Вы тут

«Звязда» падсумавала, што змянілася ў нас з першых дзён 2017 года


Сярод змен - сыход у гісторыю грошай ўзору 2000 года і падняцце пенсійнага ўзросту.


Без старых банкнот

Менавіта 31 снежня мінулага года завяршыўся перыяд паралельнага абарачэння банкнот узору 2000 года і грашовых знакаў узору 2009 года. Цяпер у якасці адзінага плацежнага сродку пры наяўных разліках за тавары і паслугі суб'екты гаспадарання будуць прымаць толькі банкноты і манеты новага ўзору. Старыя грашовыя знакі можна абмяняць на новыя на працягу наступных 5 гадоў без абмежаванняў і спагнання камісійнага ўзнагароджання. З 1 студзеня 2017 года па 31 снежня 2019 года ўключна — у Нацыянальным банку, банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях Беларусі, з 1 студзеня 2020 года па 31 снежня 2021 года ўключна — у Нацыянальным банку. З 1 студзеня 2022 года грашовыя знакі ўзору 2000-га стануць несапраўднымі.

Плюс шэсць месяцаў штогод

Сёлета ў студзені пачынаецца паэтапнае штогадовае павышэнне на 6 месяцаў пенсійнага ўзросту да дасягнення мужчынамі 63 гадоў, жанчынамі — 58 гадоў. Аналагічна (на 3 гады за 6 гадоў) павялічваецца ўзрост, які дае права на льготныя працоўныя пенсіі і пенсіі за выслугу гадоў. Суразмерна агульнаграмадзянскім будзе паступова павышацца лімітавы ўзрост знаходжання на ваеннай службе вайскоўцаў.

У Мінпрацы нам растлумачылі, што з 1 студзеня 2017 года да 2022 года кожны год вызначаецца новы пенсійны ўзрост (для звароту за пенсіяй) шляхам яго павышэння ў адносінах да папярэдняга года на 6 месяцаў. Сёлета для мужчын ён стаў 60 гадоў 6 месяцаў, для жанчын — 55 гадоў 6 месяцаў.

Большыя заробкі і штрафы

У студзені вырасла базавая велічыня, якая складае цяпер 23 рублі (плюс 2 рублі). З гэтай даты ўрад устанавіў месячную мінімальную заработную плату ў памеры 265 рублёў (плюс амаль 26 рублёў). Разам з базавай велічынёй змяніліся сёлета і памеры штрафаў.

Таму калі раней, скажам, за перавышэнне хуткасці трэба было плаціць ад 21 да 315 рублёў, то цяпер ад 23 да 345 рублёў (ад 1 да 15 базавых). Падаражэе і безбілетны праезд у грамадскім транспарце: 11,5 рубля замест 10,5 рубля летась. За курэнне ў забароненых месцах цяпер аштрафуюць на 4 базавыя, або на 92 рублі.

Пасля павышэння базавай велічыні прапарцыйна зменяцца і дзяржаўныя пошліны. Напрыклад, рэгістрацыя ІП і замена пашпарта вырастуць у цане да 11,5 рубля. А каб заключыць або скасаваць шлюб, трэба будзе заплаціць дзяржаве 69 рублёў.

Ваду цяпер лепш эканоміць удвая

Яшчэ летась былі зацверджаны новыя тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі.

Кошт цеплаэнергіі, гарачага водазабеспячэння і прыроднага газу павялічылі на на 17%. А вось паслуга па водазабеспячэнні і водаадвядзенні прыплюсавала ажно на 90%. Спецыялістамі было падлічана, што па новых тарыфах ЖКП разліковыя плацяжы сям'і з трох чалавек, якая пражывае ў тыпавой двухпакаёвай кватэры, узрастуць на 11 рублёў і складуць у ацяпляльны перыяд каля 80 рублёў. Аплачваць жыроўку па новых тарыфах (цэнах) насельніцтва пачне ў лютым за тыя жыллёва-камунальныя паслугі, якія былі аказаны ў студзені.

Падаваць паказанні лічыльнікаў вады можна будзе праз АРІП. Такая паслуга ў пачатку 2017 года з'явілася ў сістэме АРІП, прычым яна будзе даступная для ўсіх жыхароў Беларусі. Для гэтага не трэба будзе ствараць асобны сайт. Магчымасці, якія раней падаваў партал komplat.by, захаваюцца.

Зразумелыя цэннікі ў магазінах

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) пачало рэальна прыслухоўвацца да спажыўцоў. Ужо з першых дзён года МАРГ рэкамендуе гандлёвым аб'ектам паказваць цану харчовых прадуктаў за кілаграм і літр. Для харчовых прадуктаў, намінальная колькасць якіх не перавышае 250 г (мл), трэба будзе паказваць кошт адзінкі тавару за 100 г (мл), для астатніх — за 1 кг (л). З 1 ліпеня 2017 года гэту норму плануецца зрабіць абавязковай.

Сяргей КУРКАЧ

kurkach@zviazda.by

Загаловак у газеце: Новая «мінімалка», тарыфы, пенсійны ўзрост і іншае

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.