Вы тут

ХІІІ Калядны турнір па хакеі пройдзе ў першыя дні новага года


Гэтыя аматарскія спаборніцтвы ўжо даўно ператварыліся ў традыцыйныя і, як заўсёды, менавіта яны адкрываюць спартыўны каляндар у нашай краіне. Нягледзячы на свой непрафесійны статус, бо там выступаюць хакеісты, якія ўжо завяршылі кар'еру, турнір кожны год праходзіць у гарачай барацьбе. Вось і гэтым разам на працягу чатырох дзён (з 4 па 7 студзеня) на вялікай і малой арэнах у Чыжоўцы жыхары і госці сталіцы ўбачаць бескампрамісныя хакейныя баталіі.


Калядны турнір на прызы Прэзідэнта ўжо здабыў і іншую сваю назву — неафіцыйны чэмпіянат свету па хакеі сярод аматараў. Бо на лёдзе «Чыжоўка-Арэны» балельшчыкі, як заўсёды, змогуць убачыць сапраўдных зорак сусветнага хакея: тут па традыцыі збіраюцца прызёры чэмпіянатаў свету і нават Алімпійскіх гульняў мінулых гадоў. Былыя спартсмены з розных краін ужо на працягу дзесяцігоддзя прыязджаюць у Беларусь не толькі для таго, каб гуляць у хакей, але і каб падтрымліваць добрыя адносіны краін-удзельніц і, вядома, дарыць свята беларусам.

Склад удзельнікаў сёлета не моцна адрозніваецца ад леташняга — 8 каманд. Гэта зборныя Беларусі, Расіі, Фінляндыі, Германіі, Швейцарыі, Славакіі, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў і навічкі турніру — зборная Балкан (мяркуецца, што ў яе войдуць прадстаўнікі Македоніі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны, Балгарыі, Румыніі, Сербіі і Славеніі). Каманды, падзеленыя на дзве групы, будуць змагацца за выхад у фінал, які пройдзе ўвечары 7 студзеня.

Яшчэ адной неад'емнай часткай гэтага турніру стала штогадовая дапамога дзецям. Дабрачынны праект Прэзідэнцкага спартыўнага клуба і Федэрацыі хакея Беларусі «Калядная традыцыя» сёлета адзначыць свой першы маленькі юбілей. 6 студзеня арганізатары акцыі, а таксама ўдзельнікі міжнароднага турніру ў пяты раз адсвяткуюць Каляды разам з беларускімі дзецьмі. У гэтым годзе гасцей будзе сустракаць Маладзечанская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат №2 для дзяцей з парушэннямі зроку (зараз у школе выхоўваюцца 104 дзіцяці ад 6 да 18 гадоў, 27 з якіх — дзеці-сіроты).

Напярэдадні мерапрыемства ў рамках акцыі Прэзідэнцкі спартыўны клуб і Федэрацыя хакея традыцыйна пералічваюць школе-адрасату бязвыплатную спонсарскую дапамогу. Агульная сума дапамогі на гэты раз склала 25.000 беларускіх рублёў. А 6 студзеня хакеісты — удзельнікі турніру наведаюць дзяцей з падарункамі і памятнымі сувенірамі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Не адступаючы ад традыцый

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».