Вы тут

Прэзідэнт прыняў кадравыя рашэнні


Учора кіраўнік дзяржавы прыняў важныя кадравыя рашэнні. Васіль Жарко назначаны намеснікам прэм'ер-міністра Беларусі. Анатоль Лапо назначаны старшынёй Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.


Прэзідэнт адзначыў, што сярод шэрагу кандыдатур выбраў на пасаду віцэ-прэм'ера менавіта Васіля Жарко па многіх прычынах. «Сапраўды, ёсць у вашай галіне сур'ёзныя поспехі. Але і вялікая колькасць недахопаў, якімі вам давядзецца займацца і на пасадзе віцэ-прэм'ера. Яшчэ я выбраў таму, што вы ў нас міністр ужо з велізарным вопытам», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звярнуўшы ўвагу, што сацыяльная сфера, якую будзе курыраваць Васіль Жарко, у тым ліку ўваходзіць у зону адказнасці і кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. «Таму што там і адукацыя, і ахова здароўя, і спорт. А гэта — ідэалогія, пытаннямі якой займаецца Адміністрацыя Прэзідэнта. Будзеце несці адказнасць і разам у гэтым напрамку працаваць», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама абазначыў некаторыя задачы, над вырашэннем якіх давядзецца працаваць новаму віцэ-прэм'еру.

«У адукацыі мы падышлі да таго, што нам трэба ўдасканальваць, наводзіць парадак у школе. Нам трэба глядзець па ВНУ, пачынаючы ад уступных экзаменаў. Мы даволі шмат і доўга прапрацавалі з цэнтралізаваным тэсціраваннем і гэтак далей. Ёсць пэўныя нараканні. Мы іх павінны ўлічыць», — адзначыў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, наперадзе сур'ёзная работа і ў сферы спорту, дзе пры адносна вялікіх затратах адсутнічаюць чаканыя вынікі.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб даручэнні па дасягненні ў 2017 годзе ўзроўню сярэдняй зарплаты ў краіне $500. «А гэта ваша Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, — адзначыў ён. — Зарплата ў людзей у сувязі з гэтымі эканамічнымі перапетыямі невысокая. Яе трэба паднімаць, чаго б нам ні каштавала».

Назначаючы Анатоля Лапо на пасаду старшыні Дзяржпагранкамітэта, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў час узмоцненай аховы граніц ведамства не павінна заставацца без гаспадара. Асабліва напярэдадні навагодніх свят, якія лічацца цяжкай парой для пагранічных застаў.

«З усіх кандыдатур, якія мне прапанавалі, я прыняў рашэнне назначыць вас на гэту пасаду. Вы ўсё ведаеце. Для вас тайн у пагранічных войсках няма, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Усё, што нагарадзілі лішняга (хоць і няшмат, напэўна), трэба выправіць, калі гэта памылкі».

Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на аптымізацыю ведамства. «Але самае галоўнае — гэта належнае выкананне абавязку пагранічніка», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы і дадаў, што дапускаць парушэнняў дзяржаўнай граніцы недазвольна.


Біяграфія Жарко В.І.

Васіль Жарко

Жарко Васіль Іванавіч нарадзіўся ў 1956 годзе ў в. Леснікі Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1984 годзе скончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. У 2008-м — Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

З 1975-га па 1977 год праходзіў службу ў радах Савецкай Арміі. У 1984—1991 гадах — урач-інтэрн Брэсцкай абласной дзіцячай бальніцы, урач-тэрапеўт, раённы педыятр, загадчык аддзялення Драгічынскай раённай бальніцы.

У 1991—2002 гадах — урач-інспектар, намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама.

У 2002—2003 гадах быў намеснікам галоўнага ўрача Брэсцкай абласной дзіцячай бальніцы, дырэктарам даччынага ўнітарнага прадпрыемства «Санаторый «Крыніца».

У 2003—2005 гадах працаваў генеральным дырэктарам УП «Белпрафсаюзкурорт».

У 2005—2006 гадах — выконваючы абавязкі генеральнага сакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

З мая 2006 года — міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.


Біяграфія Лапо А.П.

Анатоль Лапо

Лапо Анатоль Пятровіч нарадзіўся 24 мая 1963 года ў в. Кулакоўка Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.

У 1986 годзе скончыў Галіцынскае Вышэйшае пагранічнае ваенна-палітычнае вучылішча КДБ СССР імя К.Я. Варашылава, у 2001 годзе — Акадэмію федэральнай пагранічнай службы Расійскай Федэрацыі.

З 1981-га па 1992 год праходзіў службу ў Чырванасцяжнай Закаўказскай пагранічнай акрузе КДБ СССР на розных пасадах: ад радавога тэрміновай службы, намесніка начальніка пагранічнай заставы, начальніка пагранічнай заставы да намесніка каменданта — начальніка штаба пагранкамендатуры.

У перыяд з 1992-га па 2008 год на розных пасадах праходзіў службу ў Смаргонскім пагранічным атрадзе, з 2004 года быў начальнікам гэтага атрада.

У 2008 годзе быў назначаны на пасаду намесніка начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі, а затым — намесніка старшыні Дзяржпагранкамітэта — начальніка галоўнага ўпраўлення матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння.

З 2014 года працаваў намеснікам старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі.

Генерал-маёр.

Узнагароджаны шэрагам дзяржаўных узнагарод СССР і Рэспублікі Беларусь, сярод якіх медаль «За баявыя заслугі», медалі «За бездакорную службу» І і ІІ ступені, ордэн «За службу Радзіме» ІІІ ступені.


Паводле БЕЛТА


 

Загаловак у газеце: Вырашыць задачы, выправіць памылкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.