Вы тут

Беларуска стварыла дабрачынны праект для падтрымкі хворых дзетак


Кацярына Каўрова ведае, што ўласная справа добрая тады, калі ты ведаеш кожнага свайго супрацоўніка, яго праблемы і патрэбы. Яны разам з мужам Уладзіславам займаюцца сацыяльным прадпрымальніцтвам — даюць працу і дапамагаюць людзям, залежным ад алкаголю. Акрамя гэтага, яны курыруюць грамадскае аб'яднанне «Здаровы выбар» і маюць сямейны цэнтр, які праводзіць розныя трэнінгі для ўсіх узростаў. Уласна дзеці Яна і Цімур натхняюць іх на тое, каб мяняць гэты свет у лепшы бок. Мы сустрэліся з Кацярынай і даведаліся, як усё паспяваць і пры гэтым кожны дзень рабіць добрую справу.


— Вы яшчэ студэнткай пачалі дапамагаць дзецям. Гэта неяк вызначыла ваш лёс?

— Калі мне было 20 гадоў, мы з мужам прыйшлі валанцёрамі ў Цэнтр даверу «Надзея і вылячэнне».

У той час я працавала ў інтэрнатах, калі ў дзіцячым доме №4 пазнаёмілася з хлопчыкам Цімурам. Яму тады было 12, і ён застаўся адзін — бацькі памерлі ад алкагалізму, а брат ад СНІДу. Ён так запаў у маё сэрца, што я паабяцала сабе: калі народзіцца сын, назаву яго Цімурам. Зараз таму хлопцу ўжо каля 30, і ўсё ў яго жыцці атрымалася. Спачатку ён быў будаўніком. А потым зрабіў над сабой неймаверныя намаганні і паступіў у медыцынскі каледж на зубнога тэхніка. Жонка ў яго — стаматолаг. Дачку я назвала таксама не выпадкова. З дзяўчынай Янай мы пазнаёміліся ў клубе для дзяўчат «Фламінга», які я ўзначальвала. Зараз яна падрасла і выхоўвае дваіх сваіх дзетак.

— З часам ваша валанцёрская дзейнасць перарасла ў сямейны цэнтр. Як адчуваеце сябе ў ролі кіраўніка?

— Мая прафесія — сямейны кансультант. Да таго ж я каардыную некалькіх праектаў, накіраваных на абарону правоў і інтарэсаў дзяцей, і пішу кнігі для ўсёй сям'і. Я ствараю ўмовы для развіцця дзяцей і дарослых, дапамагаю сям'і паглядзець на сябе збоку, убачыць свае моцныя рысы. Вучу паважаць, дараваць, разважаць, ставіць мэты — усё гэта дапамагае стаць шчаслівай і больш паспяхова рэалізаваць сябе. Мне заўсёды падабаецца бачыць, як праяўляюцца ў чалавека шчырыя эмоцыі, з'яўляецца ўпэўненасць ва ўласных сілах. Прыемна назіраць, як дзеці робяць свае маленькія адкрыцці і пазнаюць свет. Для мяне гэта магчымасць пастаянна вучыцца новаму, бо, размаўляючы з рознымі людзьмі, да кожнага трэба знайсці свой падыход.

Вядома, атрымліваю велізарнае задавальненне, калі мае ідэі і мары становяцца рэальнасцю і прыносяць карысць.

— Якія праграмы цэнтра вам найбольш падабаюцца?

— У нас няма ні адзінага праекта, у якім я не была бы ўпэўненая. Усё я прапускаю праз сябе, праз свой вопыт. Часам менавіта мае блізкія натхняюць мяне на новыя ідэі. Напрыклад, мы праводзім практыкум для сем'яў, якія рыхтуюцца да нараджэння другога дзіцяці. На ім абмяркоўваем асаблівасці праходжання паўторнай цяжарнасці, маміны пачуцці і адчуванні, перажыванні астатніх членаў сям'і. Ёсць у нас свая традыцыя — «Baby Shower». Гэта амерыканскі звычай ладзіць свята для будучай маці. На яго запрашаюцца сяброўкі і блізкія сваякі, каб праявіць асаблівы клопат і ўвагу да цяжарнай перад родамі. Для дзяцей мы праводзім творчыя майстэрні і заняткі для развіцця, а дарослым прапануем сустрэчы з псіхолагам, каб атрымаць адказы на пытанні, як наладзіць зносіны са сваімі сынамі і дочкамі, як рабіць разнастайным сваё жыццё ў дэкрэтным водпуску і на пенсіі.

Фо­та Над­зеі Бужан.

— Але ў вас яшчэ застаецца час і на сацыяльнае прадпрымальніцтва?

— Так, мы з мужам не так даўно адкрылі майстэрню ў Смалявічах — «Нашы майстры». Яна дапамагае людзям з залежнасцю ад алкагалізму. Перад тым, як займацца сацыяльным прадпрымальніцтвам, добра ўзважылі ўсе «за» і «супраць» працы з гэтай катэгорыяй. Ні адзін кіраўнік па ўласнай волі не возьме алкаголіка, таму што гэта праблема. Але мы дакладна ведаем, што для тых, хто хоча пазбавіцца ад залежнасці, павінны існаваць такія прадпрыемствы, як наша, дзе чалавек атрымае рэальную дапамогу. Але мне здаецца, што я пачала займацца сацыяльным прадпрымальніцтвам яшчэ да таго, як гэта паняцце стала папулярным. Я выхоўвалася ў сям'і, дзе была праблема алкагалізму. На той час не было псіхолагаў і сацыяльных службаў, якія маглі б мэтанакіравана і эфектыўна аказваць падтрымку дзецям, якія апынуліся ў такой складанай жыццёвай сітуацыі. Ужо тады я разумела, што трэба самастойна шукаць шляхі і магчымасці для таго, каб у жыцці ўсё склалася.

— Ад чаго людзі пачынаюць піць?

— У многіх гэта спадчыннае: і бабулі выпівалі, і мамы. Яны не чулі ў сваёй сям'і слоў «дзякуй», «калі ласка», «добрай раніцы». Дзіця гэта ўспрымае як норму. У нашым калектыве яны вучацца дзякаваць. Мы ўжо працуем год, і ёсць такая тэндэнцыя, што хлопцы, якія з намі пачыналі, пакідаюць майстэрню, успамінаюць сваю прафесію. І наша задача — выпускаць іх далей. Працоўны калектыў — гэта пэўныя нормы і правілы зносін. Для звычайнага чалавека гэта зразумелыя рэчы, але чалавек з залежнасцю прывык увесь час абыходзіць правілы...

Нам тэлефануюць мамы, жонкі залежных — вазьміце нашага сына! Але пакуль вы вырашаеце за яго, эфекту не будзе. Ён павінен сам захацець выбрацца з гэтай ямы. Мы запрашаем нашых патэнцыяльных супрацоўнікаў у майстэрню. Можна прыйсці, паглядзець, пагутарыць, але, на жаль, тут таксама ёсць свае рэсурсы, якія абмежаваны, — таму цяпер наша майстэрня можа прыняць толькі пяць чалавек. Яшчэ прыкладна столькі ж працуюць як валанцёры. Яны прыходзяць для таго, каб пабыць у калектыве. Летам у нас вокны адчыненыя, на падаконніках стаяць вырабленыя намі фігуркі, людзі спяваюць. Працоўны дзень — ім добра, таму што яны аднадумцы. Нехта зрабіў зайчыка, той трапіў праз два тыдні ў дзіцячыя рукі.

Чалавек займаецца сваёй справай з адчуваннем, што ён прыносіць некаму радасць. Гэта таксама псіхатэрапія.

— А куды трапляюць вашы вырабы?

— У нас ёсць праект «Скрынка смеласці». Я, як маці дваіх дзетак, не раз бывала ў бальніцы і разумею, што часам важныя не апельсіны, не цукеркі, а цікавасць, якая праб'ецца скрозь хваробу, і дзіця ўсміхнецца. Калі ў нас яшчэ не было прадпрыемства, я рабіла фігуркі сама. І дарыла сваім калегам. Калі мы прыходзілі ў палату і знаёміліся, я раздавала гэтыя фігуркі — і зносіны хутчэй наладжваліся, дзеці весялелі. Я знайшла бацькоў, якія таксама сутыкаліся з такой сітуацыяй, і зрабіла «Скрынку смеласці», адкуль дзеці маглі браць такія фігуркі. Людзі ахвяравалі сродкі, на гэтыя грошы мы куплялі матэрыялы. Спачатку акцыя з'явілася ў дзіцячым анкацэнтры ў Бараўлянах, потым — у кардыяхірургіі. Маленькім пацыентам пасля аперацыі на сэрцы нельга рухацца. Даеш ім фігурку — дзіця на дзве гадзіны занятае: распісвае яе, эмацыянальна рэагуе. Першага снежня, у дзень барацьбы са СНІДам, мы ездзілі ў Мазыр, і нашы «Скрынкі смеласці» спатрэбіліся ВІЧ-інфіцыраваным дзецям — у іх вельмі складанае лячэнне. А ў акцыі можа паўдзельнічаць кожны: часам мы стаім у буйных крамах. Вы можаце абмяняць нашу фігурку на фарбы — і мы іх пакладзём у «Скрынку смеласці».

Увогуле, я люблю людзей і прадукцыю, якую мы робім. Прыкладваю штодзённыя намаганні, каб яна была якаснай. Мы ўдзячныя кожнаму, хто нам дапамагае.

Надзея АНІСОВІЧ

anisovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Скрынка смеласці

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.