Вы тут

Чытачка: «Звязда» — гэта газета для інтэлектуалаў


Я пастаянная чытачка «Звязды». Сябрую з вашым выданнем ужо гадоў 40. А знаёмства з газетай адбылося яшчэ ў дзяцінстве.


Мой бацька Уладзімір Якаўлевіч у 60-х гадах працаваў уласным карэспандэнтам брэсцкай абласной газеты «Зара» па Баранавіцкім, як тады назвалі, кусце. Зрэшты, мы яго рэдка бачылі: пастаянныя раз'езды, камандзіроўкі. То ён прападаў на жніве, то на пасяўной, то на розных мерапрыемствах, то на сустрэчах. Дома ў яго кабінеце стаяла пішучая машынка, за якой ён праводзіў шмат часу. Працаваў пераважна ноччу. Аднойчы мы з сястрой прабраліся на яго рабочае месца і дапісалі артыкул. За што атрымалі папругай па мяккім месцы. Але навука не пайшла на карысць. Нас так і цягнула да яго стала. Вельмі ж было цікава пагартаць газеты, што ляжалі там роўным стосам. Сярод іх была і «Звязда». Бацька па нацыянальнасці рускі, але цудоўна чытаў і на беларускай мове. У тыя часы, мяркую, газета патрэбна была яму перш за ўсё для работы, бо менавіта тут друкавалі пастановы, партыйныя дакументы, афіцыйныя матэрыялы. А я любіла чытаць вершы, нарысы, фельетоны, хоць мала што ў іх разумела. Так і навучылася мове, якая стала для мяне роднай.

Мне падабаецца, што мая і ваша газета выходзіць на беларускай мове. Вядома, што нават многія «раёнкі» перайшлі на рускую мову. Хаця павінны перш за ўсё рэкламаваць сваё, айчыннае. Люблю чытаць пра людзей, анекдоты, розныя рэцэпты. Але асабліва падабаюцца артыкулы на тэму культуры: пра розныя музеі, выставы. Бадай, толькі «Звязда» можа так цёпла, з замілаваннем расказаць пра чалавека, паказаць яго захапленні і ўнутраны свет.

Лічу, што «Звязда» — гэта газета для інтэлектуалаў. Знойдуць тут нешта цікавае для сябе людзі розных узростаў. Таму хацелася б сказаць усім чытачам і прыхільнікам газеты: любіце, шануйце сваё беларускае слова!

Ала Казлова, г. Баранавічы

Загаловак у газеце: Газета для інтэлектуалаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.