Вы тут

У Пухавіцкім раёне плануюць будаваць фермы і мяняць тэхналогіі


Год таму Пухавіцкі раён, што на Міншчыне, узначаліў Сяргей Ленкавец. Сем гадоў Сяргей Дзмітрыевіч працаваў старшынёй Бярэзінскага райвыканкама, дзе за гэты час шмат зроблена, каб рэгіён дастойна выглядаў на фоне іншых. Цяпер, атрымліваецца, трэба пачынаць усё па новай: па многіх паказчыках Пухавіцкі раён, мякка кажучы, не з лепшых у Мінскай вобласці... І гутарку мы пачалі з самых вострых праблем, якія паўсталі перад новым кіраўніком раёна.


— Пухавіцкі раён вялікі па плошчы, ды і пражывае тут 66 тысяч чалавек, — расказвае Сяргей Ленкавец. — 50% тэрыторыі займае лес, яшчэ столькі ж — землі сельскагаспадарчага прызначэння. Але, не крывячы душой, скажу, што ў раёне вельмі слабая сельская гаспадарка, жывёлагадоўчая галіна. За апошні год удалося крыху паправіць сітуацыю. Па вытворчасці малака раён займаў перадапошняе месца сярод 22 раёнаў вобласці. На сённяшні дзень падняўся на 17-18 пазіцыю. Аднак за год пераламаць сітуацыю ў жывёлагадоўлі немагчыма, для таго каб дасягнуць пэўных паказчыкаў, трэба папрацаваць 2-3 гады. Таму сёння вялікая ўвага ўдзяляецца рэканструкцыі і ўзвядзенню новых жывёлагадоўчых памяшканняў, дзе ствараюцца камфортныя ўмовы для ўтрымання статка. Сёлета ўвялі ў дзеянне 10 клюшачнікаў на 3 тыс. пагалоўя. У 2017-м плануем таксама будаваць фермы, мяняць тэхналогіі.

Летась у некаторых гаспадарках кармоў хапіла толькі да новага года. Давялося іх купляць і завозіць з усёй Мінскай вобласці. А гэта, безумоўна, вялікія затраты. Сёлета ўзведзена 13 сянажных траншэй, дзе можна захоўваць 30—35 тыс. тон травяных кармоў. Іх нарыхтавалі ў дастатковай колькасці, хопіць на зімова-стойлавы перыяд, а частка пяройдзе на лета. На сённяшні дзень ставіцца задача самым сур'ёзным чынам з кожным месяцам павялічваць колькасць буйной рагатай жывёлы, як маладняку, так і дойнага статку, паколькі шчыльнасць пагалоўяў на 100 гектараў зямлі ў Пухавіцкім раёне нізкая.

У раслінаводстве прыярытэт па-ранейшым мяркуем аддаваць рапсу, як адной з рэнтабельных культур.

— Сяргей Дзмітрыевіч, развіццё любога раёна залежыць ад стварэння новых вытворчасцяў, прыцягнення інвестыцый...

— У Пухавіцкім раёне рэалізуецца праект па стварэнні Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай кампаніі коштам каля мільярда долараў ЗША. Наконт гэтага падпісаны Указ кіраўніка дзяржавы, адведзены зямельны ўчастак у 160 гектараў для будаўніцтва. Тут плануецца стварыць 1500 рабочых месцаў. Гэта першае такое прадпрыемства не толькі ў Мінскай вобласці, але і ў краіне. Ёсць напрацоўкі па прыцягненні іншых інвестараў. У прыватнасці, для будаўніцтва завода па вытворчасці мінеральных угнаенняў. Прыцягальнасць раёна ў тым, што ён блізка ад Мінска, тут добрая лагістыка, транспартныя шляхі — чыгунка, аўтатраса.

— Эфектыўная эканоміка, значыць, і сацыяльная сфера на ўзроўні...

— У раённым цэнтры і ў пасёлках Праўдзінскі, Свіслач, Рудзенск і Дружны, дзе сканцэнтравана асноўная маса людзей, трэба стварыць усе ўмовы для нармальнай жыццядзейнасці. Усяго ж у раёне 313 населеных пунктаў, у тым ліку і маленькія вёскі. У некаторых з іх засталося ўсяго па некалькі чалавек. Але гэта нашы людзі, якія павінны атрымліваць медыцынскія паслугі, мець магчымасць набыць прадукты харчавання і тавары першай неабходнасці, незалежна ад таго, дзе і колькі іх пражывае.

Сёлета значную ўвагу ўдзялялі сацыяльнай сферы: медыцыне, адукацыі, культуры. Правялі рамонт Свіслацкай участковай бальніцы, цалкам уладкавалі аддзяленне. Нармальныя ўмовы для пацыентаў створаны і ў раённай цэнтральнай бальніцы пасля адпаведнага рамонту. Прывялі ў парадак дамы культуры ў пасёлках Свіслач, Рудзенск, Дружны, а таксама ў раённым Цэнтры культуры ў Мар'інай Горцы. У належны стан прывялі Пярэжырскую, Дружненскую школы, дзе вучыцца больш як тысяча чалавек. Зроблена шмат, але наперадзе яшчэ большыя планы.

Карацей, ёсць і станоўчыя моманты, ёсць і адмоўныя, над якімі трэба працаваць.

— Якія думкі пераважалі, калі давялося пераязджаць на новае месца працы?

— Не такое яно і новае. Раней я працаваў у Пухавіцкім раёне, а менавіта ў калгасе «Свіслач» (цяпер ААТ «Голацк») тры гады галоўным заатэхнікам, адзінаццаць — кіраўніком. У мяне тут заставалася жыллё. Так што пераезд прайшоў лёгка. А жонка нават сказала: калі вярнуліся назад, то я ўжо нікуды больш не паеду (смяецца).

Палохалі ці не тыя праблемы, з якімі давядзецца сутыкнуцца? Цяжка сказаць. Хутчэй, не, не такія мае гады, каб палохацца.

— Неяк не прынята ў служывых людзей распытваць пра сям'ю, дзяцей. А ў вас яны ўжо дарослыя?

— Ды і я сам яшчэ не такі стары — 44 гады (усміхаецца). Сын заканчвае Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, дачка ў восьмым класе.

— Якім бачыце горад у перспектыве?

— Ставім задачу, каб Мар'іна Горка была на найвышэйшым узроўні. А для гэтага трэба сур'ёзна працаваць. Напрыклад, нам патрэбны фізкультурна-аздараўленчы комплекс з плавальным басейнам, сацыяльныя аб'екты.

— Дзякуй за шчырасць. Поспехаў вам.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Не баяцца цяжкасцяў

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».