Вы тут

Калі і чым частаваць птушак?


Падкормліваць птушак з мэтай выратавання варта толькі ў экстрэмальныя перыяды зімоўкі, напрыклад, пры рэзкім зніжэнні тэмпературы (мінус 15 градусаў і ніжэй), а таксама пры наяўнасці ў іх фізічных пашкоджанняў, калі вадаплаўныя сапраўды могуць апынуцца на мяжы гібелі. Пра гэта нагадваюць спецыялісты Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.


У такіх выпадках прадстаўнікам птушынага царства лепш за ўсё даваць аўсянку з сырой і варанай гароднінай, прарослыя злакі — авёс, ячмень, пшаніцу. Аднак нельга забываць, што нават гэты корм ненатуральны для вадаплаўных птушак і, па некаторых дадзеных, адмоўна адбіваецца на страваванні і ў цэлым на абмене рэчываў. Гэта не кажучы пра белы і чорны хлеб, які выкарыстоўваецца для падкормкі найчасцей! Трэба памятаць і тое, што, падкормліваючы вадаплаўных птушак, мы адвучваем іх ад самастойнага пошуку харчу, і яны становяцца залежнымі ад чалавека. Яны самі могуць пра сябе паклапаціцца, і дапамога ім патрэбна толькі ў сапраўды экстрэмальных сітуацыях.

У той жа час, у зімовы перыяд наша дапамога патрэбна іншым, менш прыстасаваным да зімоўкі відам, такім, як вераб'і, сініцы, попаўзні. Дробныя пеўчыя птушкі з надыходам халадоў ляцяць у населеныя пункты. Тут мякчэйшы мікраклімат, перыядычна можна знайсці адкрытыя ўчасткі глебы, і таму лягчэй пракарміцца.

Зімой у горадзе значна часцей можна сустрэць снегіроў, зелянушак, чыжоў, соек. Больш звычайнымі становяцца вялікія сініцы, лазараўкі, попаўзні. Яны з задавальненнем наведваюць кармушкі, але, у адрозненне ад вадаплаўных птушак, не трапляюць у поўную залежнасць ад прыкорму. Ежа, якой іх падкормліваюць, па сваіх гастранамічных уласцівасцях мала адрозніваецца ад натуральнага зімовага харчу, таму з надыходам спрыяльнага перыяду яны вяртаюцца ў лясы, паркі, скверы і лёгка пераключаюцца на натуральны корм з насякомых, насення, вегетатыўных частак раслін.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?