Вы тут

Што такое чытацкая кампетэнцыя, і чаму нашы дзеці ёй слаба валодаюць?


Наколькі хутка школа рэагуе на зменлівы свет? Ці запатрабаваныя веды, што даюцца на ўроках, у рэальным жыцці? Чаму і як вучыць дзяцей у школе? Як расстаўляць прыярытэты ў адукацыі? Адказы на гэтыя пытанні шукаюць ва ўсіх краінах свету, таму і спрабуюць уводзіць пэўныя індыкатары, параўноўваць дасягненні краін паміж сабой. Беларусь таксама імкнецца ацаніць сваю нацыянальную сістэму адукацыі па сусветных крытэрыях, менавіта таму ў 2018 годзе беларускія школьнікі ўпершыню возьмуць удзел у Міжнароднай праграме па ацэнцы адукацыйных дасягненняў вучняў (PІSA).


Мы на фоне іншых

Хоць у нас і дзейнічае нацыянальная сістэма маніторынгу якасці адукацыі, наша краіна да гэтага часу не прымала ўдзелу ў асноўных міжнародных сістэмах ацэнкі адукацыйных дасягненняў навучэнцаў.

— Пакуль мы ацэньваем самі сябе ці (максімум) давяраем зрабіць гэта экспертам з постсавецкай прасторы. Тым не менш вельмі хочацца даведацца, якое месца займаем у сусветным адукацыйным працэсе? Як можна быць упэўненым, што сістэма адукацыі развіваецца ў правільным кірунку, калі не параўноўваць свае поспехі з адукацыйнымі дасягненнямі іншых краін? — разважае дацэнт кафедры педагогікі і праблем развіцця адукацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат педагагічных навук Святлана ЗАХАРАВА. — Скажам, Расія, якая ганарылася сваёй сістэмай адукацыі, што дасталася ёй у спадчыну з савецкіх часоў, перажыла стан, які называюць PІSA-шок, калі высветлілася, што ў сусветным рэйтынгу яна аказалася далёка ад групы лідараў. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што такі стан перажылі ўсе навічкі, хто толькі далучыўся да гэтага даследавання.

Калі нямецкія школьнікі паказалі нечакана нізкія вынікі, гэта выклікала сапраўдны жах у чыноўнікаў: усе спрабавалі прааналізаваць, хто вінаваты — сістэма адукацыі ці тэст? Аб'ектам крытыкі стаў і змест заданняў, які быццам бы не дазваляе праявіць сябе па-сапраўднаму моцным і адораным вучням. Але ў выніку Германія не толькі не адмовілася ад удзелу ў PІSA, але і ўвяла падобную праверку ведаў для ўсіх 15-гадовых школьнікаў краіны (гэта тэсціраванне праводзіцца на наступны дзень пасля PІSA і нават называецца амаль гэтак жа — PІSA-E). Для навічкоў вынік PІSA, як правіла, становіцца пунктам адліку і прымушае рухацца наперад, арыентуючыся на досвед самых паспяховых краін.

Прадмет даследавання

Галоўная мэта маніторынгавага даследавання — праверыць не столькі акадэмічныя дасягненні навучэнцаў, колькі іх уменне працаваць з інфармацыяй і рэальныя жыццёвыя кампетэнцыі. Таму і заданні ў тэстах абапіраюцца на сітуацыі, якія аўтары бяруць з рэальнага жыцця. Правяраюцца здольнасць вучняў устанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі, іх уменне супастаўляць факты і аналізаваць, хутка прымаць рашэнні.

Менавіта PІSA дазваляе зразумець, якая краіна будзе больш канкурэнтаздольнай у будучыні за кошт патэнцыялу падрастаючага пакалення. У апошнім тэсціраванні, што праходзіла летась, удзельнічалі 536 тысяч школьнікаў з 72 краін, у тым ліку з Эстоніі, Літвы, Латвіі, Малдовы, Казахстана і Расіі. Пра свой намер далучыцца да даследавання ў 2018 годзе заявіла ўжо і Украіна.

У Расіі даследаваннем былі ахоплены каля 5000 чалавек з некалькіх сотняў школ па ўсёй краіне — гэта кожны двухсоты падлетак ва ўзросце 15 гадоў. Для параўнання, у Эстоніі ў тэсціраванні ўдзельнічалі 5587 школьнікаў — палова ўсіх дзяцей такога ўзросту ў краіне. У некаторых краінах, напрыклад, у Ісландыі і Люксембургу, 5000 школьнікаў аднаго ўзросту не набіраецца, таму тэсціруюць усіх 15-гадовых без выключэння.

Тэст утрымлівае тры асноўныя групы пытанняў: па матэматыцы, прыродазнаўчых дысцыплінах і чытанні.

Чытацкая кампетэнцыя... для інтэрнэт-форуму

— Адна з задач PІSA — выяўленне ўзроўню чытацкай адукаванасці. Мы карыстаемся тэрмінам «чытацкая кампетэнцыя», які адпавядае па сваім напаўненні «чытацкай адукаванасці», — тлумачыць Святлана Захарава. — Менавіта чытацкая кампетэнцыя з'яўляецца базавай, таму што тэксты суправаджаюць нас усюды. Заданне па фізіцы і хіміі — гэта тэкст. Раман «Вайна і мір» — тэкст. Электроннае пісьмо, рэклама, інфармацыя на маркіроўцы прадукта, памятка для спажыўца — таксама тэкст... Раней чытацкая кампетэнцыя ў нас звязвалася пераважна з філалагічнымі навыкамі — уменнем чытаць і інтэрпрэтаваць тэкст, знаходзіць сродкі мастацкай выразнасці і гэтак далей. Але сёння пад чытацкай кампетэнцыяй разумеецца іншае.

Справа ў тым, што такія тэксты, як у школьных падручніках, дзе ты проста ідзеш услед за ходам думкі аўтараў, звяртаеш увагу на пазначанае тлустым шрыфтам ці курсівам і выконваеш заданні ў канцы параграфа, у жыцці не сустракаюцца.

Насамрэч, важна ўменне працаваць з тэкстам, адсартаваць галоўную і другасную інфармацыю, зразумець, якіх мэт спрабуе дасягнуць яго аўтар. Напрыклад, падчас тэсціравання PІSA могуць прапаноўвацца тэксты, якія ўтрымліваюць два розныя пункты гледжання, але аб'яднаныя ў адно цэлае. Задача ўдзельнікаў — убачыць гэтыя супрацьлеглыя меркаванні. Акрамя таго, школьнікі павінны ўмець працаваць з тэкстамі розных жанраў.

Біяграфія, газетныя артыкулы, рэзюмэ, заявы і электронныя заявы, як прынцыпова іншы спосаб узаемадзеяння ў афіцыйнай перапісцы... Камунікацыя ў інтэрнэце таксама абапіраецца на тэкст: інтэрнэт-блогі, інтэрнэт-форумы, посты ў сацыяльных сетках...

У PІSA задзейнічаны практычна ўсе стылі мовы, прычым яны прывязаны да канкрэтных камунікацыйных сітуацый.

Акрамя таго, у даследаванні выкарыстоўваюцца графікі, дыяграмы, малюнкі, карты, таму што ўменне працаваць з імі лічыцца вельмі важным. Увогуле пошук і выкарыстанне інфармацыі пастаянна прысутнічаюць у нашым жыцці. Выкананне дамашняга задання, праверка часу прыбыцця цягніка, пошук дат канцэрта, напісанне эсэ. Прыкладаў бясконца многа...

Дзейнічаць не па шаблоне

Па словах Святланы Захаравай, у Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў даўно заўважылі, што цяжкасці ва ўдзельнікаў ЦТ выклікаюць заданні менавіта з тэкставым зместам, хоць у тэстах, у адрозненне ад іншых формаў іспытаў, тэкставы змест мінімізаваны. На тэсціраванні па фізіцы і матэматыцы заданні сфармуляваны максімальна лаканічна, тым не менш, як толькі тэкст выходзіць за рамкі аднаго-двух сказаў, абітурыентам цяжка ўлавіць яго сутнасць, зразумець, што ад іх патрабуецца. Магчыма, гэта звязана са зніжэннем агульнай моўнай культуры моладзі. Мае месца няправільнае тлумачэнне ці няўважлівасць абітурыента пры прачытанні ўмовы задачы, адсюль і вынік не той, што чакалі. Абітурыенты прапускаюць ключавую інфармацыю. Іх збіваюць з толку таксама і графічныя выявы заданняў, напрыклад, выкарыстанне кругавой дыяграмы замест звыклага тэксту ў цэнтралізаваным тэсціраванні па матэматыцы...

Аналагічныя праблемы канстатуюць і расіяне.

«Самае цяжкае для нашых школьнікаў — нестандартныя, нетыповыя задачы. Калі перафармуляваць звыклую ўмову, яны губляюцца, — канстатуе каардынатар PІSA ў Расіі, кіраўнік Цэнтра ацэнкі якасці адукацыі Інстытута зместу і метадаў навучання Расійскай акадэміі адукацыі Галіна КАВАЛЁВА. — Дзеці асвойваюць алгарытмы рашэння і імкнуцца распазнаць іх у заданні. Гэта наша бяда, бо ў сітуацыі выканання толькі тыповых заданняў блакуюцца пазнавальныя здольнасці, і дзеці не свабодныя ў пераносе ведаў».

Такім чынам, адмаўляць існаванне праблем з чытацкай кампетэнтнасцю бессэнсоўна...

Кропка адліку

— Зараз іх спрабуюць вырашыць некалькімі спосабамі. Па-першае, з 2015/2016 навучальнага года распачаўся пераход на адносную завершанасць адукацыі на ІІ ступені школы, паколькі ў нашай краіне абавязковая менавіта дзевяцігадовая школьная адукацыя. Кампетэнтнасны падыход укараняецца і ў новыя вучэбныя планы. Новая школьная праграма дазваляе падлеткам да 15—16 гадоў сфарміраваць уласную карціну свету і атрымаць тыя веды, якія забяспечваюць паспяховую сацыялізацыю і далейшае атрыманне адукацыі, — падкрэслівае Святлана Захарава. — Па-другое, пагартаўшы новае пакаленне падручнікаў, мы бачым, што ў іх рэзка павялічылася колькасць графікаў і схем, гэта значыць, што школьнікаў вучаць працаваць з візуальнай інфармацыяй.

Трэці момант — выкарыстанне электронных тэкстаў, паколькі ў XXІ стагоддзі мы маем справу не толькі з папяровымі носьбітамі інфармацыі. Менавіта таму ў нас цяпер актыўна ствараюцца электронныя адукацыйныя рэсурсы. З'явіліся і першыя падручнікі-навігатары. Мы прызвычаіліся да таго, што падручнік утрымлівае вычарпальную інфармацыю, якую трэба ведаць вучню, і можна ўжо не звяртацца да іншых крыніц. Але падручнік-навігатар адсылае вучня да іншых рэсурсаў... Фактычна збылася мара настаўнікаў-філолагаў: ёсць шанц, што вучань прачытае не толькі біяграфію пісьменніка ці крытыка ў падручніку, але і арыгінальны артыкул, і мастацкі тэкст.

Святлана Захарава звяртае ўвагу на тую акалічнасць, што калі раней чытацкую культуру фарміраваў пераважна настаўнік-філолаг, бібліятэкар і настаўнік пачатковых класаў, то цяпер гэтым павінны займацца ўсе настаўнікі-прадметнікі.

Дзяцей трэба вучыць супастаўляць розныя пункты погляду і фарміраваць свой, прычым яго аргументаваць, паколькі сярод чытацкіх уменняў, узровень якіх правяраецца падчас PІSA, на першым месцы стаіць уменне знайсці інфармацыю, правільна яе інтэрпрэтаваць і, самае важнае, скласці сваё меркаванне. Нават калі ты добры хімік ці праграміст, ты ўсё роўна і ў экалогіі, і ў гісторыі, і ў літаратуры павінен разбірацца...

Між іншым, заданні з кампетэнтнасным падыходам ужо прапануюцца беларускім школьнікам падчас правядзення рэспубліканскага маніторынгу якасці адукацыі, каб падрыхтаваць іх да будучых выпрабаванняў. А што пакажа PІSA, мы зможам даведацца толькі ў снежні 2019 года.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Жыць не па падручніку

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

Пра гэта ўчора казалі высокія госці на ўрачыстым мерапрыемстве, прымеркаваным да юбілею газеты.

Спорт

Анастасія Марыніна: Баскетбол 3х3 — гэта заўсёды відовішча

Анастасія Марыніна: Баскетбол 3х3 — гэта заўсёды відовішча

Гэта адзін з нямногіх гульнявых відаў спорту, што былі ўключаны ў праграму ІІ Еўрапейскіх гульняў. 

Грамадства

«Захад-2017». Постфактум

«Захад-2017». Постфактум

Задачы сумеснага стратэгічнага вучэння выкананы на высокім узроўні.

Грамадства

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

На Гродзеншчыне ўшанавалі хлеб, лён, бульбу, памідор і дуб

Самабытныя, смачныя і пазнавальна-творчыя святы адбыліся сёлета ў розных раёнах Гродзеншчыны.