Вы тут

Дзяўчына без адраса, або Вуліца Цэнтральная ў базе не значыцца


Прызнайцеся: хоць аднойчы ў жыцці на абсалютна цвярозую ці не вельмі галаву да вас прыходзіў падобны кашмар. Што з памяці абсалютна сцерлася інфармацыя аб месцы, дзе знаходзіцца ваш дом, вы не памятаеце ні вуліцы, ні нумара кватэры і трапіць туды, адпаведна, ніяк не можаце... Уяўленне гэта імгненнае, на некалькі кароткіх секунд, але ж жах, праўда? Пачынаеш ліхаманкава ўзгадваць сваё імя і прозвішча, падкрадваюцца сумненні: ці сапраўдныя яны... Карацей, не дай божа такое перажыць у рэальнасці.


А мне вось нядаўна пашчасціла. Пайшла я выпісваць газету першай настаўніцы. (У якасці навагодняга падарунка, як раблю гэта заўсёды.) Ганна Еўдакімаўна жыве ў адной з намі вёсцы, сёння адна з нямногіх, хто застаецца ў сваёй хаце на зіму... Дык вось, падаю я прыемнай ветлівай жанчыне ў акенцы аддзялення сувязі, дзе афармляецца падпіска, адрас, яна ўсё хуценька набірае на камп'ютары і раптам пытаецца: «А якая ў вёсцы вуліца?» Шчыра кажучы, пытанне гэта ўвяло мяне ў ступар: ніколі падобнага не было, дый жыве там сёння чалавек дваццаць. «Пакідайце без вуліцы, паштальён і так усіх выдатна ведае». «Выбачайце, але без вуліцы не праходзіць...»

І тут я раптам успомніла: гэта ж сапраўды нядаўна ў нашай уласна адзінай доўгай вуліцы з'явілася назва — Цэнтральная. А ў невялікага «апендыкса», што з ёй перасякаецца, які спрадвеку зваўся Прыцапілаўка, — Азёрная. (Нават шыльдачка адпаведная ў Кудлянковых на плоце летам вісела.) Гэта ж трэба, да чаго дайшоў прагрэс! Ужо і нашы Кавальцы ў агульную камп'ютарную базу трапілі, і без дакладнага адраса цяпер — аніяк. «Пішыце — Цэнтральная», — горда так кажу, нібыта ўжо не пра маленькую вёску, а як мінімум пра мястэчка размова ідзе. «Выбачайце, але гэта назва не праходзіць: няма там такой. Можа, вы памыляецеся?» Што ж, можа, і памыляюся. Тэлефаную маме: на якой, маўляў, вуліцы наша хата стаіць? «Мусіць, на Цэнтральнай, — засумнявалася маці. — Пачакай, зараз у вёску пазваню»...

Карацей, уявіце: касірка цярпліва чакае, чарга, якая ў мяне за спінай сабралася, пачынае хвалявацца і кпіць з вашай пакорнай слугі: маўляў, што ў дачкі, што ў маці — склероз у наяўнасці, не ведаюць, на якой вуліцы хата стаіць. Урэшце атрымліваю інфармацыю непасрэдна з месца дыслакацыі той самай вуліцы: сапраўды — Цэнтральная і Азёрная. Разумеючы, што з Цэнтральнай нумар ужо не пройдзе, рашаю выпісаць газету на Прыцапілаўку — якая розніца, паштальёнка Люся ўсё роўна куды трэба яе занясе. «Пішыце тады Азёрная», — кажу... Вы ўжо, пэўна, здагадаліся, што я пачула ў адказ... І Азёрнай у базе не аказалася.

Чарга паблажліва пасміхалася, а я адчувала сябе поўнай ідыёткай. Спагадлівая жанчына ў акенцы дапамагла: параіла выпісаць газету на вёску, але «да запатрабавання». Праблема вырашана, і без «запатрабавання» Люся сваёй першай настаўніцы газету ў хату занясе. Але ж асадак, як кажуць, прычым вельмі мутны, застаўся.

Не скажу, што дагэтуль у нашай невялікай — калі не лічыць новых дач на ўскрайку, дык на шэсцьдзясят двароў — вёсцы ў плане адраснай упарадкаванасці быў хаос. Яшчэ гадоў трыццаць пяць назад брыгадзір дзядзька Бандак раздаў усім гаспадарам па дзве металічныя пласцінкі. На адной былі напісаны нумары, на другой — намаляваны той прадмет, які ты абавязкова павінен захапіць з сабой, калі раптам у вёсцы здарыцца пажар. (Нам дастаўся нумар трыццаць і рыдлёўка.) Гэтыя таблічкі належала прымацаваць на сцяне хаты так, каб было відаць з вуліцы. Усе так і зрабілі, і карысць ад тых жа нумароў хутка зразумелі: і доктара, і тэлевізійнага майстра, калі выклікалі, лягчэй было сарыентаваць. Было ў вёсцы пяцьдзясят дзевяць хат — так і на шыльдачках, якія амаль усе пастаянна падфарбоўвалі, значылася, ніхто і не думаў дзяліць на «цот-няцот». Перад нашай хатай была дваццаць дзявятая, далей на вуліцы — трыццаць першая, хоць абедзве знаходзяцца на процілеглым баку вуліцы. Такая нумарацыя — па парадку, ці «прытном», як у нас кажуць, усіх задавальняла, да яе за гады прызвычаіліся, сталых жыхароў у вёсцы станавілася ўсё менш, таму тэма ўвогуле не была актуальнай: спытай па прозвішчы ці нават па мянушцы, дзе чыя хата, — кожны пакажа...

А гады два назад высветлілася, што ўсё гэта няправільна і так быць не павінна. Спачатку тыя, хто афармляў дакументы на спадчыну ці на правядзенне будаўнічых работ, даведаліся, што ў вёсцы ёсць назвы вуліц (за што, уласна кажучы, ім давялося даплачваць, бо змяняўся адрас месцазнаходжання нерухомасці: была проста вёска і дом нумар — а тут і вуліца дадалася). Далей — болей: хаты пранумаравалі па-новаму, і гэтым летам на суседскіх варотах я са здзіўленнем убачыла лічбу 45. Наша хата засталася пад нумарам трыццаць, і мне гэта каштавала бяссоннай ночы: спрабуючы зразумець, чаму так, я палічыла на нашым цотным баку не толькі нешматлікія хаты, але і гаражы з хлеўчыкамі, але рашэнне задачы так і не супала з адказам... Зразумела, што тыя, хто займаўся гэтым летам пераафармленнем нерухомасці, таксама даплачвалі за змену адраса яе месцазнаходжання.

Але гэта, як кажуць, заўвагі прыватнага характару. Усё з пункту гледжання ўпарадкавання ў адміністрацыйным дзяленні правільна і цывілізавана — так і павінна быць. Але ж давядзіце тады гэта да ладу, каб сістэма, якую ўпарадкавалі, без збояў працавала. Калі ўжо вырашана з агульнай па краіне электроннай базай (хто калі думаў яшчэ пятнаццаць гадоў назад, што можна будзе, не ўстаючы з канапы, заплаціць за тэлефон у вёсцы за сто кіламетраў?), дык увядзіце дэталёва ўсе звесткі, некалькі разоў пераправерыўшы. Бо камп'ютар, канешне, машына разумная, але калі ў агульную памяць хтосьці з адказных людзей з-за абыякавасці, неахайнасці, яшчэ па нейкай уважлівай або не прычыне не ўвёў, што ў нейкай вёсцы ёсць вуліца Цэнтральная, — гэта самая разумная машына ў банку, на пошце, у сістэме АРІП, пры аплаце праз інтэрнэт будзе выдаваць «памылку» і адмаўляцца працаваць далей.

Чалавечы фактар, які спараджае чалавечыя праблемы і чалавечыя трагедыі, па-ранейшаму кіруе светам?

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Каментары

А калі хто-небудзь наладзіць татальны кантроль заўсёй гэтай электроншчынай.Прынамсі, ў амерыканскіх фантастычных фільмах яно так і ёсьць і наадварот у нашым кінематографе:поўная ідылія будучнасці.На шчасце, такой уяўнай рэпетыцыі,на мой погляд,нябачна.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».