Вы тут

Як прайшлі навагоднія ёлкі ў абласных цэнтрах


На Новы год усе чакаюць цудаў. А для тых дзяцей, у каго па нейкай прычыне сям'і няма альбо матэрыяльнае становішча пакуль складанае, пра навагоднюю казку паклапацілася дзяржава.


Сярод 350 гасцей брэсцкай губернатарскай ёлкі 85 дзяцей, якія жывуць у прыёмных і апякунскіх сем'ях, 120 хлопчыкаў і дзяўчынак былі запрошаны з малазабяспечаных, шматдзетных, няпоўных сем'яў.

Дарэчы, многія з іх маюць яшчэ адну нагоду стаць удзельнікамі абласнога навагодняга свята. Яны сталі пераможцамі рознага ўзроўню прадметных алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў, розных конкурсаў і фестываляў. Удзельнікаў свята прыехаў павіншаваць старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль ЛІС. Губернатар пажадаў юным жыхарам Брэстчыны паспяховай вучобы, а іх сем'ям — здароўя, дабрабыту і шчасця ў новым годзе. Усяго ў навагодніх дабрачынных мерапрыемствах у Брэсцкай вобласці прымуць удзел каля 30 тысяч дзяцей.

На галоўны навагодні «ранішнік» Віцебшчыны прыехалі каля 950 юных грамадзян з усіх раёнаў Прыдзвінскага краю. Свята было арганізавана ў канцэртнай зале «Віцебск». Маленькіх і юных землякоў павіншаваў з надыходзячым Новым годам старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір ЦЯРЭНЦЬЕЎ. Ён расказаў пра тое, што робіцца ўладай розных узроўняў, каб дзеці маглі развівацца інтэлектуальна і фізічна, раскрывалі свае таленты ў творчых гуртках.

Больш за 1400 дзяцей з усёй Гомельшчыны прыехалі ў горад над Сожам на галоўную абласную ёлку, якая праходзіла ў цырку.

Як высветлілася падчас прадстаўлення, тут Дзед Мароз прымаў лісты ад дзяцей па электроннай пошце. Дарэчы, і жаданні былі своеасаблівымі. Напрыклад, школьнікі Гомельскага раёна прызналіся, што хочуць стварыць атрад па абароне бяздомных жывёл. Дзеці з Добрушскага — будуць рады супрацоўніцтву з равеснікамі з замежжа і адкрыццю «Школы партнёрства». У Жыткавіцкім раёне падлеткі плануюць правесці марафон школьных СМІ. А вось у Карме мараць займацца верхавой яздой і дапамагаць дзецям з асаблівасцямі развіцця.

Гэтымі днямі каля 650 дзяцей Гродзеншчыны наведалі губернатарскую ёлку. Усе ўдзельнікі свята, якое праходзіла ў абласным драматычным тэатры, атрымалі падарункі.

А старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір КРАЎЦОЎ наведаў выхаванцаў Гродзенскай спецыялізаванай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі слыху. Ён павіншаваў выхаванцаў з надыходзячым Новым годам і ўручыў у падарунак тэлевізар.

На галоўную ёлку ў Магілёве прыйшлі каля 600 дзяцей.

«Імкненне быць лепшымі абавязкова будзе заўважана і адзначана ў нашай краіне, бо за сённяшнімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі наша будучыня», — звярнуўся да іх старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір ДАМАНЕЎСКІ.

Старшыня Мінаблвыканкама Сямён ШАПІРА павіншаваў дзяцей на абласным свяце «Навагодняе падарожжа ў казачную краіну», якое адбылося ў Салігорску. Сюды прыехалі 740 юных жыхароў Міншчыны.

Пачаліся ўрачыстасці ў гарадскім Цэнтры дзяцей і моладзі, дзе ўшанавалі навучэнцаў, якія асабліва вызначыліся ў вучобе, творчасці, навуцы і спорце. Гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі ўдастоены ганаровага звання «Вучань года Мінскай вобласці — 2016».

У сталіцы ў межах акцыі «Нашы дзеці» адбылося дабрачыннае прадстаўленне ў Белдзяржцырку. У свяце прынялі ўдзел 1,5 тысячы юных мінчан.

Штогод на галоўнае навагодняе свята ў Мінску запрашаюць таксама школьнікаў з вільнюскай беларускамоўнай гімназіі і дзяцей з пагранічнай заставы, размешчанай пад Брэстам.

Мерапрыемства традыцыйна праходзіць пад патранатам мэра Мінска. Андрэй ШОРАЦ прысутнічаў на прадстаўленні і асабіста павіншаваў дзяцей з надыходзячымі святамі, пажадаў ім шчасця, здароўя, міру і ўсмешак у наступным годзе.

Святлана ЯСКЕВІЧ, Аляксандр ПУКШАНСКІ, Ірына АСТАШКЕВІЧ, Надзея ЮШКЕВІЧ, Нэлі ЗІГУЛЯ, Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Цудаў стане больш

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.