Вы тут

Святочныя байкі ад бабруйскіх ратавальнікаў


Для большасці з нас Новы год — выхадны дзень, а для ратавальнікаў — службовыя будні. Але гэты дзень усё роўна адрозніваецца ад любога іншага. Таму і гісторыі, звязаныя з ім, запамінаюцца надоўга. Бабруйскія ратавальнікі з задавальненнем падзяліліся некаторымі з іх.


Блуканні каля хаты

Два былыя ратавальнікі пенсіянеры, Пятро і яго сябра па мянушцы Булькатун, любілі пасля застолляў паспрачацца, хто лепей пажары тушыў. Абодвум было ўжо за 80, калі адбылася гэта гісторыя. Булькатун хварэў на курыную слепату, у цемры нічога не бачыў. Аднойчы пасля таго, як яны разам адзначалі Новы год, Пятро пайшоў праводзіць Булькатуна дахаты. На вуліцы — хоць вока выкалі, Булькатун нават пачаў хвалявацца, што яны заблукаюць у цемры. Пятро супакоіў: не перажывай, маўляў, давяду. Усё было добра да таго моманту, пакуль яны зноў не пачалі спрачацца. І Пятро вырашыў з сябра пажартаваць. «Вой, дружа, дык мы ж з табой заблукалі», — зрабіў выгляд, што яму сапраўды страшна. Булькатун адразу ж прыціх. Пятро ледзь стрымліваўся, каб не засмяяцца ўслых. Перад імі хата сябра, а гаспадар стаіць разгублены. «Вось, трымайся за дрэва, — загадаў Пятро. — А я пайду людзей пашукаю. Чуеш, дзесьці сабакі брэшуць». Сам пайшоў дамоў спаць, думаў, што таварыш хутка зразумее, што ён каля сваёй хаты. Але ж Булькатун і не ўцяміў, куды ісці, стаіць сабе, за дрэва трымаецца. А холадна. Трываў да апошняга, а потым пачаў крычаць: «Людзі, дапамажыце!» На крыкі выйшла жонка. «Вось дурань, напіўся так, што дома роднага не бачыць», — папракнула яна і павяла небараку ў хату.

А яна як шыбане токам

Перад Новым годам кожны стараецца нешта новенькае для дома прыдбаць. Вось і жонка аднаго ратавальніка купіла люстру. І так ёй закарцела хутчэй яе падвесіць, што ледзь дачакалася мужа з дзяжурства. Чалавек суткі працаваў, на пажары ездзіў, спаць хоча — памірае. Але жонцы пярэчыць не стаў, палез з гэтай люстрай на зэдлік. Трымае яе пад столлю, а жанчына знізу кіруе — адсунь, прысунь. Мужык ледзь трымаецца, каб не заснуць, яго то ў адзін бок павядзе, то ў другі. Жонка яго вазьмі і ўшчыпні, каб не спаў. Той, як падкошаны, бухнуўся на падлогу і ўзвыў ад болю. На карэце хуткай дапамогі завезлі яго ў бальніцу, урач вынес прысуд — пералом. Пытаецца, як гэта вы, даражэнькі, у сваёй жа кватэры нагу зламалі? А той з усёй шчырасцю: не паверыце, доктар, глядзеў, дзе б люстру падвесіць, а яна як шыбане токам. Ды не па руках!

«НЛА» на антэне

Адзін недаверлівы палкоўнік святкаваў Новы год дома, але вырашыў пракантраляваць, як яго падначаленыя ў святочную ноч працуюць. Патэлефанаваў у часць каля 4 гадзін ночы і кажа: з міліцыі паведамілі, што нейкі шар зачапіўся за антэну нашай вышкі радыёсувязі, зараз прыедуць, а вы дапамажыце ім зняць. Усё гэта ён прыдумаў, каб народ не драмаў. А сам з пачуццём выкананага абавязку пайшоў спаць. Дыспетчар не вельмі зразумела, што да чаго, але пакінула на месцы сваю памочніцу, а сама разам з адным з ратавальнікаў пайшла па тэрыторыі шукаць той шар. Яны і ліхтарыкам на тую вышку свяцілі, і вакол усе дрэвы і будынкі агледзелі. Паўгадзіны блукалі, але нічога не знайшлі. Спалоханыя, тэлефануюць начальніку: так, маўляў, і так. Шара няма, міліцыя не прыязджала. А той нічога зразумець не можа. Які шар? Якая міліцыя? Толькі потым да яго дайшло што да чаго.

«А вы хто?»

Здарылася гэта ў 90-я гады. У пажарнай часці вырашылі свайго работніка апрануць Дзедам Марозам, каб дзецям супрацоўнікаў падарункі разнёс. Адна сям'я якраз напярэдадні свята атрымала кватэру ў новым доме. Акрамя Дзеда Мароза і Снягуркі яны запрасілі яшчэ і калегу, які добра граў на гармоніку. І вось адправілася вясёлая кампанія да іх у госці. Хутка знайшлі гэты дом, селі ў ліфт і паехалі на сёмы паверх. Ліфт невялікі, а ўсе ўдзельнікі мерапрыемства ў святочных касцюмах ды яшчэ з падарункамі, нехта з іх выпадкова зачапіў кнопку, і ліфт стаў. Яны пажартавалі і зноў націснулі на сямёрку. Праехалі паверх — зноў «аварыя». Ціснуць кнопку, а ліфт не кранаецца з месца. «Захраслі», — вырашылі сябры і давай шумець, каб прыцягнуць увагу. Мабільнікаў тады яшчэ не было.

Нарэшце ў іх пытаюцца: а вы хто? Яны ў адказ: пажарны Дзед Мароз і яго сябры. Мужчына, які вёў з імі перагаворы, аж раззлаваўся: «Калі не жадаеце прызнавацца, міліцыю выклікаю». На гэта яму з ліфтавай кабіны гармонік зайграў. Усё скончылася тым, што ліфт адкрылі толькі тады, калі прыехала міліцыя. І тут, як той казаў, адбылася нямая сцэна. Ніхто не думаў, што ў ліфце сапраўды Дзед Мароз. Хутка высветлілася, што непаразуменне адбылося з-за падлеткаў, якія панадзіліся катацца на ліфце то ўверх, то ўніз. Старшыня дамавога камітэта папрасіў ліфцёра, каб ён, калі гэтыя хуліганы зноў будуць надакучаць, выключыў ліфт і паклікаў яго. Ліфцёр так і зрабіў. Бедалагі ж амаль паўгадзіны ў ліфце прасядзелі.

Дзед Мароз, чорт і пажарны

У пажарную часць №1 запрасілі неяк артыстаў з тэатра для навагодняга прадстаўлення. Гэта таксама было ў 90-я. Народ тады вельмі хуліганіў, салюты ў вокны заляталі. На святы, як заўсёды, у кожнай часці ўводзілася ўмацаванне. Замест звычайных дзвюх каманд дзяжурылі тры. У той дзень, калі намячалася прадстаўленне, з тэатра чакалі пяцярых акцёраў, а прыйшло толькі трое. Па сцэнарыю ім не хапала Дзеда Мароза і чорта, яны прапанавалі загрыміраваць пад іх двух ратавальнікаў. Сказалі, што ім нічога рабіць не прыйдзецца, яны самі за ўсіх адыграюць. Справу даручылі запасной трэцяй камандзе, спадзяваліся, што ім нікуды ехаць не прыйдзецца. Хлопцаў апранулі як трэба, загрыміравалі і запрасілі на сцэну. Тут, як назло, пасыпаліся званкі. Першая каманда паехала, за ёй у хуткім часе адправілася другая. Першыя яшчэ не паспелі вярнуцца, як чарговы выклік — у Новай Слабодцы хлеў загарэўся. «Запасныя» паскакалі ў машыну проста са сцэны і — паехалі. Як потым высветлілася, дзед гнаў самагонку, глынуў першака і захацеў закусіць. Пабег у хлеў па яйкі, цыгарэта выпала, і пачала гарэць салома. Ён яе снегам закідаў, але на ўсялякі выпадак выклікаў ратавальнікаў. Тыя прыехалі, хуценька справіліся з усім і паехалі. Да дзеда суседзі збегліся, пытаюцца: што гарэла? А ён ім адно і тое ж паўтарае: іх трое было — Дзед Мароз, чорт і ратавальнік. Людзі думаюць, зусім стары розум страціў. Дзед потым сам тэлефанаваў у «пажарку», каб спытацца, хто ж да яго прыязджаў. Ледзь супакоілі.

Навагоднія гісторыі расказвалі ратавальнікі пажарна-аварыйных часцей №№1 і 2 горада Бабруйска падпалкоўнік Алег Гладкевіч, старшына Аляксандр Булацкі, старшы сяржант Міхаіл Зайцаў і маёр Уладзімір Будко.

А запісала Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Новы год з агеньчыкам

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.