Вы тут

Масажыст Леанід Чурылаў: У нас вельмі шмат недагладжаных людзей


З Леанідам Юр'евічам я пазнаёмілася на курсах «Асновы класічнага масажу» ў адукацыйным цэнтры «Новае заўтра». Яшчэ на першым занятку выкладчык расказаў, што за сваё жыццё паспеў папрацаваць і дзіцячым масажыстам, і спартыўным, і з цэлюлітам жанчынам дапамагаў змагацца. Але пра тое, што віртуозна «іграць» на целе пацыентаў яму дапамагае музыка, даведалася, толькі калі трапіла да яго ў госці.


«Каб зразумець чалавека, сямі хвілін мала»

— Леанід Юр'евіч, вы, аказваецца, не толькі на целах людзей «іграеце», але і на сінтэзатары?

— Так (усміхаецца). Займаюся такімі жанрамі, як эмбіент, нойз і канкрэтная музыка. Раблю першыя крокі ў нейраакустыцы. Гэтая навука, якая вывучае аспекты ўплыву гуку на чалавека, актыўна прымяняецца ў цялеснай тэрапіі. Музыка мне вельмі дапамагае ў масажы. Для кожнага з пацыентаў, думаючы пра яго праблемы, я магу напісаць гукавую інсталяцыю. І рабіць пад яе масаж. Музыка дапамагае расслабіцца, прычым не толькі кліенту, але і мне.

— Як знайсці добрага масажыста, адрозніць прафесіянала ад дылетанта?

— Мне прасцей сказаць, як не нарвацца на дрэннага.

Калі, умоўна кажучы, напісана, што ў медцэнтры працуе масажыст, які валодае 18 тэхнікамі, адразу ж пытайцеся, а якімі з іх ён карыстаецца на практыцы. І як часта? Лічу, што ў кожнага масажыста павінна быць вузкая спецыялізацыя.

Некаторыя думаюць: чым больш заплачу, тым лепшы эфект. Але часам кошт залежыць ад амбіцый дырэктара і прыгажосці сцен салона. Там могуць быць залатыя ўнітазы і разам з тым зусім слабы масажыст. Я прыхільнік: лепш прасцей, але больш якасна. Як выбраць сабе масажыста? Схадзіце адзін раз на масаж. Калі адчулі душэўны дыскамфорт — значыць, гэта не ваш спецыяліст.

— Наколькі я разумею, масаж трэба рабіць курсам? А аднаразовая працэдура не мае сэнсу?

— Ніхто вам не забароніць хадзіць на масаж раз у паўгода. Але ці будзе гэта для вас карысна, эфектыўна? Вы ж не п'яце за адзін раз дзве жмені антыбіётыкаў. Рэальна вырашыць праблему можа толькі вызначаны алгарытм. Калі адзін раз прыйшлі, то вы як бы толькі адчынілі дзверы ў аптэку і тут жа зачынілі іх. Ёсць у гэтым сэнс? Не. Вам трэба прайсці поўны курс. Пры гэтым памятайце, што тэрапеўтычны эфект ад масажу праяўляецца толькі праз 6 месяцаў.

— Атрымліваецца, што масаж — гэта ўсё ж такі лячэбная працэдура, а не спосаб атрымаць задавальненне?

— Ёсць розныя віды масажу. Але што тычыцца класічнага — гэта ў першую чаргу лячэнне. Масаж дапамагае спыніцца, расслабіцца, «абнуліцца» і звярнуцца да сябе. Ён вяртае чалавека ў дзяцінства — наперад да поспеху... Каб арганізм успомніў, якім ён быў да таго, як на яго пачаў уплываць соцыум.

— Леанід Юр'евіч, у свой час вы, фельчар-акушэр па адукацыі, пайшлі атрымліваць вышэйшую псіхалагічную адукацыю. Чаму?

— Ніколі не забудуся свой першы працоўны дзень у вясковым фельшарска-акушэрскім пункце. «Прыехаў новы доктар», — гудзела чарга. Усе мясцовыя жыхары прыйшлі паглядзець на мяне. Першай зайшла самая смелая бабуля. Я прапісаў ёй тыя ж самыя таблеткі, што і былы доктар. Яна іх цудоўна ведала: «белыя маленькія і зялёныя вялікія». Калі бабуля выйшла з кабінета, аднавяскоўцы хорам запыталіся: «Ну як?»«Харошы доктар». — «Праўда? А чаму?»«Выслухаў». Менавіта тады я ў чарговы раз пераканаўся, што медыцына і псіхалогія цесна ўзаемазвязаныя. І прыняў рашэнне паступаць на факультэт псіхалогіі Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага ўніверсітэта. Паралельна скончыў свае першыя курсы па масажы.

— Як даўно працуеце масажыстам? І чаму менавіта гэты накірунак выбралі?

— Займаюся цялеснай тэрапіяй больш як 15 гадоў. Я перфекцыяніст па натуры, таму мне складана працаваць у камандзе. Менавіта масаж мне дазволіў быць аднаму і не выкарыстоўваць лекі. А таксама траціць на аднаго пацыента не 5—7 хвілін, як у паліклініках, а ад гадзіны і больш. Кожны чалавек — гэта раман. Каб яго зразумець, 5—7 хвілін мала.

«Галоўнае правіла — не нашкодзь... сабе»

(Да Леаніда Юр'евіча падбег кот і пачаў перабіраць мяккімі лапкамі па яго плячах.)

— Знаёмцеся, гэта Жора — мой масажны кот.

— А ці ёсць у вас свой уласны масажыст?

— Шукаю. Шкада, што сам сабе не магу зрабіць масаж (смяецца).

— Вы не толькі робіце масаж, але і перадаяце сваё майстэрства іншым. Навошта людзі прыходзяць на курсы?

— Большасць плануюць рабіць масаж спачатку дома — свайму мужу ці жонцы, дзецям. А ўжо потым, калі атрымаецца, ператварыць свой навык у дадатковы заробак. Некаторыя прыходзяць з цвёрдай мэтай змяніць прафесію, якая не падабаецца.

— Ці падтрымліваеце вы стасункі са сваімі вучнямі? Як склаўся іх лёс?

— Тыя, хто захацеў, працуюць. Але самае галоўнае, што ніхто з маіх вучняў не ўмудрыўся пашкодзіць кісці, зарабіць радыкуліт. Яшчэ ў пачатку сваёй кар'еры я рабіў масаж дзеткам у санаторыі. Калі за першыя тры месяцы пашкодзіў правую кісць, зразумеў, што, напэўна, раблю штосьці не так. Менавіта таму цяпер на сваіх занятках заўсёды паўтараю: «Галоўнае правіла масажыста — не нашкодзь! Перш за ўсё сабе». У масажы вельмі важна палажэнне цела, рук. На курсах, якія я заканчваў, на гэтым ніхто не акцэнтаваў увагу. Ведаю шмат спецыялістаў па масажы, якія пакалечылі сябе. А як ты можаш дапамагчы чалавеку, калі сам сядзіш на абязбольваючых?

— А як вы ставіцеся да самамасажу?

— Калі самамасаж разглядаць як пагладжванне, то чаму і не? Па галаве, па назе — дзе вам падабаецца. Сябе трэба любіць і гладзіць. Калі я прыйшоў пасля паліклінікі працаваць у SРА-цэнтр, зразумеў, што ў нас шмат недагладжаных людзей. Яны гатовыя заплаціць любыя грошы, каб на іх намазалі гразь, шакалад, водарасці, проста пагладзілі. Асабіста ж для мяне найлепшы самамасаж — гэта медытацыя, добрая кніга, прагулка з прыемным суразмоўцам у парку...

«Калі не пытаюцца дыягназ — бяжыце!»

— Забарона масажу з чым звязана, з супрацьпаказаннямі?

— У тым ліку. Масаж нельга рабіць анкахворым, пры варыкозе і г.д. Супрацьпаказанні павінен ведаць кожны масажыст. Таму калі ў вас не пытаюцца дыягназ — бяжыце.

Ёсць выпадкі, калі чалавек, які прыйшоў на масаж, нават не здагадваецца пра сваё захворванне. Скардзіцца, напрыклад, на боль у спіне, але ж яна можа балець па тысячы прычынах. Я ў такіх выпадках адпраўляю да спецыяліста, прашу зрабіць МРТ, бо 99% поспеху любога лячэння залежыць ад своечасова і правільна праведзенай дыягностыкі.

— Нядаўна на адным з форумаў маладая мама прасіла парады. Маўляў, усім немаўлятам ва ўзросце да аднаго года рэкамендуюць рабіць масаж. Дык муж адпраўляе яе на курсы, каб сэканоміць грошы на масажысце...

— Гэта чарговы міф, што ўсім пагалоўна патрэбны масаж. Не ўсім. У масажы заўсёды павінна быць пэўная патрэба, якую масажыст можа вырашыць. Што ён можа вырашыць у здаровага немаўляці, калі ў яго няма праблем наогул? Гэта праблемы ў мамы, бо яна адкрыла Фэйсбук, а там нехта рэкамендуе. Атрымліваецца палка з двума канцамі. З аднаго боку, я вам казаў, што масажыст вяртае людзей назад — у тое натуральнае становішча цела, на якое яшчэ не ўплываў соцыум. З іншага — нехта раіць рабіць масаж усім немаўлятам без разбору. Да мяне на пробны занятак нядаўна прыйшла жанчына, якая выхоўвае дзіця з ДЦП. Яна таксама хоча навучыцца рабіць масаж, каб сэканоміць грошы...

— І што вы ёй параілі? Існуе меркаванне, што ў маці асобая сувязь з дзіцем, таму нават проста дотыкі могуць дапамагчы.

— Дотыкі — так, а масаж — не заўсёды. Уявіце, прыйшла да вас суседка, у якой дзіця з ДЦП, і кажа: «Зрабіце масаж, вы ж скончылі курсы». Вы б даверылі сабе гэта дзіця? Масаж дзецям з ДЦП павінен рабіць спецыяліст, а не мама, якая прайшла курсы класічнага масажу. Хоць з часам і яна можа стаць спецыялістам. Але для гэтага адных толькі курсаў недастаткова, трэба назіраць за тым, як масажыст робіць масаж дзіцяці, шмат чытаць, у тым ліку медыцынскую літаратуру.

— Ці праўда, што масаж можа дапамагчы пазбавіцца ад лішніх кілаграмаў? І наколькі эфектыўныя антыцэлюлітныя крэмы ды скрабы?..

— Пры антыцэлюлітным масажы эфект дасягаецца закошт нармалізацыі крыві і лімфатоку. Ніякі цудадзейны крэм не зможа прайсці праз базальны пласт і не ліквідуе цэлюліт.

Але, часцей за ўсё, жанчыны самі прыдумваюць сабе праблемы. Нездарма, у нашым прафесійным асяродку ёсць такое паняцце: цэлюліт — гэта міграцыя звілін на «пятую кропку». Асноўны абавязак кожнага масажыста — вярнуць іх назад. Я сутыкаўся з тым, што жанчына кажа: «У мяне ногі тлустыя, жывот не падабаецца». А пасля пачынаю кантактаваць з яе мужам, які слёзна просіць нічога не мяняць, бо яго ўсё ў ёй задавальняе.

— Але ж ёсць жанчыны, якія пры росце 165 сантыметраў важаць 120 кілаграмаў.

— Такім не масаж патрэбны, ім трэба вырашаць пытанне са сваім здароўем, фізічным і ментальным метабалізмам. Мяняць цалкам лад жыцця і харчовыя звычкі.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Транспарт вялiкага горада. Пра новыя маршруты, электробусы i трэцюю лiнiю метро

Транспарт вялiкага горада. Пра новыя маршруты, электробусы i трэцюю лiнiю метро

 У Мiнску цяпер працуе 199 маршрутаў аўтобусаў, восем — электробусаў, 89 — тралейбусаў, восем — трамваяў. 

Культура

​Як вывозілі каштоўнасці з музеяў БССР у канцы 1920-х — пачатку 1930-х гг.

​Як вывозілі каштоўнасці з музеяў БССР у канцы 1920-х — пачатку 1930-х гг.

Даследчыкі савецкай індустрыялізацыі традыцыйна бралі пад увагу дзве галоўныя крыніцы яе фінансавання — экспарт сыравіны і сельскагаспадарчай прадукцыі. 

Культура

Леў Клейнбарт. Чалавек, якi адкрыў для чытацкай публiкi Янку Купалу i Сяргея Ясенiна, нарадзiўся ў Капылi — у доме, якi захаваўся да нашых дзён

Леў Клейнбарт. Чалавек, якi адкрыў для чытацкай публiкi Янку Купалу i Сяргея Ясенiна, нарадзiўся ў Капылi — у доме, якi захаваўся да нашых дзён

У пачатку XX стагоддзя публiцыст, крытык i журналiст Леў Клейнбарт быў уплывовай асобай сярод творчай iнтэлiгенцыi Пецярбурга.

Эканоміка

Студэнцкі попыт на кошт арэнды жылля амаль не паўплываў

Студэнцкі попыт на кошт арэнды жылля амаль не паўплываў

Спецыялісты адзначаюць: добра яшчэ, што рынак выжыў.