Вы тут

2016 год заканчваецца неспакойна


Свет узрушыла трагедыя з крушэннем расійскага самалёта Ту-154 над Чорным морам, у якім знаходзіліся артысты ансамбля песні і танца імя Аляксандрава на чале з кіраўніком Валерыем Халілавым, журналісты трох федэральных тэлеканалаў і выдатны гуманітарны дзеяч — доктар Лізавета Глінка. Пакуль яшчэ незразумела, што стала прычынай. На карысць тэракта гаворыць імгненнае знікненне самалёта з радараў і вялікі радыус роскіду абломкаў, хоць, паводле папярэдніх заяў, гэта не з'яўляецца асноўнай версіяй. Магчымыя і іншыя прычыны — тэхнічныя праблемы або фактар памылкі пілота. Далучаючыся да спачуванняў, неабходна і задаць пытанне: ці так ужо было неабходна саджаць ядро аднаго з самых выдатных творчых калектываў свету ў адзін самалёт, выпушчаны яшчэ ў 1983 годзе? Тым больш што ляцеў самалёт у Сірыю, якая ваюе, а гэта рабіла яго відавочнай мішэнню для тэрарыстаў усіх масцяў. Другое пытанне ўзнікае ў дачыненні да тых, хто ў сацыяльных сетках каментаваў гібель 92 чалавек. Асабліва ўзрушвае пазіцыя, распаўсюджаная ў англамоўных сетках, — маўляў, артыстаў шкада, але, з іншага боку, ляцелі яны ў Сірыю, дзе Расія знішчае грамадзянскае насельніцтва, каб праслаўляць расійскую зброю, таму па заслугах ім. Пры гэтым так пішуць людзі, якія лічаць сябе лібераламі і ні разу ў жыцці не былі ў Сірыі, але, безумоўна, вераць у тое, што вызваленне Алепа сірыйскімі і расійскімі войскамі — гэта акт генацыду, а цалкам падобная сітуацыя ў Масуле, дзе дзейнічаюць іракская армія і амерыканскія войскі, — гэта важны крок у барацьбе з тэрарыстамі. Падобныя двайныя стандарты мыслення ўсё больш аддаляюць Захад ад незаходніх краін, у якіх захавана здольнасць цвяроза аналізаваць сітуацыю ў свеце.


Рэдкі выпадак тэрарызму здарыўся на тыдні. Два чалавекі, пагражаючы зброяй, захапілі авіялайнер лівійскай кампаніі, які ажыццяўляў палёт па ўнутраным маршруце, і прымусілі экіпаж ляцець у Рым. Паколькі паліва не хапіла, самалёт сеў на Мальце. Пасля доўгіх перамоў тэрарысты вызвалілі заложнікаў і здаліся самі. У экіпажа і пасажыраў не было сумнення, што зброя з'яўляецца сапраўднай, паколькі Лівія ахоплена хаосам грамадзянскай вайны. Але яна, на здзіўленне ўсім, аказалася муляжамі. Захопы самалётаў сталі амаль нормай у 1970—1980-х гадах, калі ў свеце хапала дзяржаў, у якія можна было ўгнаць самалёт і беспакарана яго пакінуць, забіўшы ўсіх або пэўную колькасць пасажыраў. Сёння сітуацыя з краінамі, гатовымі адкрыта падтрымаць тэрарыстаў, радыкальна змянілася. Цяпер угон самалёта гарантавана вядзе да гібелі тэрарыстаў або доўгіх турэмных тэрмінаў. Захопнікаў лівійскага самалёта, дарэчы, можа чакаць пажыццёвае зняволенне.

Ізраіль быў узрушаны рэзалюцыяй, прынятай Саветам Бяспекі ААН 23 снежня. Праект рэзалюцыі быў спачатку прадстаўлены Егіптам, але ў далейшым ён зняў яго з галасавання. Гэтым разам праект вылучылі Новая Зеландыя, Сенегал, Венесуэла і Малайзія. Сутнасць рэзалюцыі 2334 заключаецца ў тым, што пасяленні на акупаваных землях Палесціны «не маюць юрыдычнай сілы і з'яўляюцца грубым парушэннем міжнароднага права». Прыняць рэзалюцыю было б немагчыма, калі б ЗША не ўстрымаліся ад галасавання, як яны і зрабілі, а наклалі б вета. У выніку 14 краін прагаласавала «за», а пазіцыя ЗША дазволіла прыняць рэзалюцыю. Праблема ў тым, што Ізраіль з'яўляецца найважнейшым саюзнікам ЗША ў рэгіёне, і спроба прыняць падобную рэзалюцыю пяць гадоў таму была спынена менавіта ЗША. Ізраіль ужо выклікаў да сябе паслоў краін — членаў Савета Бяспекі ААН і адклікаў сваіх паслоў з Новай Зеландыі і Сенегала для кансультацый. Сітуацыя з амерыканскай пазіцыяй па гэтым пытанні рэзка зменіцца пасля прыходу да ўлады Дональда Трампа, які ўжо абяцаў Ізраілю ўсялякую падтрымку. Ён ужо асудзіў і прынятую рэзалюцыю.

З'явіліся сур'ёзныя перспектывы паляпшэння расійска-малдаўскіх адносін. 23 снежня прайшла інаўгурацыя новага прэзідэнта Малдовы Ігара Дадона, а ўжо 24 снежня адбыліся яго перамовы з расійскім віцэ-прэм'ерам Дзмітрыем Рагозіным. Прэзідэнт Малдовы прыняў запрашэнне Уладзіміра Пуціна ажыццявіць візіт у Маскву 17 студзеня для абмеркавання двух самых важных для краіны пытанняў — вяртання малдаўскай прадукцыі на рынак Расіі і амністыі грамадзян Малдовы, якія парушылі рэжым знаходжання падчас работы ў Расіі і не могуць цяпер у ёй працаваць. Абедзве меры ажыццяўляюцца ў Расіі ў кантэксце папярэдняга цеснага збліжэння Кішынёва з Еўрапейскім саюзам, які ўключае асацыяцыю з ЕС і стварэнне зоны свабоднага гандлю. Малдаўская эканоміка сур'ёзна пакутуе ад прынятых Расіяй мер, паколькі ў зоне свабоднага гандлю з Еўрасаюзам на самай справе шмат абмежаванняў на экспарт сельскагаспадарчых тавараў, якія ў выніку прадаць у ЕС у неабходных аб'ёмах немагчыма, а вялізны расійскі рынак стаў для многіх тавараў недаступны.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».