Вы тут

Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды


Учора Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды работнікам розных сфер. Цырымонія адбылася ў Палацы Незалежнасці.


«Наша дзяржава высока цэніць шматгадовую карпатлівую працу і высокія дасягненні ў любой галіне і сферы дзейнасці», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што ў ліку ўзнагароджаных прадстаўнікі розных рэгіёнаў краіны, але ўсіх іх аб'ядноўвае адданасць любімай справе, адказнасць і выключная працавітасць. Усяго ордэнаў, медалёў і ганаровых званняў удастоены 54 чалавекі. У іх ліку прадстаўнікі сілавых структур, работнікі прамысловасці, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, адукацыі, аховы здароўя, культурнай сферы. Узнагарод удастоены таксама работнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю і Міністэрства па падатках і зборах.

Асаблівую ўрачыстасць цырымоніі надало ўзнагароджанне Валерыя Барашкава, які стаў першым лаўрэатам ганаровага звання «Народны настаўнік Беларусі». «Упэўнены, увядзенне новага ганаровага звання дапаможа павысіць прэстыж высакароднай прафесіі педагога і зацвердзіць яе высокі статус у грамадстве», — адзначыў Прэзідэнт.

Гаворачы пра заслугі работнікаў вытворчага сектара, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што тут на першы план выходзяць майстэрства, вопыт і валоданне самымі сучаснымі тэхналогіямі. Адзначаючы заслугі прадстаўнікоў сферы аховы здароўя, Прэзідэнт падкрэсліў, што «кваліфікаваная медыцынская дапамога для грамадзян з любога кутка краіны, ахова мацярынства і дзяцінства, павелічэнне працягласці жыцця людзей — гэта прыярытэты сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы».

Вялікая група вядомых спартсменаў і трэнераў удастоена ордэнаў, медалёў і ганаровых званняў за дасягненне высокіх спартыўных вынікаў на летніх Алімпійскіх і Параалімпійскіх гульнях 2016 года ў Рыа-дэ-Жанэйра, вялікі асабісты ўклад у развіццё фізічнай культуры і спорту, асаблівыя заслугі ў прапагандзе ідэалаў і прынцыпаў алімпізму. Ордэнам Нацыянальнага алімпійскага камітэта ўзнагароджаны першыя беларускія чэмпіёны Алімпійскіх гульняў 1960 года ў Італіі па веславанні на байдарках і каноэ Леанід Гейштар і Сяргей Макаранка, паведамляе прэс-служба Прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што ў краіне глыбокай павагай карыстаюцца людзі, якія прысвяцілі сваё жыццё справе міласэрнасці і дапамогі іншым. За значны ўклад у рэалізацыю духоўна-асветніцкіх і сацыяльных праектаў, а таксама захаванне і ўзвядзенне праваслаўных храмаў на беларускай зямлі ўзнагароджана Анастасія Асіціс, прэзідэнт расійскага Дабрачыннага фонду Святых Роўнаапостальных Канстанціна і Алены.

«За мінулы год гэта, напэўна, самае масавае і прадстаўнічае ўзнагароджанне. Але галоўнае, можа быць, нават не гэта ваша сённяшняя ўзнагарода. Галоўнае, каб гэта быў першы ці чарговы крок да атрымання новых узнагарод», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама шчыра павіншаваў усіх удзельнікаў мерапрыемства з надыходзячым Новым годам і светлым святам Раства Хрыстова.


Дзяржаўныя ўзнагароды ўчора ўручаў і прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў.

Сярод узнагароджаных прысутнічала вялікая колькасць дактароў з усёй краіны. «Сусветная арганізацыя аховы здароўя канстатавала, што ахова здароўя Беларусі дасягнула мэтаў тысячагоддзя ў галіне развіцця па такіх напрамках, як скарачэнне дзіцячай смяротнасці, паляпшэнне аховы мацярынства, барацьба з ВІЧ/СНІДам, малярыяй, туберкулёзам, — паведаміў прэм'ер. — У 2016 годзе СААЗ адзначыла Беларусь як першую і адзіную дзяржаву ў Еўропе, у якой цалкам ліквідаваная праблема перадачы ВІЧ і іншых захворванняў ад маці да дзіцяці».

У інтэрнэце пра Міхаіла Папова, урача-таракальнага хірурга, загадчыка гнойнага таракальнага аддзялення 10-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска, які таксама атрымаў узнагароду, выключна станоўчыя водгукі: «Дзякуючы гэтаму доктару я хаджу па гэтай зямлі»; «Нізкі паклон! Вярнуў мне маці з таго свету»... Па словах загадчыка аддзялення, у гэтым годзе быў атрыманы грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі, былі ўкаранёны новыя тэхналогіі. «Але наша праца вымяраецца не лічбавымі паказчыкамі, а колькасцю здаровых, шчаслівых людзей, што выпісаліся з аддзялення, — лічыць хірург. — Я шчаслівы служыць людзям і Айчыне. Узнагарода — гэта адзнака ўсяго калектыву нашай бальніцы.

Высокія ўзнагароды атрымалі і прадстаўнікі сферы культуры.

Адзначаючы заслугі работнікаў нафтахімічнага комплексу, Андрэй Кабякоў канстатаваў, што галіна захавала свой лідзіруючы статус у краіне. У 2016 годзе ў нафтахімічным комплексе рэалізаваны адны з самых буйных у Беларусі інвестыцыйных праектаў, а інвестыцыі па канцэрне «Белнафтахім» у 2016-м склалі каля 750 мільёнаў долараў.

Акрамя таго, прэм'ер адзначыў працу настаўнікаў і выкладчыкаў. Па яго словах, сфера адукацыі з'яўляецца для дзяржавы прыярытэтнай, а практычна кожны пяты рубель кансалідаванага бюджэту Беларусі ідзе на фінансаванне адукацыі. Міністр адукацыі Ігар Карпенка таксама вітаў узнагароджаных педагогаў.

Акрамя таго, сярод узнагароджаных — спартсмены, навукоўцы, сацыяльныя работнікі, будаўнікі, прадстаўнікі падатковых органаў, дзяржаўныя служачыя, творчая інтэлігенцыя.

Вераніка ПУСТАВІТ

рustаvіt@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Крок да новых дасягненняў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.