Вы тут

За што могуць пакараць веласіпедыста?


Да нас у рэдакцыю прыйшоў ліст ад жыхара вёскі Шчорсы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці Карачана Т.В. Мужчына быў аштрафаваны супрацоўнікам ДПС за тое, што ў светлы час сутак перамяшчаўся на веласіпедзе без катафотаў. Такі вынік выклікаў у пенсіянера сумненні ў правамернасці дзеянняў інспектара. Мы вырашылі высветліць, ці заслужана мужчына панёс пакаранне і наогул пра якія правілы дарожнага руху не павінны забываць веласіпедысты.


Як патлумачыла старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе АДАІ Кастрычніцкага раёна г. Мінска Вікторыя ЦАРУК, супрацоўнік ДПС дзейнічаў у межах закона. Згодна з пунктам 200, главой 26 «Асноўныя палажэнні аб допуску транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху, іх тэхнічны стан, абсталяванне» Правілаў дарожнага руху Рэспублікі Беларусь: «Веласіпед павінен мець спраўныя тармазную сістэму, рулявое кіраванне і гукавы сігнал, быць абсталяваны люстэркам задняга віду, спераду святлоадбівальнікам белага колеру, ззаду — святлоадбівальнікам (святлоадбівальнікамі) чырвонага колеру, а з кожнага боку — святлоадбівальнікамі аранжавага колеру» (гэта і ёсць катафоты). Гэтыя правілы абавязковыя для выканання незалежна ад часу сутак.

Дарэчы, грэбаванне гэтым пунктам часцей за ўсё адбываецца з-за няведання. Акрамя таго, многія веласіпедысты не ведаюць, што правіламі забаронена рухацца, не трымаючыся за руль і не трымаючы ногі на педалях, перамяшчацца па дарозе ва ўмовах снегападу і галалёдзіцы, а таксама перавозіць пасажыраў, за выключэннем дзяцей ва ўзросце да сямі гадоў, на дадатковым, спецыяльна абсталяваным, сядзенні.

Сярод найбольш распаўсюджаных парушэнняў — няправільнае перасячэнне праезнай часткі дарогі. Веласіпедыст у абавязковым парадку павінен спешыцца на пешаходным пераходзе. Акрамя таго, многія забываюць, што рухацца варта па веласіпеднай дарожцы, а пры яе адсутнасці — па абочыне, тратуары або пешаходнай дарожцы, не ствараючы перашкоды для бяспечнага руху пешаходаў. Толькі пры адсутнасці названых элементаў дарогі ці немагчымасці перамяшчацца па іх дапускаецца рух веласіпедыстаў па праезнай частцы дарогі ў адзін рад не далей за 1 метр ад яе правага краю. Жаданне развіць высокую хуткасць прымушае неадказных веласіпедыстаў выязджаць на праезную частку дарогі, што, акрамя выключных выпадкаў, правіламі забаронена.

Артыкул 18.23 Адміністрацыйнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры ад адной да трох базавых велічынь за парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе веласіпедам. Калі парушэнні пацягнулі за сабой стварэнне аварыйнай сітуацыі, памер штрафу складзе ад 3 да 8 базавых велічынь, у выпадку нанясення пацярпеламу лёгкага цялеснага пашкоджання або пашкоджання маёмасці, а таксама пакідання месца дарожна-транспартнага здарэння штраф павялічваецца да пяці—дваццаці базавых велічынь.

Усяго за 11 месяцаў 2016 года на тэрыторыі горада Мінска адбылося 24 наезды на веласіпедыстаў. У мінулым годзе за аналагічны перыяд было зарэгістравана 27 падобных выпадкаў. У выніку ДТЗ сёлета 1 чалавек загінуў і 23 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Перад тым, як выкарыстоўваць веласіпед у якасці транспартнага сродку,трэба абавязкова вывучыць Правілы дарожнага руху, звязаныя з яго выкарыстаннем, бо больш чым у 50% выпадкаў аварыі адбыліся па віне веласіпедыстаў.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Не «дакаціцца» да штрафу

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.