Вы тут

Створана кніга, якую дзеці з аслабленым зрокам чытаюць без літар


Апавяданне пра трусіка Масю па памеры сапернічае з тоўстым раманам. Між тым, у гэтай дзіцячай кнізе ўсяго чатыры старонкі з ілюстрацыямі. Майстрыхі пастараліся, каб маленькія чытачы маглі даведацца, чым скончылася вандроўка пад дажджом, і стварылі кнігу, якую дзеці з аслабленым зрокам чытаюць без літар, навобмацак. Ідэя праекта ўзнікла ў супрацоўнікаў навуковай бібліятэкай БНТУ і арганізатараў праграмы «Мівія», якія займаюцца аб'ёмнымі макетамі вядомых мінскіх будынкаў для людзей са слабым зрокам.


— Мы даўно былі знаёмыя і летась вырашылі, што хочам стварыць нешта разам, — расказвае канцэпцыю ідэі галоўны бібліятэкар аддзела маркетынгу і праектнай дзейнасці Навуковай бібліятэкі БНТУ Вольга Воўк. — У выніку з'явілася нешта сярэдняе паміж нашымі праектамі — кніга для дзяцей, якую чытаюць рукамі. Звычайна такія чытанкі шыюць індывідуальна для канкрэтнага дзіцяці, а мы хацелі зрабіць некалькі экзэмпляраў для інклюзіўных заняткаў на групу. Прычым дзеткі са звычайным і недастатковым зрокам займаліся б разам, такім чынам уступаючы ў сацыяльны кантакт. Праект, разлічаны на малодшых школьнікаў, дапаможа ім атрымліваць аднолькавае задавальненне ад кніжкі. Для малых з аслабленым зрокам заняткі становяцца месцам дадатковых стасункаў з равеснікамі, а іх аднагрупнікі адкрыюць для сябе іншы бок успрымання свету.

Каля нашытай аплікацыі-карцінкі ў тактыльнай кнізе замацоўваецца пластыкавая пласцінка з выціснутым шрыфтам Брайля. Ёсць побач і звычайныя, буйна надрукаваныя літары — для дзетак, у якіх захаваўся астаткавы зрок. Дарэчы, чытаюць малыя што пальцамі, што вачамі з аднолькавай хуткасцю, ды і паводзіны ў іх нічым не адрозніваюцца: любяць сваволіць, пагартаць самастойна старонкі, іх трэба зацікавіць, каб заваяваць увагу. На занятках дзеці па чарзе ўголас чытаюць урыўкі, потым вядучы расказвае, у якой паслядоўнасці глядзець малюнак, куды весці пальчыкам, каб разгледзець карцінку і падзяліцца ўражаннямі.

— Мы выбіралі кнігі, дзе б ілюстрацыя несла сэнс, дапаўняла тэкст і гэтым рабіла яго яшчэ больш цікавым. Калі выдаліць з аповеда пра Масю ўсе малюнкі, чытаць яго стане немагчыма, бо частка падзей страціцца, — расказвае майстар тактыльных кніг па прызванні і эканаміст па прафесіі Юлія Кучынская. — Аплікацыі на старонках робім максімальна набліжанымі да арыгінальнай работы ілюстратара, хаця малюнак даводзіцца часткова спрашчаць. Дзецям цяжка навобмацак разбірацца ў складаных ракурсах, мностве герояў, дробных дэталях. Яны не могуць зразумець перспектыву, калі адзін прадмет часткова закрывае другі.

Сем копій апавядання са зборніка «Гісторыі пра маленькага трусіка» Каці Талстой добраахвотнікі шылі больш за год. Не хапала часу, людзі, якія ўмелі б працаваць з тканінай, былі патрэбныя таксама, як і вопыт. Па апошні ездзілі нават за мяжу, напрыклад, у Санкт-Пецярбургскую дзяржаўную бібліятэку для сляпых і слабавідушчых з яе вялікім фондам.

У вырабе тактыльнай кнігі ёсць свае тонкасці, напрыклад, тканіна павінна быць з натуральных складнікаў, прыемнай навобмацак, некрыклівых, але яркіх адценняў без люрэксу і бляску. Матэрыял падбіраецца пад тэкстуру прадмета, як кажа Юлія Кучынская, мяшок шыецца з мешкавіны, для валёнак робіцца выкрайка з лямцу.

— Пакуль знойдзеш патрэбны матэрыял, наведаеш не адну краму. Часам вяртаешся, заплюшчваеш вочы і абмацваеш. Тканіна павінна падыходзіць адначасова па колеры, фактуры і бяспецы. А яшчэ мы доўга абмяркоўвалі, з чаго рабіць поўню, снег. У выніку на неба трапіў кружок шурпатай тканіны, а гурбы змайстравалі з прахалоднага мяккага сінтэпону, пад які падклалі цэлафанавы пакет для «храбусцення». Дарэчы, гэтым варыянтам «снегу» мяркуем карыстацца далей.

Побач з тактыльнымі кнігамі сядзяць лялькі Масі і Дзеда Мароза. Калі ў апавяданні герой рухаецца, змяняе позу, то дзіцяці цяжка зразумець, як першапачаткова выглядае істота. Лялька дапамагае пазнаваць персанажа на старонках, бо выканана з таго ж матэрыялу.

— Пакуль няма агульных методык інклюзіўных чытанняў, таму стараемся выдумваць новае і вучымся на памылках, — кажа Вольга Воўк. — Як правіла, педагогі просяць нас правесці занятак для асаблівых выхаванцаў. Мы выязджалі ў Баранавічы, плануем трапіць з праектам у Маладзечна. З папярэдніх сустрэч зразумелі, што да кожнай тактыльнай кнігі, у ідэале, патрэбны дарослы, які б дапамагаў дзіцяці яе чытаць, таму цяпер шукаем валанцёраў. У нашай краіне мала такіх кніжак, таму мы не аддаём іх у падарунак. Яны павінны працаваць, ездзіць у школы, а не стаяць дзе-небудзь на паліцы...

Здымкі ілюстрацый захоўваюцца на сайце «ЗаЧтение», там іх можна паглядзець, а то і скарыстацца паэтапнай фотаінструкцыяй. А яшчэ — болей дазнацца пра праект ці нават далучыцца да яго.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Поўня з шурпатай тканіны і гурбы з сінтэпону

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.