Вы тут

Як выкараняюць незаконны гандаль піратэхнікай


Навагоднія святы — адна з самых яркіх падзей на працягу года. Ужо з пачатку снежня самыя актыўныя «веселуны» пачынаюць узрываць рознакаляровыя феерверкі і шумныя петарды ў гонар надыходзячай урачыстасці. Прычым у большасці выпадкаў піратэхніку набываюць з рук. Яе якасць часцей за ўсё далёкая ад належнага, так што наступствы такой «забавы» могуць быць у дрэнным сэнсе самымі непрадказальнымі. Супрацоўнікі міліцыі нароўні са спецыялістамі з МНС робяць усё магчымае, каб звесці колькасць небяспечных сітуацый да мінімуму.


Кожны дзень дзяжурныя міліцыянеры з усіх раёнаў сталіцы праводзяць рэйды па месцах незаконнага гандлю піратэхнікай. Работа разгарнулася ў пачатку снежня і будзе доўжыцца да канца зімы, яна праходзіць без выхадных. Раніцай аднаго з будных дзён напярэдадні Новага года адпраўляемся разам з участковым і супрацоўнікам патрульна-паставой службы на праверку аднаго з найбуйнейшых рынкаў сталіцы.

На здзіўленне, нягледзячы на ранні час, пустым кірмаш не назавеш. Хтосьці закупляе прысмакі да святочнага стала, хтосьці — выбірае незвычайныя падарункі. А вось адшукаць піратэхніку не так і проста. Навучаныя горкім вопытам гора-прадаўцы не рызыкуюць выстаўляць напаказ усю разнастайнасць феерверкаў. У якасці прынады выкарыстоўваюць хлапушкі і бенгальскія агні і толькі ў ходзе размовы вызначаюць, каму з пакупнікоў можна прапанаваць «што-небудзь цікавейшае».

Падчас рэйду трымаемся на адлегласці адно ад аднаго. Занадта вялікі натоўп можа прыцягнуць увагу і спудзіць няўдачлівага прадпрымальніка. Часцей за ўсё свой тавар яны хаваюць пад прылаўкам, прыкрываючыся нявіннымі цацкамі. Калі супрацоўніку міліцыі ўдаецца «згандлявацца», замест грошай ён дастае службовае пасведчанне. Увесь тавар канфіскуецца і ў далейшым знішчаецца, а парушальніку пагражае штраф у адпаведнасці з артыкулам 12.17 «Парушэнне правілаў гандлю і аказання паслуг насельніцтву» і артыкулам 23.48 «Парушэнне правілаў абыходжання з агнястрэльнай зброяй, выбухованебяспечнымі, лёгкаўзгаральнымі, едкімі рэчывамі або піратэхнічнымі вырабамі» Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Значную долю «аўдыторыі» складаюць школьнікі, якіх цікавяць не дарагія маштабныя феерверки, а найпрасцейшыя, але ад гэтага не менш небяспечныя петарды. Іх яны часцей за ўсё набываюць на раённых міні-рынках ці ў пераходах метро, дзе ў перадсвяточны перыяд гандаль спрабуе разгарнуцца асабліва бурна. Усе «пункты» добра вядомыя супрацоўнікам міліцыі і знаходзяцца на асаблівым кантролі. Супадзенне ці не, але, пакуль мы пераязджаем з аднаго рынку на іншы, па радыё перадаюць інфармацыю пра загінулых падчас выбуху піратэхнікі на кірмашы ў Мексіцы. Атрымліваецца, што праблема носіць агульнасусветны характар.

За дзень рэйду дзяжурныя паспяваюць наведаць некалькі галоўных «ачагоў правапарушэнняў». Найбольш эфектыўна работа ідзе ў будныя дні ўвечары ў месцах дробнага гандлю і ў выхадныя днём на буйных рынках.

Як адзначыла афіцыйны прадстаўнік Фрунзенскага РУУС г. Мінска Наталля АСКІРКА, летась за перыяд з 1 снежня па 1 сакавіка было канфіскавана 10 тысяч адзінак піратэхнікі. За адзінку ў роўнай ступені лічыцца як адна петарда, так і велізарны феерверк, нават калі ён складаецца з некалькіх частак, але прадаецца разам. Сёлета толькі да канца снежня лічба склала ўжо 54 тысячы адзінак. Гэта сведчыць як аб павелічэнні агульнай колькасці прадаўцоў, так і аб паляпшэнні эфектыўнасці дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі.

Самая буйная партыя піратэхнікі была затрымана ў 2014 годзе і склала 4 тысячы адзінак. Малады чалавек усё гэта «багацце» захоўваў у жылой кватэры і распаўсюджваў свой тавар праз сацыяльныя сеткі. У гэтым годзе аднаго «ўпартага» штрафавалі ўжо 4 разы, у агульнай складанасці канфіскавалі 500 адзінак піратэхнікі. Часам за сезон колькасць складзеных на аднаго чалавека пратаколаў можа даходзіць і да 15.

Нельга забываць, што пакаранне пагражае не толькі нядобрасумленным прадаўцам, але і ўсім аматарам піратэхнічных сродкаў, якія не маюць адпаведнага дазволу. Нават калі вы хочаце падарваць адназалпавы салют, вы абавязаны прад'явіць дакументы з яго характарыстыкамі ў МНС, супрацоўнікі якога ў сваю чаргу паведамяць аб гэтым органам унутраных спраў. Калі піратэхнічны сродак адпавядае дзяржаўным стандартам, вам дадуць дазвол на яго выкарыстанне, а таксама растлумачаць, як правільна з ім абыходзіцца, у прыватнасці, на якой адлегласці ад збудаванняў падрываць.

Нават калі вы плануеце выкарыстаць феерверк на сваім прыватным участку, пра гэта варта паведаміць у МНС, бо могуць пацярпець суседнія пабудовы.

Падобныя забавы без адпаведнага дазволу прыраўноўваюцца да дробнага хуліганства (артыкул 17.1. Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях) і цягнуць за сабой накладанне штрафу ў памеры ад дзвюх да трыццаці базавых велічынь. Калі ж за падобнымі заняткамі заспелі непаўналетняга, то на бацькоў будзе таксама складзены пратакол аб яго неналежным выхаванні.

Летась 12 чалавек у раёне былі пакараныя за небяспечныя забавы, у гэтым годзе — ужо 25. Акрамя таго, у тым сезоне двое чалавек пацярпелі ад сваіх уласных жартаў, атрымаўшы апёкі рознай ступені цяжкасці. Дарэчы, у навагоднюю ноч амаль кожны другі зварот у міліцыю звязаны з выбухам піратэхнікі. Магчыма, усё ж такі варта атрымаць асалоду ад цяпла дамашняга ачага, бляску вачэй блізкіх і іскрыстых усмешак, а маляўнічыя выбухі пакінуць прафесійным піратэхнікам.

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: «Выбухны» настрой

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.