Вы тут

Як у Оршы выкарыстоўваюць патэнцыял Лядовага палаца


Аршанская зямля дала сусветнаму спорту не адну вядомую асобу. Чаго толькі вартыя двухразовы алімпійскі чэмпіён Сяргей Каплякоў, чэмпіёнка Еўропы Аліна Талай, лепшы малады гандбольны варатар свету Вячаслаў Салдаценка. Усе яны нарадзіліся ў невялікім мястэчку Віцебскай вобласці, там раслі, трэніраваліся, а потым праслаўлялі і працягваюць праслаўляць нашу краіну. Адназначна можна сказаць, што ў Оршы ёсць спартыўныя традыцыі, якія трэба падтрымаць і працягнуць, а для гэтага неабходны ўмовы. Нядаўна свой трохгадовы дзень нараджэння адзначыў самы буйны і самы юны спартыўны аб'ект горада — лядовая арэна. Мы наведаліся туды, каб даведацца, чым жыў аб'ект гэтыя нядоўгія гады.


Кузня будучых чэмпіёнаў

Нягледзячы на крытыку аб колькасці лядовых палацаў у краіне, з'яўленне такога збудавання ў Оршы выклікала ў жыхароў горада вельмі добрую рэакцыю. Бо з увядзеннем у эксплуатацыю палаца гараджане зразумелі, што ён не толькі для хакея, як здаецца на першы погляд, ён можа быць шматфункцыянальным і цікавым для кожнага жыхара.

— Для горада гэта была вялікая падзея, — кажа Вольга МІГДАЛЁВА, намеснік загадчыка філіяла па асноўнай дзейнасці. — Таму што арэна — адзіны настолькі буйны аб'ект. Не толькі спартыўны, але і культурна-забаўляльны.

Аднак усё па парадку, галоўны складнік тут спартыўны. Сёння ў сценах лядовай арэны развіваецца два напрамкі, таму існуе два спартыўныя аддзяленні — хакей з шайбай і шорт-трэк. Па іх на гэты момант працуюць 10 кваліфікаваных спецыялістаў — трэнераў, у аддзяленнях займаюцца каля 300 навучэнцаў, з кожным годам іх лік расце.

— Камплектацыя спартыўных груп доўжыцца звычайна месяц, але бацькі працягваюць весці дзяцей і далей, дэфіцыту ў навучэнцах сёння мы не назіраем, — адзначае Вольга Анатолеўна.

Дзве каманды, 2005 і 2007 гадоў нараджэння, ужо гуляюць у першынстве краіны па хакеі. Калі першы год дзеткі наўрад ці маглі на роўных змагацца са сваімі аднагодкамі з іншых каманд Беларусі, то цяпер ужо канкурыруюць на роўных. Сёлета праходзіў набор хлопчыкаў 2009 і 2010 гадоў нараджэння. Акрамя таго, з'явілася платная група зусім маленькіх хакеістаў (2011—2013 гадоў нараджэння).

— Толькі заняткі гэтай групы праходзяць на платнай аснове, усе астатнія натуральна бясплатныя. Адзіная праблема — не хапае грошай на набыццё спартыўнага інвентару і экіпіроўкі для дзяцей. Бацькам прыходзіцца купляць гэта самім. Федэрацыя хакея сёння вельмі моцна нам дапамагае, але магчымасцяў на ўсіх не хапае, — расказвае Вольга Мігдалёва.

Па прызнанні кіраўнікоў лядовай арэны, прыцягваць трэнераў у Оршу няпроста, але магчыма. У аддзяленні хакея сёння працуюць два мясцовыя настаўнікі і тры прыезджыя — з Віцебска і Наваполацка. Усе яны забяспечаны жыллём і належнай заработнай платай.

У аддзяленні шорт-трэка таксама працуюць 5 трэнераў, сярод іх былыя члены нацыянальнай зборнай краіны.

— Усе нашы настаўнікі — гэта людзі неабыякавыя да спорту, спецыялісты, якія любяць сваю працу, і дзеці і бацькі гэта адчуваюць, таму ў іх ёсць жаданне прыходзіць да нас, — сцвярджае Вольга Мігдалёва.

Здаецца, з такім падыходам да работы вынікаў доўга чакаць не давядзецца. Сярод выхаванцаў секцый, якія знаходзяцца пад дахам лядовай арэны, сёння ёсць першаразраднікі, кандыдаты ў майстры спорту, 6 чалавек ужо ўваходзяць у нацыянальныя зборныя краіны.

З Віцебска ў Оршу па балельшчыкаў

Яшчэ адно збудаванне, якое ўваходзіць у склад лядовай арэны — спартыўны комплекс «Алімпіец». Тут месцяцца зала для бокса і ўніверсальная пляцоўка, прызначаная для гульнявых відаў спорту. Зала для бокса з'яўляецца адзінай у горадзе і далёка не апошняй у краіне па сваіх якасных характарыстыках. Ледзь паспела яна адкрыцца, там адразу прайшлі буйныя міжнародныя спаборніцтвы — турнір Колчына. Цяпер залу арандуе спартыўная школа №1, якая спецыялізуецца на боксе і іншых відах адзінаборстваў, але ёсць час і для аматарскіх заняткаў, яны таксама тут папулярныя.

Універсальная пляцоўка для гульнявых відаў спорту, вядома, не пустуе, тут праходзяць заняткі па баскетболе, валейболе, гандболе, а праз пару месяцаў пасля адкрыцця гэтая зала асабліва спадабалася клубу «Вітэн» па міні-футболе. Да гэтага «Вітэн» базіраваўся ў Віцебску, але пасля таго, як правёў некалькі матчаў у Оршы, вырашыў перабрацца менавіта сюды.

— У Віцебску яны не збіралі ў сябе на трыбунах мноства балельшчыкаў, а ў Оршы міні-футбол прынялі вельмі цёпла. На кожнай гульні зала, разлічаная на 300 глядацкіх месцаў, запоўнена пад завязку, людзі гатовыя глядзець футбол стоячы, — з гонарам дзеліцца Вольга Мігдалёва.

Армянскі хакей выбірае аршанскую арэну

Намеснік загадчыка філіяла па асноўнай дзейнасці адзначае, што кіраўніцтва горада не словам, а справай усяляк дапамагае развіваць спорт, а спецыялісты лядовай арэны ў сваю чаргу плацяць якаснай працай. Так, аршанскі каток ведаюць ужо не толькі за межамі горада, але і краіны. Пляцоўкі карыстаюцца папулярнасцю ў замежных спартсменаў, якія выбіраюць Оршу ў якасці добрага месца для правядзення збораў.

— Асаблівым попытам арэна карыстаецца ў расіян, прыязджаюць з Масквы, Санкт-Пецярбурга, былі і госці з больш далёкіх краін — Чэхіі і Фінляндыі. Гэта сведчыць аб якасці нашай работы, усё прадумана, аб'екты размешчаны кампактна. Побач цэнтральны стадыён, басейн, лыжа-ролерная траса працягласцю 2,5 км. Недалёка гасцініца «Орша» і турыстычная база, — расказвае Вольга Анатолеўна.

Лядовую арэну ў Оршы абраў для сваіх дамашніх гульняў і армянскі хакейны клуб «Арарат». У гэтым сезоне тут ён праводзіць свае дамашнія матчы ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі.

— Хакея ў нашым горадзе наогул ніколі не было, таму матчы «Арарата» карыстаюцца попытам. Білеты не дарагія — 1,20 рубля, мы стараемся ставіць гульні ў зручны для балельшчыкаў час, людзі збіраюцца тут не толькі глядзець за гульнёй, але і сустрэцца з сябрамі, прыемна правесці час.

Вольга Мігдалёва адзначае, што выдаткі на ўтрыманне такога маштабнага збудавання вялікія і выходзіць на самаакупнасць вельмі складана, але спецыялісты арэны імкнуцца да гэтай мэты.

Не спортам адзіным...

Значную частку даходаў прыносіць і забаўляльны складнік комплексу. Рэстаран, тэнісны корт, фітнес, аэробіка, трэнажорная зала, зала харэаграфіі і пілатэс — усё гэта можна знайсці ў сценах лядовай арэны. Акрамя таго, асаблівай папулярнасцю тут карыстаецца боўлінг, ён, дарэчы, адзіны ў горадзе. Самым любімым заняткам гараджан у першыя гады работы палаца стала масавае катанне на каньках. Калі не было шмат трэніровак спартыўных груп, у лядовым яно праходзіла кожны дзень, практычна кругласутачна і абавязкова збірала аншлагі.

Акрамя спартыўных спаборніцтваў, арэна, разлічаная на тры з паловай тысячы глядацкіх месцаў (4-е месца ў краіне па гэтым паказчыку), прымае канцэрты і іншыя святочныя мерапрыемствы. Зараз, напрыклад, ужо поўным ходам ідуць навагоднія дзіцячыя ранішнікі і тэатральныя пастаноўкі.

У планах у кіраўніцтва лядовай арэны яшчэ шмат думак і ідэй, каб зрабіць жыццё гараджан цікавейшым і ярчэйшым, ну а там і новыя чэмпіёны з'явяцца.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ад хакея да навагодніх ранішнікаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».