Вы тут

Ганна Атрошчанка. Дзядулева казачка


Іванка ніяк не засынае. Заклапочаны дзядуля імкнецца закалыхаць свайго маленькага ўнука, але нічога з гэтага не атрымліваецца. Мужчына ўжо нават крыху сярдуе. І на сябе, няўмеку, які не мае патрэбнага вопыту ў выхаванні, і на жонку. Як на тое, яна сёння паехала на дачу грады палоць, паліваць...

Пяцігадовы хлопчык нібыта чагосьці ад яго чакае. Заўважыўшы, што дзед ужо нечым незадаволены, ціхенька шэпча яму ў самае вуха:

— Раскажы мне, калі ласка, казачку. Цікавую, каб спадабалася. Вось тады хуценька і засну. Абяцаю. Бабулька так заўсёды робіць. Таму адразу закрываю свае вочкі, моцна сплю.

— А што ты хочаш пачуць?— заклапочана пытаецца дзядуля.

І адразу чырванее. Нечакана нават бянтэжыцца. Бо сорамна прызнацца малому, што казак ён зусім не ведае. У свой час гадаваўся ў дзіцячым доме. Там ніхто яму казак не чытаў. Ніколі!

Калі шчыра, і ў кніжкі амаль не зазірае, бо заўсёды няма часу. Яшчэ ж працуе на заводзе токарам. Пра сваю рабочую прафесію мог бы расказваць бясконца. І з заплюшчанымі вачыма, калі трэба, тачыць патрэбныя дэталі. А чытае ён толькі газеты.

Крышачку падумаў і ўспомніў, што на паліцы знаходзіцца кніжка з народнымі беларускімі казкамі. Усміхнуўся весела і кажа:

— Пачакай, унучак, зараз вазьму вось тую кніжку, нешта пачытаю табе. І пра што хочаш ты пачуць?

— Выбірай, дзядулька, любую казачку. Мне ўсё цікава будзе слухаць.

— Вось старонка пад нумарам восем. Тут пішуць пра беларускую міфалогію. І размова ідзе пра Мароза. Называюць яго яшчэ людзі Ледзяным дзедам. У старога з сінім носам няма вусоў і барады. Замест іх — адны ледзяшы вісяць. І такія вялізныя, аж да самай зямлі. Галава ў старога сівая, заўсёды пакрытая інеем. Узімку Мароз старанна будуе масты цераз рэкі, азёры, сажалкі і балоты. Ды імкнецца сябраваць з сонейкам, але баіцца яго. А чаму баіцца? Бо ў любы момант можа яго знішчыць цяплом. Вось і пра Зюзю нешта тут напісана. Прачытаць?

— Гэта хто такі? — зацікавіўся Іванка. — Чытай, уважліва слухаю.

— Аўтар тут паведамляе, што гэта — Бог зімы. Зюзя — стары, амаль такі, як наш сусед Хвядос. З белымі, быццам снег, валасамі і доўгай барадой. Толькі ён нізенькі, вельмі тоўсты. Апранаецца ў цёплую вопратку, але ж чамусьці заўсёды босы. І на галаве ў яго ніколі няма шапкі. А ў руцэ трымае жалезную булаву.

— А чаму ён босы? — пытаецца здзіўлены ўнучак.

— Дык ён жа Бог зімы! Холад, мароз, завея яму не страшныя. І нічога не баіцца.

— А булава яму навошта?

— Мусіць, каб шлях сабе пачысціць, вольна ўсюды хадзіць. Узімку, як ты добра ведаеш, мяцеліца замятае ўсе сцяжынкі і дарогі. У некаторых месцах з'яўляецца нават галалёд.

— А дзе ж жыве гэты Зюзя?

— Звычайна, мусіць, большую частку зімкі праводзіць у густым лесе. Але, як тут напісалі, вандруе часцяком і па вёсках. Для таго, каб папярэдзіць вясковых жыхароў аб завеі, ці для таго, каб некаму чымсьці дапамагчы. Як бачна, самы найлепшы ласунак для Зюзі — куцця, якую старанныя гаспадыні гатавалі перад Новым годам. Для таго, каб задобрыць Бога зімы, адкладвалі гэтую кашу ў асобную талерачку на ўсю ноч...

Іванка, салодка пазяхаючы, амаль ужо сонны, кажа:

— Дзедка, звары мне заўтра такую куццю. І цукру туды дадай, каб атрымалася салодкая.

— Абавязкова, унучак. А цяпер — хуценька заплюшчвай вочкі і засынай. Няхай табе сняцца толькі прыемныя сны.

Ганна АТРОШЧАНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?