Вы тут

Сёння ў Беларусі адзначаецца Дзень работнікаў сацыяльнай абароны


Гэта свята непасрэдна датычыцца больш як 37 тысяч чалавек, якія працуюць у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і ў падпарадкаваных ім арганізацыях. А таксама, думаецца, яно датычыцца і іх падапечных. А гэта — ні многа ні мала — больш за 1,8 млн людзей, якія стаяць на ўліку ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.


Пачаў працаваць закон аб альтэрнатыўнай службе

У гэтым годзе Дзень сацыяльнага работніка могуць назваць у нейкай ступені сваім святам і 13 маладых людзей, якія 30 снежня 2016 года прыступілі да праходжання альтэрнатыўнай службы. Яе выбралі тыя, хто не можа прымаць прысягу і насіць зброю праз рэлігійныя перакананні.

Накіроўваць на альтэрнатыўную службу могуць не толькі ў арганізацыі сацыяльнай сферы, але і ў арганізацыі аховы здароўя, жыллёва-камунальнай, сельскай і лясной гаспадаркі і інш. Але, як патлумачыў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак, большасць прызыўнікоў, якія выбралі альтэрнатыўную службу, праходзяць яе ва ўстановах сацыяльнага абслугоўвання, дамах-інтэрнатах.

Аб працы і заробках

Права працаваць — найважнейшая гарантыя для людзей, якая забяспечвае прымальны ўзровень жыцця. Па словах Аляксандра Румака, у мінулым годзе на садзейнічанне занятасці насельніцтва накіравана больш за 32 млн рублёў, у тым ліку звыш 30 млн — са сродкаў бюджэту фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Што датычыцца аплаты працы, то на сённяшні дзень, па словах намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны, зняты ўсе адміністрацыйныя бар'еры і абмежаванні па рэгуляванні заработнай платы ў рэальным сектары эканомікі. Гэта значыць, што наймальнікі прапаноўваюць сваім работнікам зарплату, якая адпавядае фінансавым магчымасцям іх арганізацый. Галоўнай умовай росту зарплаты пры гэтым з'яўляецца эканамічная эфектыўнасць прадпрыемства, у тым ліку рост прадукцыйнасці працы. У дзяржаўным сектары застаюцца дзейнічаць рэгулятары заработнай платы.

Для абароны інтарэсаў нізкааплатных работнікаў важную ролю адыгрывае мінімальная заработная плата як найніжэйшая мяжа аплаты працы. З 1 студзеня 2016 года мінімальная заработная плата складала 230 рублёў, яе суадносіны з намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платай за 2015 год склалі 34,2%. Як правіла, у краінах з развітой эканомікай гэтыя суадносіны знаходзяцца ў дыяпазоне 30—45%.

Атрымальнік пенсіі — кожны чацвёрты

На сённяшні дзень у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне атрымліваюць пенсіі 2,6 млн чалавек, ці 27,6% насельніцтва краіны. Суадносіны сярэднямесячнага памеру пенсіі па ўзросце і сярэднямесячнай заработнай платы ў рэспубліцы ў мінулым годзе былі забяспечаны на ўзроўні не ніжэй за 40%. Гэта, па словах намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны, адпавядае нацыянальным праграмным дакументам і міжнародным падыходам.

У цэлым у апошнія гады пенсійныя выдаткі складаюць каля 9% ВУП.

Нараджацца стала больш, чым паміраць

«Нас радуе вынік рэалізацыі сямейнай палітыкі», — паведаміў Аляксандр Румак. Нядаўна мы ўпершыню за апошнія 20 гадоў выйшлі на натуральны прырост насельніцтва, калі нараджаецца больш людзей, чым памірае. Да таго ж, цяпер больш за 57% нованароджаных — гэта другія і наступныя дзеці ў сем'ях. Расце, паводле слоў намесніка міністра, і колькасць шматдзетных сем'яў.

Два гады таму ў нашай краіне быў уведзены сямейны капітал — аднаразовае выдаткаванне безнаяўных грашовых сродкаў у памеры 10 тыс. долараў пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей. За перыяд рэалізацыі гэтай праграмы ў Беларусі адкрыта 28 824 дэпазітных рахункаў на сямейны капітал на агульную суму больш за 288 млн долараў.

Аляксандр Румак адзначае, што сістэма дзяржаўных дапамог сем'ям з дзецьмі функцыянуе стабільна. Развіваюцца і новыя віды сацыяльных паслуг для сем'яў.

Найбольш запатрабаванай на сёння формай сацыяльнага абслугоўвання пажылых і інвалідаў з'яўляецца дапамога на даму. Яе атрымліваюць каля 89 тысяч непрацаздольных жыхароў краіны.

Святлана Бусько

busko@zviazda.by

Загаловак у газеце: Місія — дапамагаць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».