертэкставая арганізацыя матэрыялу дазваляе хутка перайсці да неабходнага раздзела параграфа, слоўніка або тэкставых заданняў. А пры неабходнасці можна выйсці па спасылцы на рэсурс аддаленага доступу, напрыклад, на сайт або партал, дзе размешчаны іншыя кампаненты вучэбна-метадычнага комплексу (хрэстаматыі, даведнікі, іншы дадатковы матэрыял).

Падручнік-навігатар па арганічнай хіміі для 10-га класа можна знайсці і спампаваць на Нацыянальным агульнаадукацыйным партале (www.adu.by). У 2017 годзе плануецца стварыць падручнікі-навігатары па прадметах “Чалавек і свет” для 5-га класа, “Мастацтва” (айчынная і сусветная мастацкая культура) — для 5-га класа  і “Хімія” — для 11-га класа.

Таксама сёння на Нацыянальным адукацыйным партале даступныя для бясплатнага спампоўвання 427 найменняў вучэбных выданняў. Там жа прадстаўлены і каля 200 электронных навучальных курсаў, створаных у Нацыянальным інстытуце адукацыі па ўсіх вучэбных прадметах з 1-га па 11-ы клас.

Кожны з курсаў уключае тры буйныя модулі. Даведачна-інфармацыйны, напрыклад, змяшчае разнастайныя мультымедыйныя рэсурсы, слоўнікі, хрэстаматыі і іншага кшталту даведачную інфармацыю. Кантрольна-дыягнастычны модуль прадстаўлены рознымі трэнажорамі, практыкумамі, апытальнікамі, задачнікамі, тэставымі заданнямі, а інтэрактыўны — віртуальнымі навучальнымі лабараторыямі, рознымі дыдактычнымі гульнямі, камп'ютарнымі мадэлямі, якія дазваляюць візуалізаваць вывучаемыя аб'екты. Напрыклад, пры вывучэнні матэматыкі настаўнік можа выкарыстоўваць інтэрактыўны модуль з дэманстрацыяй дынамічных мадэляў. Іх можна круціць, паказваць у лепшым ракурсе, мяняць маштаб, задаваць неабходныя параметры ў адпаведнасці з умовай задачы. Настаўнік можа загадзя спампаваць мадэль на флэшку, калі ў школьнай аўдыторыі няма доступу ў інтэрнэт, прынесці на урок і з дапамогай камп'ютара і праектара выкарыстаць электронны рэсурс пры тлумачэнні новай тэмы. 

Міністэрствам адукацыі да 2020 года запланавана выданне 299 найменняў падручнікаў, з іх 185 — гэта абсалютна новыя выданні. У 2016/2017 навучальным годзе ў адукацыйным працэсе выкарыстоўваюцца 14 падручнікаў новага пакалення.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Удыхнуць «жывую душу» ў падручнік можа толькі настаўнік

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.