Вы тут

Як правялі Новы год віцебскія амапаўцы


Пакуль краіна святкуе Новы год, тысячы людзей у гэты час працуюць. Напрыклад, вадзіцелі грамадскага транспарту, работнікі культуры, якія забаўляюць нас на цэнтральных плошчах, медыкі... І адпаведны спіс вельмі доўгі. Вось і карэспандэнт «Звязды» вырашыў да яго далучыцца і правёў навагоднюю ноч не за святочным сталом, а з віцебскімі амапаўцамі.


«Ну ты даеш!»

Ідэю зрабіць падобны рэпартаж у рэдакцыі падтрымалі. Стараемся здзіўляць тых, хто выбраў менавіта «Звязду». Толькі папрасілі здаць тэкст у першы нумар 2017-га. Без праблем. Чаго не зробіш для сваіх чытачоў.

А вось мае знаёмыя здзіўляліся «вар'яцкай задуме». Некаторыя пыталі: няўжо пасварыўся з жонкай? Яна, дарэчы, да апошняга не верыла ў тое, што я не буду Дзедам Марозам, які ўручыць падарункі дзецям у першыя хвіліны новага года. Сыны, між іншым, адрэагавалі з разуменнем.

— Ты ж працаваць будзеш, — канстатаваў старэйшы, 12-гадовы Міхаіл. Малодшы (жартліва яго клічу Аляксей Аляксандравіч), якому 5 студзеня споўніцца 9, прамаўчаў.

Іншыя мае таварышы цікавіліся: навошта трэба ісці на рэпартаж непасрэдна ў навагоднюю ноч? Мог бы і, напрыклад, 30 снежня «пакатацца з міліцыяй»... Што цікава, атрымаў некалькі запрашэнняў зайсці ў госці адразу пасля рэпартажу.

І нават мой надзейны напарнік — пазаштатны фатограф Віктар Нікалаеў, пачуўшы прапанову падзяжурыць з міліцыяй пад святочны феерверк, пакруціў пальцам ля скроні і сказаў: «Якаўлевіч, ну, ты даеш». Ён збіраўся святкаваць у цешчы.

У аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў Упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама трохі здзівіліся настойліваму жаданню зрабіць рэпартаж менавіта ў ноч
з 31 снежня на 1 студзеня. Таму што традыцыйна навагодняя ноч спакойная. Бо і міліцыі больш, ды і вельмі рэдка нехта хуліганіць, і гэтак далей. І народ наш піць навучыўся. Калі ўжо выходзяць на «ёлкі», на плошчы, дык вядуць сабе годна.

Перспектыва сумнай ночы трохі сапсавала настрой. Як і новыя акумулятарныя батарэі для фотаапарата, якія чамусьці не хацелі зараджацца. Ды і на свята нават глыток шампанскага не выпіў. Але калі ўжо ўзяўся з справу...

«Паліглоты» ў форме

А дванаццатай гадзіне ночы «УАЗ» з амапаўцамі пад'ехаў да майго дома.

Напрасіўся я ў нарад да старшага прапаршчыка Юрыя Юхневіча, прапаршчыка Уладзіслава Чыстабаева, старшыны Дзяніса Дзьячэнкі. Яны служаць у групе хуткага рэагавання АМАП УУС Віцебскага аблвыканкама.

Юрый носіць форму аж з 1990-га! Сказаў, што хутчэй адкажа, колькі гадоў у навагоднюю ноч быў дома. Усяго дзве!

Па дарозе я першай справай пачаў распытваць праваахоўнікаў, ці запомнілася нешта ім з таго, што адбылося ў навагоднюю ноч у мінулыя гады. Хлопцы расчаравалі: адна «руціна». Напрыклад, аднойчы жанчына выклікала міліцыю, каб знайшлі скрадзеныя хатнія нарыхтоўкі: агуркі, памідоры.

— Бывала, што на масавых гуляннях дзеці губляліся. Але мы іх хутка знаходзілі па прыкметах, бо адзенне ў іх яркае, — распавядалі міліцыянеры.

Да таго як «падабраць» мяне, выязджалі па выкліку. Жанчына, якая жыве ў прыватным доме, паведаміла дзяжурнаму па тэлефону 102, што знікла сумачка з дакументамі, банкаўскай карткай і 500 расійскімі рублямі.

Пад'ехалі да цэнтральнай плошчы — Перамогі. На тратуары стаялі двое маладых мужчын. Я чамусьці падумаў, што гэта падлеткі. Яны падышлі да аўто і запыталі нешта... па-англійску. Сорамна, але я нічога не зразумеў. А вось мае спадарожнікі, выявілася, англійскай валодаюць. Хай і не без цяжкасцяў, але растлумачылі, калі пачнуць пускаць да «галоўнай ёлкі». Бачылі б вы, як радаваліся іншаземцы! Шчыра дзякавалі за дапамогу!

«Вы столік заказвалі?»

Мы павольна ехалі па горадзе. Глядзелі па баках, чакалі выкліку па рацыі. Заехалі на Прывакзальную плошчу. Там я паспрабаваў фатаграфаваць міліцыянераў. На жаль, як кажуць прафесійныя фатографы, «слабая» камера не дазволіла зрабіць параўнальна якасны здымак. Зрабіць фота з журналістам папрасілі супрацоўніка ДАІ. За што яму дзякуй.

Дарэчы, пра сітуацыю на дарогах. Надвор'е было зусім не навагодняе. Плюсавая тэмпература, плюс перыядычна церусіў дождж. Працаваў грамадскі транспарт. Мяне здзівіла, што, акрамя таксі, ездзілі дзясяткі прыватных легкавушак. Хто і куды ездзіць у навагоднюю ноч? Для мяне гэта так і засталося таямніцай.

Недалёка ад галоўнага корпуса Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта ўбачылі вынік ДТЗ. Адна з легкавушак урэзалася ў агароджу каля трамвайных пуцей...

Зайшлі ў кавярню-клуб. Ахоўнік, убачыўшы мяне, запытаў, ці заказваў я столік. Давялося тлумачыць, што я з міліцыяй прыйшоў. Маіх спадарожнікаў там ведалі, яны не першы раз заходзяць сюды па службе. У зале прыблізна пара дзясяткаў людзей танцавалі. На мой погляд, культурна адпачывалі. Кінулася ў вочы, што жанчын было значна больш.

А вось «публіка» ў кафэ-боўлінгу мне спадабалася менш. Некалькі нецвярозых мужыкоў за сталом. Праўда, вялі сябе пры нас не агрэсіўна.

«Залез у... халадзільнік»

Усё марыў, каб «нешта цікавае» для рэпартажу здарылася. Па рацыі пачулі, што ў дом у прыватным сектары праніклі і скралі нешта, у тым ліку і з халадзільніка. Сімвалічна! Няўжо злодзеі вырашылі такім чынам выпіць шампанскага і закусіць аліўе?

Хутка прыехалі па адрасу выкліку. Адчыніў дзверы нецвярозы мужчына. У прыхожай быў яшчэ адзін, зусім «ніякі». Высветлілася, што першы — гаспадар дома, другі — «злодзей».

Гаспадар усё паказваў на «госця» пальцам і называў яго «пацуком». Растлумачыў, што дзвярэй сваёй хаты ён не замыкае ніколі. Таму што нікога не баіцца, бо дэсантнік. А вось гэты (далей нецэнзурныя словы)... без дазволу з'явіўся. Амапаўцы папрасілі госця паказаць кішэні. Дакумент, пакет складзены... Ну нічога пры ім з таго, што мог бы скрасці. Няўжо з'еў і выпіў да нашага прыезду? «Злодзей» у нецвярозым трызненні нешта спрабаваў гаварыць. Усміхаўся і смяяўся. Яго павялі да машыны.

У доме, дзе застаўся старшы прапаршчык, пачуўся шум. Я кінуўся туды. Убачыў жанчыну. Высветлілася, што гэта жонка гаспадара. А чаму крычалі? Аказалася, «пацярпелы» пачаў правакаваць міліцыянера. Стаў крычаць, што той пагражаў яму пісталетам, хацеў яго застрэліць. Якія толькі мроі не не з'явяцца ў галаве чалавека «пад мухай»...

Пакуль мы везлі «злодзея» на агляд у хіміка-таксікалагічную лабараторыю Віцебскага абласнога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі, паспрабаваў з ім пагаварыць. Равеснікі, а выглядае жудасна. Адказваў ён са здзекам. Сказаў, што працуе «кольшчыкам». Амапаўцы растлумачылі, што ён гаворыць пра наколкі на целе. Судзімы быў за крадзеж яшчэ ў савецкі час...

У лабараторыі, працягваючы адказваць на пытанні, сказаў, што працаваў рабочым на абутковым прадпрыемстве. Ці хлусіў? Халасты, дзяцей няма...

І наколькі, вы думаеце, ён быў нецвярозым? Прыбор зафіксаваў 2,64 праміле. Да мяжы ў 2,9, калі, як кажуць урачы, чалавек упадае ў ступар і страчвае здольнасць да разумення, і зусім слаба можа штосьці адчуваць, было зусім недалёка...

* * *

Больш выклікаў у навагоднюю ноч не было — людзі святкавалі спакойна. Амапаўцы па дарозе ў РАУС падвезлі мяне да карпункта, каб пісаў гэтыя радкі. Скончыў каля 6 гадзін раніцы. А маім новым знаёмым яшчэ да 8 гадзін трэба было ахоўваць парадак...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanski@zviazda.by

P.S. Шчырая падзяка аддзяленню інфармацыі і грамадскіх сувязяў Упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама. Асабліва падпалкоўніку міліцыі, начальніку аддзялення Вользе Шкуратавай

Загаловак у газеце: Новы год пад лічбай 102

Каментары

здорава

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.