Вы тут

Як правільна лячыцца пры грыпе?


Аслаблены вірусамі арганізм можа не справіцца з другой хваляй — бактэрыяльнай інфекцыяй. Ускладненне грыпу можа перайсці ў хранічныя хваробы, якіх нямала. Атыт, сінусіт, гаймарыт, пнеўманія, бранхіт, неўралгія, неўрыт, менінгіт, інфаркт, міякардыт, вострая сардэчная недастатковасць, інсульт, цыстыт, піеланефрыт, міязіт, абвастрэнне цукровага дыябету, парушэнне абмену рэчываў, рэўматызм, бранхіяльная астма...


— Грып моцна зніжае імунітэт, а калі абарончыя сілы арганізма аслабелі, то бактэрыі пачынаюць узмоцнена размнажацца, — тлумачыць загадчыца 2-га тэрапеўтычнага аддзялення 11-й гарадской паліклінікі г. Мінска Вольга ЯЧЭЙКА. — А ў многіх выпадках захворванне яшчэ і пераносіцца на нагах, не вытрымліваецца пасцельны рэжым. Пацыент выбірае самалячэнне і, адчуўшы палёгку пасля ўжывання моцных прэпаратаў, мяркуе, што перамог вірус. Але гэта не так. Лячыцца неабходна мінімум 7, а лепей 10 дзён. У адваротным выпадку пачнецца другая атака, якая заявіць аб сабе слабасцю, кашлем, галаўным болем. Пры любых ускладненнях звяртацца да ўрача трэба абавязкова!

Самае частае ўскладненне грыпу — пнеўманія, якая надыходзіць якраз пасля нейкай палёгкі і праяўляецца павышэннем тэмпературы да 39 градусаў, дрыжыкамі, болем у грудзях, моцным кашлем, скураным сыпам, макротай з крывёй. Лячэнне, як правіла, праводзіцца ў стацыянары.

Календула супраць мікробаў

Ніводная прышчэпка не забяспечыць стопрацэнтную гарантыю адсутнасці заражэння вірусам. Таму іншыя меры абароны ніхто не адмяняў. Вашы сябры ў любым узросце — здаровы лад жыцця, загартоўка, ужыванне полівітамінаў пасля ўзгаднення з урачом, правільнае харчаванне, умераная фізічная актыўнасць. У час эпідэміі — пазбяганне людных мясцін, дасканалае мыццё рук. Карыстайцеся самі і прывучыце ўсю сям'ю да мазяў кшталту аксалінавай. На ноч можна паласкаць рот настойкай з эўкаліптам або календулай — яны дапамогуць змыць шкодныя мікробы, якія назапасіліся на слізістай за дзень. Калі нехта з блізкіх захварэў, у яго пакоі варта рэгулярна праветрываць, а ўсім здаровым пажадана карыстацца ватна-марлевымі павязкамі.

Пашкоджвацца могуць і ныркі з мочавыдзяляльнымі шляхамі — можа развіцца піеланефрыт, гламеруланефрыт, вострая ныркавая недастатковасць, цыстыт. Можна пры гэтым нават нічога не адчуваць, а можа быць і боль у паясніцы, высокая тэмпература, змяншэнне колькасці мачы. Выявіць паталогію дапаможа аналіз мачы, здаць які ўрачы-нефролагі рэкамендуюць праз 10 дзён пасля любой прастуды, а тым больш пасля грыпу.

Можа развіцца і востры гаймарыт — запаленне ў пазухах носа. Будуць балець зубы, галаўны боль аддае ў корань носа. Захворванне можа перайсці ў хранічную форму, што вельмі дрэнна паддаецца лячэнню.

Асабліва небяспечна пашкоджанне нервовай сістэмы пры грыпе. Яно можа праяўляцца ў выглядзе неўралгіі, радыкуліту, полінеўрыту. Але цяжэй за ўсё бывае пры арахнаідыце і менінгіце. Першае пачынаецца прыкладна на сёмы дзень, калі грыпозная ліхаманка адступіла, але з'явіліся мошкі перад вачамі, млосць, галавакружэнне, засталіся слабасць і санлівасць. Здаецца, гэта наступствы інтаксікацыі пасля грыпу, але на самай справе — парушэнне цыркуляцыі спіннамазгавой вадкасці, з-за чаго пачалося запаленне мозгу, што пагражае сепсісам. На 5—7-ы дзень, калі тэмпературы няма, можа з'явіцца раптоўны галаўны боль, пасля млосць, не звязаная з ежай, боязь святла — гэта менінгіт.

У зоне рызыкі

Пажылыя. Пасля 60 гадоў часцей развіваецца пнеўманія, бранхіт, танзіліт. Далей з кожным дзесяцігоддзем рызыка захворвання на грып з ускладненнямі істотна ўзрастае.

Цяжарныя. Ёсць пагроза заўчасных родаў, затрымкі развіцця плода. Найбольш небяспечны грып у першым трыместры, да 12 тыдняў, калі закладваецца большасць органаў і тканак дзіцяці.

Дзеці. Самымі цяжкімі ўскладненнямі будуць энцэфаліт, атыт, пнеўманія і сіндром Рэя. Да атыту схільныя дзеці да 2 гадоў, якія не могуць самастойна ачысціць нос ад слізі, а таму інфекцыя трапляе праз нос да вушэй.

Ёсць пагроза і для сардэчна-сасудзістай сістэмы. Таксічнае пашкоджанне сардэчнай мышцы суправаджаецца арытміяй-тахікардыяй або пачашчаным пульсам, болем у сэрцы. Наогул падчас эпідэміі павышаецца смяротнасць сярод хворых на гіпертанію, ішэмію ў пажылых, а ў маладых, нават са здаровым сэрцам, можа ўзнікнуць, напрыклад, міякардыт — запаленне сардэчнай мышцы.

Пацярпець можа вегетатыўная нервовая сістэма, што адаб'ецца на ўнутраных органах, справакуе абвастрэнне хранічных захворванняў — сардэчна-сасудзістых, цукровага дыябету, бранхіяльнай астмы.

Святлана Барысенка

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Самы пасцельны рэжым, а не тое...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».