Вы тут

«На першай дыскатэцы мне «вынеслі» дзверы і паклалі іх на рабочы стол»


Дырэктар сельскага клуба ў навагоднюю ноч распавядае пра сваю працу.

«Надзя, а можаш крыху пазней прыехаць? Тут форс-мажор выйшаў», — чытаю SMS і заказваю маршрутку на Гацук на больш позні час. Пазней высвятляецца, што згарэла музычная калонка, навагодняя дыскатэка пад пагрозай зрыву. Падвесці людзей Паліна Панамарова, дырэктар Дома фальклору аграгарадка Гацук, што ў Слуцкім раёне, не можа, трэба паспець вырашыць праблему ў апошнія гадзіны 2016 года. Пасада ў Паліны даволі гучная, але яна толькі паўтара года назад скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў і прыехала сюды па размеркаванні.


Дом фальклору ў Гацуку (у аграгарадку жыве каля тысячы чалавек) — гэта месца збору актыўнай часткі жыхароў. Невялічкі зялёны будынак ведаюць усе мясцовыя. Заходзім унутр і адразу аказваемся ў холе з блакітна-белымі сценамі, адкуль можна трапіць у любое памяшканне будынка. «У нас працуюць вакальны, тэатральны і дэкаратыўна-прыкладныя гурткі, праводзім святочныя мерапрыемствы, дыскатэкі», — пералічвае Паліна свае абавязкі. «А гэта мой рабочы кабінет, — запрашае да сябе Паліна. — Заходзь, вып'ем гарбаты і будзем рыхтавацца да свята! Трэба яшчэ рэквізіт для конкурсаў дарабіць!» Сапраўды, на рабочым стале можна заўважыць розныя кардонкі, стужачкі, папяровыя нарыхтоўкі.

Пытаюся ў Паліны, як атрымалася, што яна апынулася тут. Родам дзяўчына з Самары, але дзяцінства правяла ў Беларусі. Калі яшчэ была маленькая, бацькі па рабоце пераехалі ў Мінск. Доўгая камандзіроўка сям'і скончылася, вярнуліся ў Расію. Але сэрца Паліны засталося ў нашай краіне — дзяўчына закахалася. Так, на працягу некалькіх гадоў. Панамарова вандравала па маршруце Самара—Мінск, каб пабачыцца з хлопцам. А калі скончыла школу, дакладна ведала, што ў ВНУ будзе паступаць у беларускай сталіцы.

Цікаўлюся, як прынялі мясцовыя жыхары сталічную дзяўчыну. «Ну, на першай дыскатэцы вынеслі ўваходныя дзверы і паклалі мне іх на рабочы стол, — смяецца Паліна. — Цяпер мне смешна многае ўспамінаць, а як я сябе тады адчувала, ужо і не памятаю. Зразумела, гэта было жаданне прыцягнуць увагу. Ведаеш, акуратненька так знялі і паклалі. «Падлеткі — асноўная аўдыторыя, з якой я працую, — працягвае Паліна. — У сённяшняй святочнай праграме таксама задзейнічала сваіх выхаванцаў. У нас і Дзед Мароз, і Снягурка будзе. Увогуле, лічу, што мая асноўная задача — займаць падлеткаў, каб тыя не тусаваліся невядома дзе. Таму дыскатэкі і розныя мерапрыемствы — гэта добра».

Хутка падапечныя Паліны падцягваюцца на рэпетыцыю. Дзяўчынка з прыгожым імем Мілана ўпэўнена ўваходзіць у кабінет. Яна сёння будзе выконваць ролю Лісы. Крыху пазней прыйшлі Дзед Мароз, Снягурка і Жар-птушка. Усе разам у актавую залу. Сцэна ўжо святочна ўпрыгожана: вялікія сняжынкі, ялінка, агеньчыкі. Прыглушанае святло дапаўняе атмасферу. Паступова падыходзяць астатнія акцёры, а хтосьці проста зайшоў пагутарыць, падзяліцца апошнімі навінамі. Відаць, што падлеткі адчуваюць сябе тут утульна. Гледзячы з боку на выхаванцаў і Паліну Аляксандраўну, можна падумаць, што яны равеснікі — такой юнай выглядае кіраўніца. Але ж субардынацыю ўсе выконваюць строга. «Мікіта, мы ж дамаўляліся! Пяць адцісканняў!» — аказваецца, Панамарова ўзяла за правіла: калі хтосьці з падлеткаў лаецца, той «плаціць» штраф. Дзяўчаткі прысядаюць, хлопчыкі адціскаюцца.

За рэпетыцыяй час ляціць хутка. Да Новага года застаецца каля трох гадзін, а нам трэба яшчэ паспець зрабіць шмат спраў. Разам з выхаванцамі выходзім з Дома фальклору і развітваемся на кароткі час. Забягаем дамоў да Паліны, пераапранаемся, выпіваем шампанскае пад бой курантаў і вяртаемся назад у клуб, каб сустракаць гасцей.

«Усё, пачынаецца. Зараз час хутка пойдзе, вось убачыш. Заўсёды хачу, каб усё добра прайшло і ўсім спадабалася», — відаць, што Паліна трошкі хвалюецца. На гадзінніку амаль палова на другую. Зала паступова напаўняецца. Маладыя акцёры таксама рыхтуюцца да выхаду. Як і прадугледжвалася, публіка сабралася розная. Шмат хто прыйшоў цэлымі сем'ямі. Усе вітаюцца, віншуюць, абдымаюцца, сапраўды ж, не бачыліся з мінулага года!

На танцполе горача, тут і там запальваюцца бенгальскія агні. За конкурсамі і танцамі час сапраўды пайшоў імкліва. Нікому не хочацца разыходзіцца, але, на жаль, дыскатэка працуе толькі да 4 гадзін раніцы. Паліна падыходзіць да мікрафона, выбачаецца, што перапыняе гулянне і дзякуе ўсім наведвальнікам. Спаць у гэтую ноч ніхто не збіраецца, аднак для Паліны працоўны дзень скончыўся. Цяпер можна спакойна выдыхнуць і пайсці нарэшце адпачыць. Трэба набрацца сіл, бо сёння ўвечары яе чакае яшчэ адна дыскатэка.

Надзея Бужан, фота аўтара

Загаловак у газеце: Крэатыў у Гацуку

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.