Вы тут

Якім быў мінулы год для палітыкаў у свеце


2016 год быў шчодры на сюрпрызы. З усіх яго нечаканасцяў самай раскручанай стала перамога Дональда Трампа, спачатку на праймерыз ад рэспубліканцаў, а потым, ужо як паўнамоцнага кандыдата ад рэспубліканцаў, на прэзідэнцкіх выбарах.


Дональд Трамп, здавалася б, пагрэбаваў усімі канонамі выбарчай кампаніі, уключаючы паліткарэктнасць, але на самай справе яго вяло чуццё дасведчанага тэлевядучага. Доўгія гады прапрацаваўшы ў масмедыя, Трамп набыў здольнасці разумець аўдыторыю і казаць ёй тое, што будзе запатрабавана. Ён зразумеў, што ХХІ стагоддзе становіцца часам усё большай запатрабаванасці шоу-бізнесу ў прэзідэнцкіх кампаніях, і выкарыстаў гэтае разуменне на поўную катушку. Ён спаўна выкарыстаў усе магчымасці сацыяльных сетак, у адрозненне ад каманды Хілары Клінтан. У той жа час, вельмі магчыма, ён стаў апошнім прэзідэнтам ад амерыканскага народа, абранага белай большасцю. Этнічныя меншасці, колькасць якіх імкліва расце на тэрыторыі ЗША, галасавалі ў асноўным за Хілары Клінтан. Але нават галасоў пакуль яшчэ дамінуючых белых Трампу ў поўнай меры не хапіла, каб атрымаць перамогу, — яна стала магчымай толькі дзякуючы састарэлай электаральнай сістэме ЗША. Як гэта ні здаецца парадаксальным, Трамп стаў прэзідэнтам, набраўшы на 2,9 мільёна галасоў выбаршчыкаў менш, чым Клінтан. Ну, а яго прыход да ўлады 20 студзеня 2017 года стане самай чаканай падзеяй пачатку 2017 года, таму што ад Трампа чакаюць новых сюрпрызаў — як ва ўнутранай і знешняй палітыцы, так і ў эканоміцы. Што непазбежна адаб'ецца на свеце, у якім ЗША пакуль што адзіная звышдзяржава.


У 2016 годзе восенню з невялікай разбежкай прайшлі парламенцкія выбары ў Расіі і Беларусі. Прайшлі без вялікіх сюрпрызаў — пераважная большасць кандыдатаў прыйшла ў расійскі і беларускі парламенты з праграмамі далейшага суверэннага развіцця і захавання еўразійскага вектара інтэграцыі. Надзеі некаторых нядобразычліўцаў з-за мяжы на негатыўныя сцэнарыі (асабліва вялікі націск з нагоды выбараў быў гэтым разам аказаны на Расію, у адрозненне ад папярэдніх парламенцкіх выбараў) не апраўдаліся.


2016 год запомніцца як год разгулу тэрарызму на тэрыторыі Еўрапейскага саюза. Несумненна, што буйныя тэракты былі ў ЕС і раней, але іх аддзялялі адзін ад аднаго вялікія перыяды часу. Напрыклад, паміж маштабнымі тэрактамі ў прыгарадных цягніках Мадрыда 2004 года і лонданскім метро (2005 год) прайшло больш за год і тры месяцы. 2016 год прадоўжыў традыцыі пастаянных маштабных тэрактаў 2015 года. 22 сакавіка ў Бруселі ў выніку скаардынаваных нападаў у метро і аэрапорце загінула 35 чалавек. 14 ліпеня ў Ніцы ў выніку выезду на набярэжную тэрарыста на грузавіку загінула 82 чалавекі. 19 снежня ў Берліне тэрарыст выкарыстаў сцэнарый тэракту ў Ніцы на калядным кірмашы, але, на шчасце, змог забіць толькі 12 чалавек. Астатніх выратавала тое, што ў новага грузавіка стаяла аўтаматычная сістэма тармажэння пры сутыкненні з староннімі аб'ектамі, якая, спрацаваўшы, заглушыла рухавік машыны. Калі б не гэта, загінулых было б значна больш. Сур'ёзна вырас лік і невялікіх па колькасці ахвяр тэрактаў. Падобна на тое, што тэрарыстычная актыўнасць стане сур'ёзным фактарам 2017 года. Гэтая хваля тэрарызму, якая ажыццяўляецца па ідэалагічных меркаваннях, нагадвае ранейшую магутную хвалю тэрактаў у Заходняй Еўропе ў 1970-х гадах. Адзінае адрозненне — тады тэрарызм быў марксісцкім, а цяпер ажыццяўляецца на хвалі радыкальнага ісламізму.


Самым незвычайным прэзідэнтам года стаў новы кіраўнік філіпінскай дзяржавы. Радрыга Дутэртэ стаў прэзідэнтам 30 чэрвеня гэтага года. Папярэдняя палітычная дзейнасць на пасадзе мэра буйнога горада Даваа зрабіла Дутэртэ папулярным з-за радыкальных метадаў барацьбы з наркамафіяй. У многіх дзяржавах свету змагаюцца з гандлярамі наркотыкамі, але метады новага прэзідэнта досыць неардынарныя. У прыватнасці, нядаўна ён прызнаўся, што на пасадзе мэра асабіста расстрэльваў без суда і следства наркагандляроў і на тое ж арыентаваў паліцыю. Часта забівалі і спажыўцоў наркотыкаў. Распаўсюджванне метадаў па барацьбе з наркагандлем, раней прынятых у адным горадзе, на ўсе Філіпіны пасля прыходу Дутэртэ да ўлады, выклікала хвалю крытыкі з-за мяжы. Але новы кіраўнік дзяржавы трымае ўдар, прыстрашыўшы выйсці з ААН у выпадку далейшай крытыкі і нават зусім беспакарана абразіў Барака Абаму і генеральнага сакратара ААН. Магчыма і рэзкае змяненне знешнепалітычнага курсу Філіпін ад ранейшага цеснага супрацоўніцтва з ЗША да большай арыентацыі на Расію і Кітай, як пра гэта ў кастрычніку 2016 года заявіў сам Дутэртэ.


Пазітывам 2016 года стала актывізацыя барацьбы з Ісламскай дзяржавай. Энергічныя дзеянні Расіі ў Сірыі прымусілі актывізавацца і Захад, які раней аддаваў перавагу дэклараванню барацьбы з гэтай тэрарыстычнай арганізацыяй, а не вядзенню яе на справе. У выніку галоўным дасягненнем стала вызваленне Алепа сірыйскай арміяй пры падтрымцы Расіі ў снежні 2016 года. А іракскія войскі пры падтрымцы пабудаванай амерыканцамі кааліцыі пачалі паспяховае наступленне на Масул, які знаходзіцца на тэрыторыі Ірака.

Сяргей Кізіма, доктар палітычных навук

Загаловак у газеце: Сенсацыйныя выбары і разгул тэрарызму

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».