Вы тут

Медыйныя персоны вызначылі тры падзеі года


Ігар МАРЗАЛЮК, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу:

Ігар МАРЗАЛЮК

1. Калі казаць пра Беларусь, то, безумоўна, самая галоўная, хвалюючая падзея — парламенцкія выбары і іх вынікі. Мне прыйшлося прайсці праз усе гэтыя этапы, выпрабаванні... А для майго рэгіёна, для Магілёўшчыны, лічу, найважнейшая падзея — гэта «Дажынкі» ў Мсціславе. Яны, дарэчы, мелі выразнае гісторыка-культурнае адценне. Я ганаруся тым, што разам з камандай выдатных магілёўскіх адміністратараў мы здолелі зрабіць наш старажытны Мсціслаў яшчэ больш прыгожым.

2. Прыемна, што гэты год быў завершаны з нармальнымі поспехамі, у тым ліку і навуковымі. Напрыканцы года я напісаў чарнавы варыянт сваёй чарговай кнігі. Думаю, што налета будзе анонс калектыўнай манаграфіі, прысвечанай беларуска-рускаму памежжу ў XVІ стагоддзі.

3. Падзея сусветнага значэння — гэта, безумоўна, выбары Прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі, бо ў дадзеным выпадку гэта якраз тое, што абумоўлівае ў многім вектар развіцця іншых частак свету. Як бы нам ні хацелася быць незалежнымі ад гэтай краіны, але ўсё прывязана да таго, наколькі ўраўнаважаны і разумны чалавек прыходзіць там да ўлады. З улікам прыходу Трампа адчуваю стрыманы аптымізм. Будзем думаць, што для Беларусі гэты выбар амерыканскага народа — зусім не самы горшы варыянт. Прынамсі, як мне здаецца, гэта чалавек не абцяжараны ідэалагемамі, ён бізнесмен, які глядзіць на свет праз прызму рэалізму.


Ірына ДАРАФЕЕВА, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы:

Ірына ДАРАФЕЕВА

1. У першую чаргу сярод важных для мяне асабіста падзей адыходзячага года трэба назваць выбранне ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Усё было вельмі хвалююча, для мяне гэта стала вельмі сур'ёзным крокам. Я рада, што гэты этап у маім жыцці пройдзены паспяхова, застаецца толькі пацвярджаць яго годнай працай.

2. Другая падзея, відаць, таксама немалаважная — прэм'ера новага мюзікла «Казанова». Яго паставіў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, выканаўцамі выступілі нашы студэнты, а я была мастацкім кіраўніком гэтага праекта. Мюзікл ствараўся сумесна з рэжысёрска-пастановачнай групай з Расіі пад кіраўніцтвам прадзюсара і кампазітара Кіма Брэйтбурга. Прадстаўленне атрымалася вельмі жывое, вясёлае, мегаэнергічнае!

3. Яшчэ адна падзея — гэта мюзікл, у якім я асабіста прымаю ўдзел як актрыса. Ён называецца «Джэйн Эйр», у снежні адбылася яго прэм'ера. Спадзяюся, што абодва праекты будуць жыць доўга, і у мяне будзе магчымасць выходзіць на сцэну да сваіх любімых гледачоў на працягу многіх гадоў.


Аляксандр ЖУК, рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта:

Аляксандр ЖУК

1. Першым дасягненнем стала павелічэнне ў краіне колькасці педагагічных класаў. Наша ідэя падрыхтоўкі вучняў да свядомага выбару педагагічнай прафесіі становіцца ўсё больш папулярнай. Пасля першага года работы педагагічных класаў і груп інтарэс да іх вырас удвая! Мы звязваем з іх выпускнікамі сур'ёзныя надзеі.

2. Па-другое, у верасні адкрыўся спартыўны комплекс БДПУ на базе стадыёна «Лакаматыў» — гэта было феерычнае спартыўнае свята. На працягу года за кошт уласных і прыцягнутых сродкаў правялі комплексную мадэрнізацыю аб'екта. Вонкавае аблічча старога стадыёна атрымалася захаваць, разам з тым ён займеў новыя трыбуны з большай колькасцю пасадачных месцаў, два футбольныя палі са штучным пакрыццём і газонам і самае сучаснае абсталяванне. Футбольнае поле, якое адпавядае сусветным стандартам, — вынік спонсарскай дапамогі Беларускай федэрацыі футбола.

3. І трэцяя знакавая падзея ў жыцці нашай ВНУ ў адыходзячым годзе — адкрыццё абноўленай экспазіцыі Музея педагагічнага ўніверсітэта. Яе прастора зроблена з акцэнтам на інтэрактыўнасць і новыя інфармацыйныя тэхналогіі. З дапамогай інфакіёскаў у выглядзе мультымедыйных панэляў наведвальнікі могуць азнаёміцца з гісторыяй ВНУ самастойна. Кожны экспанат музея забяспечаны персанальным QR-кодам: сканіраваўшы яго, госці могуць атрымаць малюнак з падрабязнай інфармацыяй на свой смартфон або планшэт. Гэта сучасна, цікава студэнтам і моладзі і адкрывае шырокія магчымасці для навуковай і творчай работы выкладчыкаў.


Рыгор БЫСЮК, дырэктар мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой»:

Рыгор БЫСЮК

1. Выбранне ў склад Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Гэта, несумненна, вялікі давер землякоў і велізарная адказнасць. У якасці сенатара я ўдзельнічаў у сесіях верхняй палаты парламента, у пасяджэнні камісій. У снежні працаваў на семінары па пытаннях смяротнага пакарання, арганізаваным Міністэрствам замежных спраў краіны і прадстаўніцтвам Савета Еўропы. Гэта было цікавае, змястоўнае, інфармацыйна-насычанае мерапрыемства, якое, несумненна, будзе мець працяг.

2. Важнай падзеяй для мяне, калектыву нашага мемарыяла і тых людзей, хто цікавіцца гісторыяй сваёй радзімы, былі сёлетнія юбілеі. Мы адзначылі 60-годдзе музея абароны крэпасці і 45-годдзе адкрыцця мемарыяльнага комплексу. Святочныя даты сталі свайго роду аглядам таго, што ўдалося зрабіць за апошні час. Мы рады былі запрасіць шматлікіх гасцей як у вядомы ўсім Музей абароны, з якога і пачыналася гісторыя мемарыяла, так і ў новую экспазіцыю пад назвай «Музей вайны — тэрыторыя міру», а таксама музей фартыфікацыйных пабудоў старой крэпасці «5-ы форт».

На святочныя мерапрыемствы прыехалі наведнікі з Расіі, Казахстана, іншых краін. Адбыліся прэзентацыі новых кніг, дакументальных фільмаў пра нашу святыню. Усё гэта мы будзем выкарыстоўваць у далейшай рабоце на карысць шматлікіх наведвальнікаў. Іх у гэтым годзе пабывала звыш 400 тысяч.

3. Да нас адкрылі дарогу! Участак дарогі ад вуліцы Леніна да галоўнага ўвахода ў мемарыяльны комплекс — знакамітай зоркі — быў закрыты на рамонт амаль паўгода. На нязручнасці нам пастаянна ўказвалі прадстаўнікі турфірмаў, госці, наведвальнікі. Усіх мы прасілі пацярпець. І вось дарога — абноўленая, прыгожая, шырокая — вядзе з галоўнай вуліцы горада проста ў мемарыял! І наша зорка відна здалёк. Асабліва цяпер, калі горад ззяе новай святочнай ілюмінацыяй, па гэтай дарозе прыемна ехаць, а таксама няспешна прагульвацца па тратуары.


Ганна ЗАКРЭЎСКАЯ, начальнік аддзела даследавання рынка працы, занятасці і сацыяльнай абароны насельніцтва Навукова-даследчага інстытута працы:

Ганна ЗАКРЭЎСКАЯ

1. На першае месца я паставіла б павышэнне пенсійнага ўзросту. Гэта важная падзея і для людзей, і для краіны ў цэлым. Яна акажа свой уплыў на рынак працы і на ўсіх нас. Колькасць працаздольнага насельніцтва ў краіне змяншаецца і, па прагнозах, будзе скарачацца і ў далейшым. Павышэнне пенсійнага ўзросту дазволіць кампенсаваць гэтае скарачэнне. Да таго ж я як спецыяліст у галіне даследаванняў рынка працы, занятасці і сацыяльнай абароны насельніцтва бачу, што пажылыя людзі цяпер жывуць даўжэй, і іх эканамічная актыўнасць расце. Гэта добрыя знакі.

2. Наступнай падзеяй я назвала б ратыфікацыю Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў. Для краіны гэта вельмі значны і адказны крок. Нашым інстытутам цяпер распрацоўваецца праект Нацыянальнага плана дзеянняў па рэалізацыі палажэнняў Канвенцыі. Гэты дакумент, а самае галоўнае, намаганні дзяржавы па яго выкананні могуць значна памяняць жыццё ў лепшы бок усім людзям з інваліднасцю, дазволіць ім сапраўды адчуць, што яны роўныя з усімі астатнімі членамі грамадства — ва ўсіх сферах жыцця.

3. Трэцяя падзея, значная асабіста для мяне: я паспяхова здала кандыдацкія экзамены ў аспірантуры. Зараз працую над дысертацыяй па пытаннях рэгулявання занятасці насельніцтва. Тэма вельмі актуальная. Напрацоўкі нашага інстытута будуць выкарыстаны ў прапановах і рашэннях, якія акажуць уплыў на самыя шырокія пласты насельніцтва. Напрыклад, пры прыняцці рашэння аб страхаванні ад беспрацоўя і многіх іншых. І я разумею, як гэта важна і адказна.


Уладзімір ПРАКАПЦОЎ, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь:

Уладзімір ПРАКАПЦОЎ

1. Год, што адыходзіць, стаўся для нас сапраўды Годам культуры. Значнай падзеяй, якая адбылася сёлета з удзелам нашага музея, назаву і ІІІ Нацыянальны музейны форум, што прайшоў у Магілёве.

2. Адметна, што сёлета мы здолелі арганізаваць дзве знакавыя выстаўкі. Гэта «Іканапіс Беларусі XVІІ — XXІ стагоддзяў» у музеях Ватыкана, экспазіцыя, у адкрыцці якой прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

3. А напрыканцы года беларускія абразы з нашых фондаў былі прадстаўлены ў музеі Эль Грэка ў іспанскім Таледа.


Дзмітрый ШЛЯХЦІН, дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны:

Дзмітрый ШЛЯХЦІН

1. На мой погляд, адной з галоўных сёлетніх падзей было абвяшчэнне Года культуры. Гэта выразны прыклад падтрымкі дзяржавай ініцыятывы творчай інтэлігенцыі, экзамен для ўсёй сферы, для кожнай арганізацыі і кожнага работніка. Да ўсіх значных мерапрыемстваў выпрацоўваліся і рэалізоўваліся новыя падыходы. Вялікая ўвага была звернута на стан матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры. А перадача ў крыпту храма-помніка Усіх Святых зямлі з магілы Багдановіча — увогуле без каментарыяў, такіх эмоцый я ўжо даўно не адчуваў.

2. Менавіта сёлета быў прыняты дакумент стратэгічнага характару — Кодэкс аб культуры. Гэта вялікая праца калектыву распрацоўшчыкаў па кадыфікацыі ўсяго масіву прававой базы ў сферы культуры. Значэнне гэтага нарматыўнага прававога акта прызнана на міжнароднай арэне. Шмат навацый, вырашаных пытанняў. Значна пашыраны правы і магчымасці ўстаноў культуры. На заканадаўчым узроўні замацаваны паняцці «мецэнат» і «спонсар» культуры, што павінна стаць дадатковым стымулам да прыцягнення прыватнай ініцыятывы ў гэтую сферу.

3. Падзеяй года, для мяне асабіста, стала маё прызначэнне на пасаду дырэктара аднаго з найбуйнейшых і найлепшых музеяў краіны. Работа адказная, ужо ўзяты значны тэмп у развіцці. Мільённы наведвальнік, якога мы ўшаноўвалі на днях, — адзін з найважнейшых вынікаў работы музея за два з паловай гады ў новым будынку. Будзем і надалей рабіць усё для таго, каб музей заставаўся адным з самых запатрабаваных і наведвальных у краіне. Спадзяюся, што рэалізуем усе задуманыя на наступны год планы. Галоўнае, каб толькі хапіла гадзін у сутках і дзён у месяцах.


Мікалай КАЗЕКА, трэнер нацыянальнай зборнай па фрыстайле, чые вучні заваявалі шэсць алімпійскіх медалёў:

Мікалай КАЗЕКА

1. 2016 год, напэўна, не быў для мяне нейкім асаблівым. Пражылі мы яго звычайна, як і большасць папярэдніх гадоў. Усё маё жыццё звязана са спортам, таму, вядома, самай яркай падзеяй адыходзячага года назаву Алімпійскія гульні ў бразільскім Рыа-дэ-Жанэйра. Больш за ўсё мяне там уразіла перамога Уладзіслава Ганчарова. Не таму, што гэта адзінае наша «золата» на Алімпіядзе, а таму, што гэты медаль быў заваяваны ў маім любімым відзе спорту — скачках на батуце. Ім я займаўся з дзяцінства і стаў чэмпіёнам СССР. У жыцці ўжо бачыў не адны Алімпійскія гульні, і таму магу сказаць, што Алімпіяда-2016 не стала асаблівай. Яна запомнілася як станоўчымі момантамі, калі беларускія спартсмены падымаліся на п'едэстал, так і адмоўнымі, калі мы ў вялікай колькасці чулі скаргі аб умовах правядзення спаборніцтваў у Рыа. Значную лыжку дзёгцю ў гэтае спартыўнае свята дадалі і допінгавыя скандалы, якія расцягнуліся на ўвесь год.

2. Вядома, кожны год можна ацэньваць з двух полюсаў, гэта як два бакі аднаго медаля. У 2016-м свет ускалыхнула чарада тэрактаў у Еўропе, наш час настолькі неспакойны цяпер... Думаю, такія сумныя падзеі заўсёды прыносяць трывогу ў сэрцы не толькі тых людзей, краіны якіх падвергліся нападзенням, але і ўсіх жыхароў планеты.

3. А з асабістых, менш маштабных падзей — 2016 год стаў запамінальны тым, што я пераехаў у новую кватэру. Гэта таксама значны момант, але ўжо толькі ў маім жыцці.


Таццяна Адамян, дырэктара Віцебскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна:

Таццяна Адамян

1. У Год культуры ў бібліятэцы стартавалі бясплатныя курсы «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада». Яны збіраюць да 200 цікаўных віцяблян і ў наступным годзе будуць працягнутыя.

2. У красавіку ў бібліятэцы адбылася прэзентацыя мультымоўнай камбінаванай базы даных «Мастакі Віцебшчыны», размешчанай у свабодным доступе ў інтэрнэце. Гэта матэрыялы пра жыццё і творчасць мастакоў, скульптараў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і інсталяцыі.

3. Значнымі падзеямі для бібліятэкі стала падпісанне пагадненняў аб супрацоўніцтве са Смаленскай абласной універсальнай бібліятэкай імя А.Т. Твардоўскага і з бібліятэкай Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сумесна з апошняй распачата работа па стварэнні рэфератыўнай базы даных «Беларускія смаляне, смаленскія беларусы». Яна будзе змяшчаць матэрыялы пра беларусаў, вядомых сваёй дзейнасцю на Смаленшчыне, і смалянах, вядомых у Беларусі.


Аляксандр Сідарэнка, кіраўнік дырэкцыі міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», генеральны дырэктар Цэнтра культуры «Віцебск», прэзідэнт Сусветнай асацыяцыі фестываляў:

Аляксандр Сідарэнка

1. Галоўная падзея 2016-га года — юбілейны «Славянскі базар у Віцебску». Ён прайшоў 25 раз. У фестывалю з'явіліся партнёры на Мальце, у Босніі і Герцагавіне, Ізраілі, Італіі, Літве, ва Украіне. На Мальце будуць праводзіць адборачны тур, падчас якога вызначаць канкурсанта для выступлення ў Віцебску. Пра павышаны інтарэс да супрацоўніцтва з фестывалем у Латвіі сведчыць запланаваны перанос адборачнага тура з Даўгаўпілса ў Рыгу. Ёсць дамоўленасць і аб правядзенні адборачнага тура ў Італіі. Абмяркоўваецца арганізацыя там канцэрта з удзелам пераможцаў розных гадоў міжнароднага конкурсу «Базару».

2. Да Сусветнай асацыяцыі фестываляў далучыліся яшчэ 6 членаў.

3. Старэйшая дачка пайшла ў першы клас. Яна з вялікім жаданнем вучыцца. Ужо чытае і піша. А малодшай нядаўна споўнілася 5.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.