Вы тут

Як вякуюць і сустракаюць год Пеўня жыхары вёскі Петухоўшчына


Вёска Петухоўшчына (дарожнікі  на ўказальніку крыху памыліліся) знаходзіцца ў бойкім месцы: абапал аўтатрасы паміж двума райцэнтрамі Міншчыны — Нясвіжам і Стоўбцамі. Працягласць яе больш як два кіламетры. Дамы, як салдаты на парадзе, стаяць роўнымі радамі, а за імі цягнецца ланцужок гаспадарчых пабудоў. Вёска адносіцца да Нясвіжскага раёна, але літаральна за апошняй сядзібай пачынаецца Стаўбцоўшчына.


Дарога плюс газіфікацыя

— Нягледзячы на зручнае месцазнаходжанне, некалькі гадоў таму вёска лічылася неперспектыўнай, была на мяжы вымірання. У 2003 годзе тут стварылі кааператыў з ахвотных правесці прыродны газ. А ў канцы 2005-га «блакітнае» паліва паступіла ў дамы сяльчан. Гэта ўдыхнула ў Петухоўшчыну другое жыццё. Яна стала больш прыцягальнай і камфортнай для людзей. Тут пачалі набываць дамы мінчане. А спадчыннікі мясцовай нерухомасці сталі вяртацца на малую радзіму, парадкаваць будынкі і падворкі, — расказвае старшыня Сейлавіцкага сельвыканкама Васіль Чычко.

Мясцовая ўлада таксама ўсур'ёз занялася добраўпрадкаваннем населенага пункта. Знеслі будынак старога клуба, пустуючыя дамы. Прысядзібныя зямельныя ўчасткі ўвялі ў севазварот адкрытага акцыянернага таварыства «Сейлавічы». Праблемы з гэтым не было, бо надзелы прымыкаюць да сельгасугоддзяў гаспадаркі. А вось спадчыннікаў давялося шукаць, пісаць ім пісьмы з папярэджаннямі: не будуць даглядаць за «радавым гняздом» — пазбавяцца яго. У выніку тыя сталі рамантаваць дамы, ставіць новыя агароджы, вароты. Цяпер жыццё наладжваецца. Усяго ў Петухоўшчыне 53 дамы, у 39 з іх месцічы жывуць пастаянна, астатнія ажываюць увесну, калі сюды перабіраюцца з гарадоў дачнікі, прыязджаюць таксама расіяне, якія купілі тут жыллё. Большасць жыхароў вёскі — пенсіянеры. Людзей працаздольнага ўзросту мала. Але для іх ёсць магчымасць працаўладкавацца ў «Сейлавічах», дзе патрабуюцца даяркі і механізатары. Дарэчы, у гаспадарцы стабільнае фінансавае становішча. Ёсць работа — ёсць і зарплата.

Як птушкі выратавалі месцічаў...

Таццяна Казлоўская пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта вярнулася ў Петухоўшчыну, на сваю малую радзіму. Шмат гадоў выкладае рускую мову ў Навасёлкаўскай сярэдняй школе. Раней, акрамя гэтага, вяла і беларускую мову. Таццяна Аляксандраўна — сапраўдны патрыёт сваёй вёскі. Ніхто лепш за яе не ведае гісторыю Петухоўшчыны.

— Ёсць дзве версіі паходжання назвы, — расказвае яна. — Вельмі даўно населены пункт быў досыць кампактны. І сюды пракралася страшная хвароба. Людзі адзін за другім занядужвалі і нават паміралі. Яны звярталіся да варажбітак, лекараў, знахароў, але тыя не маглі дапамагчы. І нарэшце месцічы знайшлі чалавека, які прапанаваў паратунак. Жыхары сабралі з усёй вёскі пеўняў — чорных, рыжых, белых. Галоўнае — галасістых. Запрэглі іх у воз, а на воз пасадзілі чучала бабы, якое сімвалізавала хваробу, і аб'ехалі вакол сяла тройчы, а затым зрабілі плугам вялікую разору — і хвароба адышла. У гонар тых пеўняў-збавіцеляў вёску сталі называць Петухоўшчына. Гэта цікавая і прыгожая легенда, такой у нашай мясцовасці больш няма. Але з навуковага пункту гледжання больш праўдзівая другая: мястэчка калісьці падарылі чалавеку па прозвішчы Петухоў, відавочна, рускага паходжання. Потым ён і назваў вёску ў гонар сябе любімага.

— А ці водзяцца цяпер пеўні ў Петухоўшчыне? — пытаюся ў Таццяны Казлоўскай.

— У мяне аж тры прыгажуны. Калі былі маладзенькія, не пасекла. Цяпер яны спяваюць і каршуноў ад куранят адганяюць. Як жа ў сельскай мясцовасці без гэтай птушкі абыдзешся? Наша вёска размешчана на ажыўленай трасе, па якой людзі спяшаюцца па сваіх справах, у Нясвіж едзе шмат турыстаў. Дык нашы жыхары выносяць прадаваць яйкі — не раўня магазінным — натуральныя, жоўценькія, адно ў адно.

Новы год не свята — прысвятак

Спачатку Петухоўшчына была невялікая. Але ў гады калектывізацыі сталі звозіць сюды будынкі з хутароў. І вёска падоўжылася на кіламетр управа і на столькі ж улева, адпаведна і жыхарамі прырасла. У населеным пункце была пачатковая школа, затым зрабілі дзевяцігодку, якая дзейнічала дзесьці да 40-х гадоў мінулага стагоддзя. Пасля школа зноў стала пачатковай, бо новую каменную пабудавалі ў Навасёлках. У вёсцы працавалі крама, клуб, бібліятэка, але цяпер усе гэтыя ўстановы закрытыя. Праз дзень у вёску прыходзяць аўтакрамы: Нясвіжскага райспажыўсаюза, агракамбіната «Сноў», Еўраопта. Пенсіянераў такое становішча задавальняе. Гэта нагода сабрацца разам, абмеркаваць мясцовыя навіны.

— Да Новага года рыхтуецеся? — пацікавілася ў тых, хто чакаў краму на колах.

— Ужо закупілі ўсё неабходнае да святочнага стала. Наогул, што нам старым трэба, усяго хапае. Практычна праз дзень прывозяць і рыбу, і кураціну, вэнджаныя, вараныя каўбасы і «пальцам піханыя». А Новы год у нас лічыцца прысвяткам. Канешне, як заўсёды, упрыгожым ёлку — цяпер у лесе забаранілі высякаць, то многія абзавяліся штучнымі — сядзем за стол, праводзім стары год, згадаем, што было радаснага і не вельмі, дачакаемся віншавання Прэзідэнта, сустрэнем новы год. А там ужо кожны рашае сам: ці тэлевізар глядзець, ці спаць класціся. Можа, Курыловічы ды Віхры і феерверк у неба запусцяць, як летась. Мы — праваслаўныя, і больш значнае для нас — Каляды. Напярэдадні Раства з'ездзім у царкву ў Вішнявец або Нясвіж — там пабудавалі новы храм. Паслухаем «усяночную» па тэлевізары. А потым сядзем за стол з каляднымі стравамі.

— Будзем святкаваць традыцыйна, як заўсёды, — уступае ў размову Таццяна Аляксандраўна. — Вераб'ёў ужо даўно не ядзім.

— Вераб'ёў? — здзівілася я.

У адказ мая суразмоўніца засмяялася: «А вы не ведаеце, што ў беларусаў была традыцыя на Каляды смажыць вераб'я? Яго прыгожа, з годнасцю падносілі гаспадару, каб быў лёгкі і вёрткі, як гэты малы птах».

Асаблівыя людзі

Таццяна Аляксандраўна ўпэўнена, што другой такой вёскі, як Петухоўшчына, нідзе больш няма. Тут і паветра найлепшае: дыхаеш — не надыхаешся, і людзі асаблівыя. Душэўныя, чулыя, заўсёды дапамогуць, падтрымаюць, і ў горы, і ў радасці яны разам. Гэтыя якасці захаваліся здаўна. Яніна Дранчук, напрыклад, забрала да сябе былую свякроў Марыю Васільеўну Каструбай. Яніна Уладзіміраўна была замужам за яе сынам, які даўно памёр. Жанчына пабралася шлюбам з іншым мужчынам, нарадзіла дзяцей, дачакалася ўнукаў. Яе былая свякроў — самая старэйшая жыхарка Петухоўшчыны — 1925 года нараджэння. Канешне, фізічныя сілы пакідаюць яе, але ў жанчыны светлая памяць і розум. Яна ўсё помніць да дэталяў. Са сваім мужам пазнаёмілася падчас Вялікай Айчыннай вайны ў санітарным поездзе, дзе была медсястрой, мае ўзнагароды.

А яшчэ згадваюць, што ў Петухоўшчыне раней былі млын і ваўначоска. У хаце цёткі Стэфаніі, якую па-вясковаму называлі Стэняй, стаяў вялікі агрэгат, які перабіраў стрыжаную авечую поўсць, на выхадзе атрымліваўся роўны прыгожы гладкі рулон без касмылёў. Да Стэні прыязджалі людзі з усяго наваколля. Гаспадыня брала за работу ў каго грашыма, а ў некага натуральным таварам. Яе хата была раздзелена на дзве паловы: адна вытворчая, другая жылая. Далёкія кліенты тут маглі і пераначаваць на лаўцы. Жанчына памерла гадоў 9 таму, але і да гэтага часу тэлефануюць людзі з пытаннем: ці можна вычасаць воўну?

Гады чатыры назад у Петухоўшчыне з'явілася невялікая вытворчасць каваных вырабаў. Яе адкрыў індывідуальны прадпрымальнік Яўген Салавей у арандаванай былой краме райспажыўсаюза, якая пуставала.

— Вырабляем мангалы, агароджы, брамы, весніцы, поручні і іншае. Заказчыкаў шмат. Кантынгент розны: ад пенсіянераў да заможных людзей. Да кожнага індывідуальны падыход. Мы разумеем, што ў людзей цяпер мала грошай. Таму імкнёмся прытрымлівацца аптымальных цэн, якія б былі даступны простаму люду, а таксама выпускаць якасную прадукцыю: канкурэнты не даюць спаць у шапку. Мясцовым пенсіянерам бясплатна рамантуем тачкі, катлы і гаршкі.

Сапраўды, праязджаючы па Петухоўшчыне, заўважаеш нямала каваных вырабаў, якія ўпрыгожваюць сядзібы і падворкі. Гэтае аздабленне робіць вёску яшчэ больш утульнай і трошачкі чароўнай.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Нясвіжскі раён

Фо­та Сяр­гея НІ­КА­НО­ВІ­ЧА

Загаловак у газеце: Другое жыццё Петухоўшчыны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».