Вы тут

Набалелыя пытанні інтэграцыі могуць вырашыць дэпутаты і сенатары


Праблемы рэгіянальнага супрацоўніцтва, сітуацыя на беларуска-расійскай мяжы, выказванні ў адрас нашай краіны ў расійскіх мас-медыя — гэтыя і іншыя балючыя пытанні падняў Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, у сваім выступленні падчас сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.


Згодна з інфармацыяй прэс-службы Палаты прадстаўнікоў, у сваім звароце да ўдзельнікаў пасяджэння спікер ніжняй палаты беларускага парламента адзначыў унёсак дэпутатаў у развіццё беларуска-расійскай інтэграцыі. У той жа час ён звярнуў увагу, што саюзныя парламентарыі павінны засяродзіцца ў першую чаргу на вырашэнні праблем, якія тармозяць інтэграцыю, лічыць старшыня Палаты прадстаўнікоў. У прыватнасці, па яго словах, умацаванню гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, стварэнню роўных умоў для суб'ектаў гаспадарання і рэалізацыі ўзгодненай прамысловай палітыкі не спрыяюць пратэкцыянісцкія рашэнні, якія супярэчаць заканадаўчай базе Саюзнай дзяржавы і Еўразійскага эканамічнага саюза.

Не адпавядае нашым інтарэсам і сітуацыя ў дачыненні да ЕАЭС, заявіў Уладзімір Андрэйчанка. Ён растлумачыў, што з моманту запуску гэтага інтэграцыйнага праекта не было прынята ні аднаго сур'ёзнага эканамічнага рашэння. Не можа не выклікаць заклапочанасці перыядычнае ўзнікненне пытанняў з доступам на расійскі рынак беларускай прадукцыі. Так і засталося на паперы рашэнне, прынятае ў рамках Саюзнай дзяржавы, аб роўнадаходных цэнах на газ для беларускіх і расійскіх суб'ектаў гаспадарання.

Спікер Палаты прадстаўнікоў таксама раскрытыкаваў сітуацыю, якая склалася на беларуска-расійскай мяжы. «З 2004 года мы паспяхова ўжывалі адзіную міграцыйную карту, якую замежнікі атрымлівалі пры ўездзе ў Саюзную дзяржаву і прад'яўлялі пры выездзе, а цяпер раптам усё гэта стала немагчымым. Прычым зроблена гэта было без усялякіх кансультацый і папярэдніх паведамленняў», — звярнуў увагу Уладзімір Андрэйчанка.

Характарызуючы тон выказванняў у адрас Беларусі і беларускай мовы ў расійскіх сродках масавай інфармацыі, старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што практыка навешвання русафобскіх ярлыкоў на беларусаў не адпавядае саюзніцкаму духу беларуска-расійскіх адносін.

Спікер ніжняй палаты нагадаў удзельнікам пасяджэння, што ў 2017 годзе споўніцца 20 гадоў з даты падпісання Дамовы аб Саюзе Беларусі і Расіі. «Гэта гістарычнае рашэнне было прынята не толькі і не столькі палітыкамі. Яно было прынята двума нашымі брацкімі народамі, якія ясна выказалі сваю волю — будаваць новыя незалежныя — расійскую і беларускую — дзяржавы ў цесным, братнім саюзе, абараняючы, дапамагаючы і падтрымліваючы адзін аднаго», — падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка.

Зрабіўшы свой выбар на карысць стратэгічнага саюза з Расіяй, Беларусь заўсёды заставалася яму вернай, як заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў. Ён звярнуў увагу, што Беларусь — адзіны саюзнік Расіі, які стварыў аб'яднаную групоўку войскаў для абароны нашых народаў, адзіная з краін свету, якая прызнала рускую мову адной з дзяржаўных, адзіная еўрапейская дзяржава, якая не далучылася да варожых Расіі блокаў і кааліцый, адзіная з рэспублік былога СССР, якая адкрыта паставіла ўсебаковую інтэграцыю з Расіяй у цэнтр сваёй сацыяльна-эканамічнай палітыкі.

У канцы сваёй прамовы Уладзімір Андрэйчанка заклікаў беларускіх і расійскіх парламентарыяў дзейнічаць энергічна і салідарна ў пошуку вырашэнняў наспелых пытанняў і выказаў перакананасць, што створаныя механізмы супрацоўніцтва Беларусі і Расіі павінны дзейнічаць насуперак крызісам, нават калі задачы, якія даводзіцца вырашаць, падаюцца вельмі няпростымі.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Каб перамаглі агульныя інтарэсы...

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.