Гэта кароткае інтэрв'ю адбылося адразу пасля завяршэння прамой лініі, якую правёў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК. Да кіраўніка горада змаглі дазваніцца 28 чалавек.
— Калі падвесці некаторыя вынікі трохгадзіннага дыялогу з гараджанамі, што можна сказаць?
— Тое, што многія з агучаных праблем нам вядомыя. Напрыклад, пытанні па землеўпарадкаванні і землекарыстанні. Над іх вырашэннем мы працуем. Як і па некаторых аспектах добраўпарадкавання. Я цалкам разумею людзей, якія бачаць, што горад развіваецца, і хочуць, каб менавіта ў іх завулак хутчэй прыйшоў асфальт. У горадзе 300 кіламетраў дарог патрабуюць асфальтавання. І гэтую праблему мы імкнёмся вырашаць сістэмна.
І яшчэ. Карысць сённяшняй прамой лініі, як і папярэдніх, — у тым, што яны актуалізуюць некаторыя пытанні, якія мы не заўважаем альбо ўпускаем. Адным са зваротаў сёння быў званок Святланы Маркаўны, жыхаркі дома ў цэнтры горада. Яна скардзілася на вечную лужыну ў іх двары. Можа, гэта, з пункту гледжання горада, не такая ўжо значная праблема, але... Заяўніца расказала пра яе ранейшыя звароты і ўказала на адсутнасць каардынацыі ў рабоце пэўных службаў. Службы гэтыя атрымалі адпаведнае ўказанне, і лужыне дадуць нарэшце рады.
Прыемна, што паступілі два званкі з удзячнасцю за навагодняе афармленне горада. Думаю, што не толькі тэлефонныя абаненты, але і ўсе гараджане ацанілі сёлетні святочны антураж Брэста.
— Ці можна згадаць звароты на прамыя лініі падчас асабістых прыёмаў грамадзян за гады вашай работы, якія пазней выліліся ў рашэнні гарвыканкама альбо іншыя маштабныя справы?
— Такіх прыкладаў можна прывесці нямала. Не раз удакладнялася работа грамадскага транспарту, графік якога прывязвалі да начных змен некаторых прадпрыемстваў менавіта пасля зваротаў тых, хто там працуе. Пра пытанні добраўпарадкавання можна і не гаварыць: і тратуары рабілі, і цэлыя вуліцы добраўпарадкавалі. Так было і раней, і будзе далей.
Сур'ёзнае пытанне вырашана па цеплазабеспячэнні мікрараёна «Паўднёвы». Менавіта звароты грамадзян падштурхнулі да таго, што старую кацельную вывелі з абароту, а гэты жыллёвы раён далучылі да асноўнай крыніцы ЦЭЦ.
Апошнім часам шмат пішацца і гаворыцца пра адраджэнне былога гарадскога саду. У многіх брастаўчан дома яшчэ захоўваюцца паштоўкі пачатку мінулага стагоддзя з надпісам «Брэст-Літоўск. Гарадскі сад». Але той стары парк на рагу Машэрава-Леніна, у самым цэнтры горада, многія дзесяцігоддзі быў закінутым і занядбаным. Сёлета з вясновых суботнікаў пачаліся работы па навядзенні парадку і адраджэнні адной са славутасцяў горада. Прыемна, што не засталася ўбаку грамадская ініцыятыва, на суботнікі выходзіла нямала добраахвотнікаў. Цяпер ужо мала хто і ўспомніць, што пачыналася добрая справа менавіта са звароту групы грамадзян у гарвыканкам.
Падобны зварот стаў пачаткам вырашэння пытання па будынку аўтавакзала. У выніку гэты будынак будзе выкарыстаны ў адпаведнасці з яго гістарычнай значнасцю, хоць вакзал з часам плануецца перанесці ў іншае месца.
— На канферэнцыі, прысвечанай «Берасцейскім кнігазборам», вы пачалі сваю прамову прыкладна так: «Толькі што правёў асабісты прыём і прыйшоў да высновы: калі б нашы грамадзяне чыталі класіку, двое з заяўнікаў наогул не прыйшлі б, бо іх пытанні носяць асабісты характар, іх вырашэнне па-за кампетэнцыяй органа ўлады, а яшчэ двое знайшлі б патрэбную даведку ў літаратуры або ў сеціве». Па-ранейшаму сустракаюцца звароты не па адрасе?
— Здараецца. Самым недарэчным на маёй памяці быў зварот-скарга. Гараджанін ранкам расчысціў ад снегу пляцоўку для сваёй машыны, а сусед тут жа заняў яе. Заяўнік вельмі абураўся: маўляў, прыедзь, старшыня, разбярыся з суседам. А калі сур'ёзна, то большасць зваротаў абгрунтаваныя і носяць канструктыўны характар.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.
Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.