Вы тут

Добры дзень, дарагая рэдакцыя!


Добры дзень, дарагая рэдакцыя!

Менавіта такім зваротам пачыналіся мае пісьмы ў “Бярозку” у далёкім 1985 годзе (а калі паставіць дату 80-я гады ХХ ст., то гэта зусім здаецца неверагодным!). На жаль, не захаваліся тагачасныя нумары часопіса, але захаваліся ўзнагароды ад “Бярозкі”: грамата за актыўны ўдзел у конкурсе “Салют, перамога!” ад 20 чэрвеня 1985 года і грамата пераможцы конкурсу “Нам зоры кастрычніка свецяць!” ад 28 снежня 1987 года. Але, здаецца, такіх узнагародаў было больш. Захаваўся і вялікі канверт, як сказалі б цяпер, з лагатыпам “Бярозкі”. Дні, калі я атрымоўвала іх з рэдакцыі, былі шчаслівымі і радаснымі. Бачыць у той час у рэспубліканскіх выданнях (а былі заметкі і ў “Зорьку”, і ў “Піянер Беларусі”) сваё прозвішча, назву сваёй вёскі, школы  было вельмі прыемна. Я вельмі ганарылася гэтым у школьныя гады. Такое пачуццё засталося назаўсёды. Нават і цяпер, калі бачу свае публікацыі ў газетах, доўгі час не пакідае пачуццё гонару і задавальнення, што мой матэрыял убачыць і прачытае шмат людзей, знаёмых і незнаёмых. Аднак успамін аб сваіх першых заметках выклікае ўсмешку: здаецца, што яны былі даволі наіўнымі, уяўлялі просты пералік нейкіх падзей. А чаго варты быў малюнак, за які я атрымала грамату як актыўны ўдзельнік конкурсу “Салют, Перамога!”. Памятаю, што ён называўся “Мы танцуем”: дзяўчынка і хлопчык на сцэне. Цяпер я нікому яго і не паказала б. Мае мастацкія здольнасці сённяшні час – гэта рамонак з пяццю пялёсткамі…

Дзіцячая мара – стаць журналістам – так і засталася марай. Напэўна, побач не было таго, хто накіраваў, падтрымаў бы ў маіх памкненнях. Па добраму зайздрошчу цяперашнім юнакам і дзяўчатам, якія праз “Школу журналістыкі”, на старонках якой стаіць пячатка часопіса, маюць магчымасць прадстаўляць свае напрацоўкі на творчы конкурс пры паступленні на журфак… Пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы я атрымала спецыяльнасць настаўніка беларускай мовы і літаратуры.

Студзень 2015 года вярнуў мяне ў дзяцінства: я зноў падпісчык “Бярозкі”. Але не толькі я. Вучні розных класаў нашай установы таксама выпісваюць часопіс. Аб гэтым сведчыць запіс на старонцы Клуба сяброў “Бярозкі”: Гудагайская СШ (Астравецкі раён). З захапленнем гартаю старонкі кожнага новага нумара. Заўсёды знаходжу час, каб уважліва прачытаць змест. Да некаторых матэрыялаў звяртаюся паўторна. Спецыяльны праект “Настаўніцкая на праслушцы” цікавы мне як педагогу, дапамагае знайсці правільны падыход да вырашэння шматлікіх сітуацый школьнага жыцця. Ды і вучням карысна “пачытаць” думкі настаўнікаў. Забаўляльная старонка здольна палепшыць настрой, а пытанні для знаходлівых не даюць знікнуць хуткасці мыслення, трэніруюць памяць, увагу. Спадзяюся, што ў рубрыцы “Верасок” знойдуць сваё месца першыя творы вучняў нашай школы. Імпануе, што часопіс захаваў вернасць беларускай мове, падабаецца яго новы  фармат.

Цяперашнія вучні 5а класа ў пачатковай школе былі актыўнымі падпісчыкамі і чытачамі “Вясёлкі”. А цяпер падпісаліся на “Бярозку”. Менавіта знаёмству з часопісам і іншымі выданнямі была прысвечана класная гадзіна “У свеце сродкаў масавай інфармацыі”. Адзін з блокаў мерапрыемства быў адведзены перыядычным выданням для школьнікаў. “Бярозка” заняла галоўнае месца ў гэтым спісе. Вучні былі ўражаны: “Як? Вы пісалі ў гэты часопіс?”, “Гэта Вашы граматы?”. Дзеці з цікавасцю разглядалі рэдакцыйныя ўзнагароды. Здзіўленню іх не было межаў, калі падлічылі, што адной з іх больш за трыццаць гадоў! (Бацькі некаторых вучняў таксама такога ўзросту).

Сумеснымі намаганнямі напрыканцы мерапрыемства ў нас атрымаўся верш:

Часопіс “Бярозка” цікавы і новы.

Дызайн у “Бярозкі” такі адмысловы.

Тут вершы і песні, малюнкі і казкі.

Чытайце “Бярозку”, сябры, калі ласка!

Хочацца спадзявацца, што сяброўства з часопісам захаваецца ў вучняў і надалей.

Цяперашняя мая дзейнасць на пасадзе намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце так ці інакш звязана з тэкстамі: справаздачы, аналітычныя даведкі, выступленні… Работа са словам, няхай і ў такім выглядзе,  суправаджае мяне ўсё жыццё. 

Паважаная рэдакцыя! Карыстаючыся нагодай, запрашаем Вас наведаць Астравеччыну, нашу ўстанову адукацыі. Паверце, у нас ёсць чым пахваліцца, а Вам – захапіцца.

У Гудагаі школа ёсць, 
Кожны ў ёй - жаданы госць. 
Тут жыве народ вясёлы.

Вучні нашы – гонар школы!

Дыпломаў, грамат - не злічыць, 
З намі разам добра быць!

        * * *

Цудоўных шмат мясцін на свеце, 
Але, сябры мае, паверце, 
Што самы лепшы - Гудагай, 
Бо тут у нас сапраўдны рай. 
Мы любім сустракаць гасцей - 
Вы прыязджайце к нам часцей!

(Радкі, магчыма, недасканалыя, але ад душы…)

 

Жанна Леанардаўна Янцэвіч

  (у часы дзіцячых спроб пяра –Бернюкевіч),

 намеснік дырэктара па вучэбнай  рабоце

Гудагайскай сярэдняй школы Астравецкага раёна

Гродзенскай вобласці

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.