Вы тут

У Бараўлянах паклапаціліся аб камфорце для анкахворых


Добрым падарункам да Новага года сталі для жыхароў Міншчыны і ўсёй краіны новая паліклініка і рэканструяванае аддзяленне Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава ў Бараўлянах.


Падчас урачыстага адкрыцця аб'ектаў Васіль Жарко (на той момант міністр аховы здароўя) падкрэсліў, што тут створаны самыя сучасныя ўмовы для лячэння пацыентаў і працы медыкаў.

— Гэта самая важная ўстанова, якой мы ганарымся. Яна становіцца лепшай не толькі на постсавецкай прасторы, але вядомай ва ўсім свеце, — адзначыў старшыня Мінаблвыканкама Сямён ШАПІРА.

Для таго каб разгрузіць старую паліклініку пры Цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі, з бюджэту Мінскай вобласці было выдзелена 20 млрд рублёў, што дазволіла пачаць будаўніцтва новай. Затым падключыўся ўрад, Міністэрства фінансаў выдзеліла неабходную суму. «Гэта разуменне таго, што аб'ект жыццёва неабходны людзям», — лічыць Сямён Шапіра.

— Анкалогія на сённяшні дзень — біч усяго чалавецтва, не выключэнне і наша краіна, — расказаў дырэктар Цэнтра Алег СУКОНКА. — Калі колькасць кардыялагічных захворванняў змяншаецца, то ў анкалогіі, нягледзячы на тое, што гэта перадавы край навукі, такіх значных поспехаў не ўдалося атрымаць. Дзесяць гадоў таму штогод рэгістравалася 40 тыс. новых анкахворых, цяпер — 50 тысяч. І кожны год колькасць пацыентаў павялічваецца. Разам з тым смяротнасць памяншаецца. Прычым істотна: кожны год прыкладна на 5%. Гэта вынік таго, што робім акцэнт на ранняе выяўленне раку.

Паліклініка будзе працаваць на 70% на Мінскую вобласць. Тут абсталяваны хірургічны блок, эндаскапічнае аддзяленне, аддзяленне ўльтрадыягностыкі, для медыкаў створаны сучасныя рабочыя месцы. Гэта дазволіць упершыню ў краіне хіміятэрапію ў асноўным праводзіць амбулаторна, без шпіталізацыі пацыента. Старая паліклініка была разлічана на 250 наведванняў у суткі, але фактычна ўрачы прымалі значна больш пацыентаў. Новая ўстанова мае магчымасць абслугоўваць 850 чалавек штодзень. Усе працэсы тут камп'ютарызаваныя.

Падчас настройкі медыцынскага абсталявання  ў кансультатыўнай паліклініцы.

— У бліжэйшы месяц-другі пяройдзем на электронныя амбулаторныя карты, гісторыю хваробы. Самае галоўнае — перагледзім алгарытм абследавання пацыентаў Мінскай вобласці. Калі на месцы падазраваюць у чалавека рак, то ён адразу накіроўваецца да нас і на працягу дня праходзіць поўнае абследаванне, — сказаў Алег Суконка. — Калі сёння ў цэнтры праводзіцца штодзень па 100 аперацый, то з уводам новага комплексу іх колькасць узрасце, што дазволіць скараціць чэргі.

У будаўніцтва паліклінікі ўкладзена каля 150 млрд недэнамінаваных рублёў, і яшчэ столькі ж выдаткавана на закупку звышсучаснага абсталявання, уладкаванне рабочых месцаў для медыкаў. Корпус старой паліклінікі пасля капітальнага рамонту плануецца адвесці для прыёму замежных грамадзян, якія ўжо сёння звяртаюцца па 50 чалавек у дзень. Гэта дасць магчымасць больш зарабляць на экспарце медыцынскіх паслуг.

— Акрамя таго, капітальна адрамантавалі корпус анкалагічнага ўралагічнага аддзялення, уладкавалі тут 4 аперацыйныя, што дасць магчымасць аказваць сучасную высокатэхналагічную дапамогу, пашырыць спектр аперацый для пацыентаў не толькі нашай краіны, але і замежжа, — дадаў Алег Суконка. — Як вядома, цяпер у жанчын на першым месцы па анказахворваннях — рак малочнай залозы, а ў мужчын — рак прастаты.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Барацьба за жыццё — без чэргаў

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.