Вы тут

Успамінаем самыя яркія спартыўныя падзеі 2016-га


Адыходзячы год падарыў нам нямала эмоцый, іх спектр быў цалкам розны, але, здаецца, так яно і павінна быць. Спорт — гэта людзі, гэта іх жыццё, іх лёсы, а значыць, там абавязкова здараюцца і ўзлёты, і падзенні. 2016-ы атрымаўся далёка не адназначным як для сусветнага спорту, так і для нашага, беларускага, таму ў навагоднім рэйтынгу «Звязды» мы ўзгадваем не толькі прыемныя моманты, але і расчараванні.


1. Супярэчлівы Рыа

У год, калі праходзяць Алімпійскія гульні, летнія або зімовыя, для спартсменаў і ўсіх людзей у свеце спорту не можа быць спаборніцтваў больш важных і прэстыжных, чым Алімпіяда. Гульні-2016 яшчэ да свайго пачатку нарабілі шмат шуму і абяцалі стаць аднымі з самых скандальных. Перш за ўсё, гэта звязана з палітычнымі і эканамічнымі праблемамі прымаючай краіны — Бразіліі. Негатоўнасць спартыўных аб'ектаў, недабудаваная алімпійская вёска, недастатковыя меры бяспекі — усё гэта было, і часам ці то журналісцкія выдумкі, ці то рэчаіснасць наогул ставілі Алімпіяду ў Рыа-дэ-Жанэйра пад пагрозу зрыву. Па меры набліжэння галоўных стартаў узнікла яшчэ адна вострая праблема — допінг. Шэраг скандалаў на гэтую тэму пракаціўся, здаецца, па ўсім свеце, закрануўшы самыя магутныя спартыўныя дзяржавы. Абвінавачванні прад'яўляліся асобным спартсменам, федэрацыям і цэлым краінам. Часам гэтыя абвінавачванні ставіліся пад сумненне і выглядалі цалкам неабгрунтаванымі. Такая несправядлівасць не абмінула і нашу краіну: напярэдадні адлёту ў Бразілію былі дыскваліфікаваныя нашы весляры. Нягледзячы на ўзмоцненую барацьбу спартыўных чыноўнікаў, не атрымалася вярнуць мужчынскую зборную ў Рыа, тым самым, магчыма, мы не далічыліся некалькіх алімпійскіх медалёў. Шкада.

Але, нягледзячы на ўсё, Алімпіяда ў Рыа адбылася, там былі перамогі, рэкорды і слёзы паражэнняў — усё як мае быць. Яна ўсё роўна стала вялікім спартыўным святам.

2. «Залаты» батут Ганчарова

Бясспрэчна, самай яркай падзеяй Алімпійскіх гульняў 2016 года для ўсіх беларусаў стала выступленне батутыста Уладзіслава Ганчарова, які прынёс у скарбонку краіны адзіную залатую ўзнагароду. У фінальным скачку ён абыграў самых прынцыповых сапернікаў — кітайцаў, і ўпершыню ў гісторыі беларускага спорту заваяваў алімпійскі медаль у гэтым відзе праграмы.

— Калі шчыра, ехаў сюды за «серабром» ці «бронзай». Але кітайскія спартсмены завагаліся, і з'явілася «акенца». Верыў у сябе, доўга да гэтага ішоў, і ўпусціць такі шанц было б вельмі крыўдна, — сказаў Уладзіслаў пасля перамогі.

Пазней яго прызнаюць ганаровым грамадзянінам роднага для Ганчарова Віцебска, а потым — лепшым спартсменам года ў краіне. І ён гэта заслужыў. Дзякуй, Улад!

3. Сем медалёў Бокага

Ураджэнец Бабруйска 22-гадовы Ігар Бокій стаў рэкардсменам па колькасці ўзнагарод Параалімпійскіх гульняў адыходзячага года. На яго рахунку шэсць залатых і адзін бронзавы медаль у плаванні. Ва ўсім свеце Бокага ўжо назвалі «беларускім Фэлпсам», але Ігар пасля поспехаў не страціў сваю сціпласць — нягледзячы на шматлікія ўзнагароды, сёння ён працягвае трэніравацца і плануе дасягнуць яшчэ большых вынікаў.

— Наперадзе хапае вяршынь, якія хочацца пакарыць. Буду імкнуцца дасягаць лепшых вынікаў, перамагаць самога сябе, — кажа спартсмен.

4. Спартыўны бэбі-бум

Вясной 2016 года стала вядома, што самая тытулаваная біятланістка краіны Дар'я Домрачава і не менш вядомы нарвежскі спартсмен Б'ёрндален стануць бацькамі. Выдатная падзея ў іх сям'і адбылася 1 кастрычніка: у адным са сталічных радзільных дамоў краіны на свет з'явілася маленькая Ксенія. Але шчаслівыя бацькі не доўга ўпіваліся радасцю, бо на носе было адкрыццё біятлоннага сезона. Сёння Б'ёрндален на лыжні, а Дар'я ўжо больш за месяц трэніруецца і ў пачатку 2017 года плануе вярнуцца ў вялікі спорт.

Яшчэ адна падобная навіна здзівіла ўсіх незадоўга да Алімпійскіх гульняў. На гэты раз пра сваё «цікавае становішча» заявіла яшчэ адна алімпійская чэмпіёнка — Вікторыя Азаранка. У пачатку года яна выйграла прэстыжны турнір у Брысбене і Індыян-Уэлсе, пасля ў Вікторыі ўзніклі праблемы са здароўем, а потым неўзабаве з'явілася радасная навіна аб цяжарнасці. 20 снежня на свет нарадзіўся Леа Аляксандр, менавіта так Азаранка назвала свайго першынца. У вялікі спорт у 2017 годзе Вікторыя вяртацца не збіраецца, а вось у 2018-м ужо абяцае ззяць на кортах. Чакаем.

Напрыканцы адыходзячага года бацькам стаў і самы вядомы беларускі футбаліст Аляксандр Глеб — у спартсмена і яго жонкі Святланы нарадзілася дачка.

5. Мы ўсе заслужылі гэтыя Еўрагульні

На працягу ўсяго 2016-га Беларусь прымала прэстыжныя спартыўныя турніры і важныя мерапрыемствы. Бліжэй да завяршэння года стала вядома, што Мінск увайшоў у топ-20 спартыўных гарадоў свету. Цяпер мы ў адным шэрагу з такімі грандамі, як Парыж, Токіа, Лондан. Пагадзіцеся, прыемна.

Умацаваць сваё становішча і павысіць імідж сярод сусветных лідараў у нас яшчэ будзе магчымасць, калі Беларусь правядзе Еўрапейскія гульні, якія намечаны на 2019 год. Нагадаем, рашэнне аб гэтым было прынята па выніках галасавання на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, якое прайшло ў кастрычніку ў Мінску.

6. Міма Пхёнчхана...

Можа, так нам і трэба? Таму што адным з самых галоўных расчараванняў гэтага года стала выступленне нацыянальнай зборнай па хакеі. Спачатку нашы няўдала правялі чэмпіянат свету ў Санкт-Пецярбургу, дзе ўступілі як сусветным грандам — зборным Фінляндыі, ЗША, Канады, сераднякам — Германіі і Славакіі, так і аўтсайдарам — венграм. Перамогшы толькі французаў, зборная Беларусі цудам змагла ўтрымацца ў эліце. Але праз тры месяцы нашых хакеістаў зноў чакаў сур'ёзны і яшчэ больш адказны экзамен — алімпійская кваліфікацыя. За права паехаць на Алімпійскія гульні ў Паўднёвую Карэю на родным лёдзе мы змагаліся са зборнымі Даніі, Славеніі і Польшчы і гэтую барацьбу, на жаль, прайгралі, адправіўшы ў Пхёнчхан славенцаў.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ад смутку да радасці

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.