Вы тут

Жыццё на ёлцы: гісторыя ХХ стагоддзя ў ёлачных упрыгожваннях


Адчуванне Калядаў і Новага года ў хаце пачынаецца з красуні ёлкі. Традыцыя ўпрыгожваць святочнае дрэва пачалася яшчэ ў сярэдневяковай Германіі, распаўсюдзілася амаль па ўсім свеце і дагэтуль не страчвае папулярнасці. Мяняліся эпохі, падзеі, людзі, і ўсе змены адбіліся… на звычайных ёлачных цацках! Выстаўка «Стары куфар і прыгажуня ёлка» запрашае маленькіх і дарослых гледачоў далучыцца да гісторыі некалі вялікай краіны праз святочны ёлачны ўбор.


Пляцоўкай для выстаўкі навагодніх рэтрацацак стаў Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. У прыватнай калекцыі Наталлі Кавалёвай сабраны экзэмпляры з розных перыядаў. Большасць з іх савецкія, але ёсць вітрына з цацкамі, вырабленымі яшчэ да рэвалюцыі. Каб было зручней знаёміцца з экспанатамі, супрацоўнікі музея размеркавалі ўпрыгожванні па перыядах і тэматыцы. У кожным з камплектаў цацкі выкананы ў розных тэхніках і з розных матэрыялаў — ваты, бісеру, сцяклярусу, паперы, кардону і нават металічнай стружкі. Прадстаўленыя як масавая вытворчасць савецкіх часоў, так і адзінкавыя вырабы.

Наталля Кавалёва з Віцебска пачала збіраць старыя ёлачныя цацкі толькі ў 2009 годзе, але цяпер у яе калекцыі ўжо каля 3 тысяч экспанатаў. Па словах Кавалёвай, захапленне пачалося з простага жадання вярнуць тыя цацкі, якія калісьці належалі яе сям’і. Потым захапленне выйшла за межы звычайнага збіральніцтва і ператварылася ў сапраўдную навуковую працу. Наталля Кавалёва навучылася рэстаўрыраваць асобнікі, што патрапілі ў дрэнным стане, пачала даследаваць: да якога перыяду належаць, якую назву маюць. На базе яе калекцыі летась была зладжана выстаўка ў Віцебску. Зараз больш як 800 экспанатаў прыехалі ў мінскі Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры.

У ёлачных цацках увасобілася і штодзённае жыццё (хатнія жывёлы, посуд, гародніна, лямпы), і чароўныя казкі («Прыгоды Чыпаліна», «Рэпка», «Чырвоны Капялюшык», «Уладарка Меднай гары», «Лямпа Аладына»), і святочныя падзеі (вясёлыя цыркачы і незвычайныя звяры, шчаслівыя дзеці, што едуць на санках з гары). Дзяржаўныя і палітычныя падзеі таксама часта траплялі ў тэматычнае кола ёлачных цацак. Напрыканцы 30-х з’явіўся шкляны шар з выявамі Сталіна, Леніна, Маркса і Энгельса, але хутка ён з крамаў знік: «вешаць» правадыроў народа не дазвалялася нават на святочную ёлку. Вітрына з лялькамі на тэму «дружбы народаў» паказвае сцэнкі з жыцця прадстаўнікоў розных народаў Савецкага Саюза. Тэматычны стэнд «Асваенне космасу» належыць да тых часоў, калі Юрый Гагарын зрабіў каласальны прарыў у гісторыі светуі паляцеў на арбіту Зямлі. Камплекты шкляных цацак складаліся са спадарожнікаў, зорак, планет, Зямлі, Месяца, Сонца, фігурак касманаўтаў і маленькіх касмічных караблёў. Патрапілі пад увагу вытворцаў і святлафоры. Ведаеце, што да 1949 года чырвонае святло было ўнізе, а не над астатнімі колерамі, як зараз? Дзякуючы ёлачным цацкам можна прасачыць трансфармацыю святлафора на ўласныя вочы. А яшчэ пабачыць ліхтар абходчыка чыгункі, старыя мадэлі тэлефонаў, самавары і газавыя лямпы…

Пазнавальнасць выстаўкі не толькі ў тым, што ўяўляюць з сябе цацкі, але і ў тым, як яны зроблены. Дрот, металічная стружка, лямпачкі, што перэгарэлі, — усё гэта належыць цяжкім ваенным гадам, калі майстраваць навагоднія цацкі не было з чаго. Дзіўна, але ёлку ўпрыгожвалі нават у такія складаныя часы, у неспрыяльных умовах! Нягледзячы на выпрабаванні, людзі хацелі свята: лепш за словы пра гэта сведчаць кветкі, сплеценыя з дроту, распісаныя лямпачкі замест шароў.

Акрамя спецыяльных стэндаў, частка калекцыі прадстаўлена там, дзе і павінна быць, — на ёлцы. Святочнае дрэва на выстаўцы — кампіляцыя розных эпох, стыляў, матэрыялаў. Пад вялікай чырвонай зоркай — сімвалам СССР і навагодняга свята — нешта роднае знойдуць усе наведвальнікі выстаўкі, бо асобнікі савецкіх рэтрацацак можна адшукаць амаль у кожнай беларускай сям’і. — Выстаўка цікавая не толькі дзецям, але і дарослым, бо яна забяспечвае пераемнасць традыцый, — мяркуе Ганна Грыбко, вядучы навуковы супрацоўнік музея. — Бабулі і дзядулі, мамы і таты згадаюць дзяцінства і атрымаюць добрую нагоду для таго, каб падзяліцца з дзецьмі ўспамінамі пра Новы год: як святкавалі, як упрыгожвалі ёлку, як выглядалі цацкі іх маленства.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота Кастуся ДРОБАВА,

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».