Вы тут

Доўгажыхарка — пра галодныя 30-я, паход у разведку і сучасныя крамы


«Ну, ці выглядаю я на 100 гадоў?» — з усмешкай пытае ў нас пры сустрэчы Ганна Георгіеўна ЯКУШКА. У гэтым месяцы яна адзначыла векавы юбілей. Ганна Георгіеўна родам з вёскі Малыя Бялевічы, што на Магілёўшчыне. «З доўгажыхароў я там адна такая», — не без гонару прызнаецца пенсіянерка. У роднае мястэчка яна прыязджае толькі ўлетку, а астатні час жыве ў мінскай кватэры разам са сваёй дачкой і зяцем. На сценах у пакоі жанчыны — каляровыя малюнкі праўнукаў, у шафе — тоўсты фотаальбом, які захоўвае памяць пра былыя часы. Якім было для яе гэтае стагоддзе? Ганна Георгіеўна падзялілася ўспамінамі.


Першая модніца на вёсцы

— Я ў сям'і самая малодшая з дзяцей была, чацвёртая, — расказвае пра сваё дзяцінства Ганна Георгіеўна. — Але не памятаю ні бацьку, ні маці. Мне чатыры было, калі засталася сіратой.

На выхаванне малых забрала бацькава радня. Адпраўляць у школу Ганну не хацелі: патрэбна была дапамога па гаспадарцы, асабліва калі старэйшыя браты і сястра раз'ехаліся. Але ў 10 гадоў дзяўчынка ўсё ж такі пайшла ў першы клас. Скончыла сямігодку. Можа, і далей вучылася б, ды насталі галодныя гады. У сям'і, якая гадавала Ганну, не хапала грошай, таму дзяўчыну аддалі работніцай у дом да дырэктара школы. Працы аказалася шмат: пяцёра дырэктарскіх дзяцей, якіх трэба накарміць і на заняткі адправіць, вялікая гаспадарка... З пяці гадзін раніцы Ганна была на нагах.

— А да трох ночы — на танцах у клубе. Зусім не высыпалася. Каб вочы не зліпаліся, намыльвала іх. Слёзы цяклі, затое спаць не хацелася, — са смехам расказвае суразмоўніца.

На танцах, дарэчы, яна і пазнаёмілася з будучым мужам, Пятром Адамавічам. У 1937 годзе пара ажанілася. Вяселле беднае было. Дзядзька Дзям'ян і цётка Грыпіна (бацькава радня) спраўляць дапамагалі. Што было, тое на стол і ставілі: сала, хлеб, яйкі, малочны кісель. Замуж дзяўчына выходзіла ў звычайнай сукенцы, якую сама некалі пашыла.

Пятрок — так ласкава Ганна Георгіеўна называе свайго мужа — маладую жонку песціў. Прывёз ёй неяк з іншага горада плюшавае паліто. Ганна была першай модніцай на вёсцы! Пётр тады старшынёй сельсавета працаваў, таму пра завоз новых рэчаў у сельмаг Ганна даведвалася адной з першых. Дагэтуль памятае, як за адзін паход у краму ёй удалося набыць асенняе паліто, касцюм і спадніцу, — сапраўдная раскоша для вясковай жыхаркі.

Праз год пасля вяселля ў сям'і нарадзілася дачка — Клара.

— Як я замуж выйшла, гэта былі лепшыя гады! — успамінае пенсіянерка. — А тады абарвалася ўсё...

Муж прапаў без вестак

Калі пачалася вайна, Ганне і яе мужу прапаноўвалі эвакуіравацца з вёскі. Але Пётр баяўся сельсавет пакінуць: ён абавязаны быў клапаціцца пра аднасяльчан, дзяжурыць ля тэлефона, каб не прапусціць важнае паведамленне. Казаў жонцы: «Едзь, а я застануся». Ганна не змагла пакінуць яго аднаго.

У армію Пятра не ўзялі, бо на адно вока дрэнна бачыў. Мужчына пайшоў у партызаны. Там і загінуў.

— На іх немцы ў 1942 годзе аблаву зрабілі. Лес спалілі, дзе яны хаваліся. Амаль увесь атрад знішчылі. Пятрок прапаў без вестак. Я шукаць яго хацела, але брат мой — ён таксама партызанам быў — сказаў, што не знайду нічога...

Сама Ганна Георгіеўна ў вайну дапамагала партызанам. Варыла ім есці і нават у разведку аднойчы хадзіла. Камандзір 113-га партызанскага атрада Канстанцін Белавусаў паслаў яе ў суседнюю вёску Вендараж за 15 кіламетраў. Свякрусе Ганны страшна было адпускаць дзяўчыну адну, з ёй у разведку напрасілася. Жанчыны прыдумалі сабе легенду: маўляў, да ўрача ім трэба, ва ўчастковую бальніцу.

— Даязджаем да Вендаражы, а я ўжо бачу, што ля школы робіцца: поўна людзей, коней, — аднаўляе ў памяці падзеі тых дзён доўгажыхарка. — Хлопчыкі нас на дарозе сустрэлі. Казалі не ехаць туды, а то і нас прымусяць працаваць. А я ўжо даведалася, што трэба было, развярнулася дадому. Але паехала не напрамкі, а спачатку ў Паддуб'е, дзе мяне сустрэў партызан. Я ўсё расказала. Уначы партызаны разбілі той нямецкі гарнізон.

У 1943 годзе Малыя Бялевічы спалілі. Вяскоўцаў папярэдзілі пра прыход гітлераўцаў, і моладзь паспела збегчы ў лес. Свякруха Ганны на сваю бяду засталася дома: шкада скаціну было пакідаць. У той дзень немцы забілі 38 чалавек: сагналі ў хлеў і падпалілі. Калі астатнія жыхары вёскі вярнуліся, то ўбачылі цэлымі толькі тры хаты.

Многае за вайну давялося перажыць. Ганна Георгіеўна расказвае, што сяльчане трымаліся адно аднаго. Неяк яна сядзела з жанчынамі на лаўцы, падышлі немцы. Запыталі: «Дзе тут Якушка Ганна?» — «А яна авёс жне на полі», — не выдалі яе суседкі.

Назбіраць на новую хату

Аднаўляць гаспадарку пасля вайны давялося жанчынам.

— Нічога ў калгасе не было: ні тэхнікі, ні скаціны. Каб пасеяць зерне, зямлю лапатамі капалі. Потым нейкі плуг з'явіўся, мы, бабы, самі яго цягалі. Мяхі з зернем па 16 кілаграмаў на плячах насілі. Кароў з-пад самага Магілёва прыгналі. Адразу людзям малако раздавалі, ужо пасля ферма пабудавалася.

Ганна Георгіеўна да самай пенсіі ў сельскай гаспадарцы працавала. Спачатку загадчыцай фермы была, потым на палявых работах шчыравала. Замуж жанчына больш так і не выйшла. Кажа, не хацела. Баялася, што Клару крыўдзіць будуць. Хоць мужчыны на Ганну заглядаліся. Ад службовага рамана — кавалерам быў старшыня калгаса — яна нарадзіла другую дачку Ларысу.

— Я хацела яшчэ дзіця. Думала: у мяне толькі адна дачка, не будзе ёй да каго прыхінуцца, — тлумачыць нам. — Дваіх дзяцей сама выгадавала. Ніколі не стаяла з працягнутай рукой, хоць шмат грошай не было. Дый адкуль тыя грошы ў калгасе? Каб хоць які дадатковы прыбытак мець, то яйкі свае прадавала, то цялё.

Пытаюся, ці святкавалі яны тады Новы год. «А як жа, — адказвае суразмоўніца. — Збіраліся з жанчынамі, прыносілі для застолля гарэлку, сала. Песні спявалі».

Ужо на пенсіі Ганна Георгіеўна пабудавала сабе новы дом, у які цяпер улетку ўсёй сям'ёй і прыязджаюць. Калі ў калгасе выдавалі лес на хату, казалі жанчыне: «Звані зяцю, няхай грошы высылае». А тая з гонарам адказала, што сама змагла сабраць патрэбную суму.

Галоўнае багацце

У нашы часы, кажа Ганна Георгіеўна, ёй добра жывецца. «Калі ў горад толькі пераехала, любіла хадзіць па крамах. Каб у маёй маладосці столькі ўсяго было!»

А вось асвоіць сучасныя тэхналогіі ўжо не ўдалося: не той зрок.

На пытанне пра сакрэт даўгалецця бабуля паціскае плячыма.

— Сама не ведаю, — усміхаецца. — Можа, справа ў тым, што ніколі не сядзела на месцы. Я працаголік, а цяпер сумна: гады бяруць сваё, па мне ўжо няма работы. Толькі бялізну пасля мыцця складваць.

Гэты Новы год Ганна Георгіеўна традыцыйна будзе сустракаць у сямейным коле. Клапатлівыя дзеці, любімыя ўнукі і праўнукі — гэта, бадай, галоўнае багацце, якое яна прыдбала за свой век.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фо­та Сяр­гея НІ­КА­НО­ВІ­ЧА

Загаловак у газеце: Летапіс асабістай гісторыі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.