Вы тут

Як прывіць беларусам звычку снедаць у кавярнях?


У маі 2016 года распараджэннем прэм'ер-міністра была створана міжведамасная рабочая група на чале з міністрам антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімірам Калтовічам для выпрацоўкі прапаноў па ўдасканаленні арганізацыі грамадскага харчавання. Перад ёй была пастаўлена задача прааналізаваць умовы ажыццяўлення гаспадарчай дзейнасці ў гэтай сферы. Якія праблемныя пытанні ў арганізацыі грамадскага харчавання былі выяўлены? Якія фактары, на думку экспертнай супольнасці, стрымліваюць развіццё гэтага сегменту спажывецкага рынку і што неабходна зрабіць, каб іх нівеліраваць? Гэтыя і іншыя актуальныя пытанні развіцця сферы грамадскага харчавання абмеркавалі эксперты падчас «круглага стала» ў БЕЛТА. Прапануем чытачам найбольш цікавыя, на наш погляд, адказы на пытанні намесніка міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ірыны Наркевіч.


Улічыць прапановы ўсіх бакоў

— Паўгода таму была створана міжведамасная рабочая група па грамадскім харчаванні. Якіх вынікаў удалося дабіцца за час яе працы?

— Рынак развіваецца. На пэўным этапе трэба было прымяняць жорсткае рэгуляванне. Але час ідзе, і цяпер гэта ўжо не патрабуецца. Першыя крокі па лібералізацыі былі зроблены ў 2009 годзе. Цяпер настаў другі этап, і гэта своечасова.

Міністэрства пачало з сябе: мы сталі апускаць планку сваіх нарматываў. Падрыхтаваны і ўнесены ў Міністэрства юстыцыі змяненні ў Правілы гандлю. У прыватнасці, мяркуецца, што наведвальнікам будзе дадзена магчымасць прынесці з сабой харчовую прадукцыю і тавары, за выключэннем забароненых да выкарыстання. Але, безумоўна, з дазволу адміністрацыі аб'екта грамадскага харчавання. Зараз гэтая норма не ўрэгулявана. Вядома, наўрад ці можна будзе прынесці ў рэстаран ежу ўласнага прыгатавання, але, напрыклад, выпечаны ў кандытарскай святочны торт — чаму і не?

З нядаўняга часу суб'ектам дадзена права цалкам самастойна вызначаць асартыментную палітыку аб'екта, яго спецыялізацыю. Бізнесмены выступалі за самастойнае фарміраванне асартыменту, абапіраючыся на веданне пакупніцкага попыту. Пытанне дыскусійнае, але надышоў час, калі рэгуляванне тут не патрэбна. У свой час была высокая рызыка ўсім рэстаранам ператварыцца ў прадпрыемствы, якія прапануюць фаст-фуд. Каб гэтага пазбегнуць, была ўведзена класіфікацыя. Сёння рынак сфарміраваўся, бізнес аналізуе пакупніцкі попыт, сусветныя тэндэнцыі і разумее, які асартымент будзе запатрабаваны.

Стаўка — на нацыянальнае

— Якіх змен чакаць у сферы рэгулявання грамадскага харчавання ў бліжэйшы час?

— Каб яна больш актыўна развівалася, недастаткова толькі нарматыўна-прававых рашэнняў. Трэба прывіваць культуру паводзінаў. Беларусы не прывыклі снедаць і абедаць у рэстаранах, кавярнях. Хоць, напрыклад, ланчы ў многіх установах па досыць прымальным кошце. Зноў-такі, кубак кавы выпіць, пасядзець.

Асаблівая ўвага — нацыянальнай кухні. Зараз на выпуску такіх страў спецыялізуюцца 229 рэстаранаў, кавярняў, бараў. У 2016 годзе за кошт новага будаўніцтва, пераспецыялізацыі адкрыта 9 нацыянальных устаноў (у 2015 годзе — 49). Праводзяцца дні беларускай кухні, выставы-продажы і дэгустацыі, майстар-класы па прыгатаванні страў. У Мінску традыцыйным стаў Тыдзень беларускай кухні, калі ў рэстаранах і кавярнях прапануюцца стравы, прыгатаваныя па адзіных тэхналагічных дакументах (рэцэптурах) і аднолькавых цэнах, незалежна ад тыпу і класа аб'екта. У сувязі з гэтым трэба казаць і пра турыстычны патэнцыял краіны. Вядома, мы за спрашчэнне візавага рэжыму. Гэта будзе спрыяць таму, каб рэстаранны бізнес развіваўся, у тым ліку побач з гістарычнымі і культурнымі аб'ектамі. У бізнесу шмат прапаноў. І мы павінны чуць усё без выключэння. Прычым не проста чуць, а дапамагаць. Як кажа кіраўнік дзяржавы, зрабіце празрыстымі правілы гульні і не чапайце, хай яны развіваюцца. Гэта пытанне комплекснае, і мы будзем гэтым займацца.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Каб грамадскае было як хатняе, ці Як прывіць беларусам звычку снедаць у кавярнях

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.