Вы тут

Мікалай Лісоўскі: Асветніцкія традыцыі маюць ў Оршы глыбокую гісторыю


Орша — адзін з найстарэйшых гарадоў Беларусі і адзін з найбуйнейшых па колькасці насельніцтва раённых цэнтраў. Сярод прычын яго імклівага развіцця варта ў першую чаргу назваць зручнае геаграфічнае становішча — пабудова транспартных артэрый, якія злучалі Еўропу з Азіяй і поўнач колішняй Расійскай імперыі з поўднем, хутка зрабілі горад буйным чыгуначным і аўтамабільным вузлом. Менавіта гэтая перавага адкрывае перад Оршай новыя перспектывы і ў XXІ стагоддзі — неўзабаве ў рэгіёне павінен з'явіцца буйны лагістычны цэнтр, які дасць штуршок развіццю мясцовай эканомікі. Пра ажыццяўленне гэтай задумы, а таксама пра іншыя планы і дасягненні «Звяздзе» расказаў старшыня Аршанскага райвыканкама Мікалай ЛІСОЎСКІ.


— Як праходзіць рэалізацыя інвестыцыйнага праекта — будаўніцтва прамыслова-лагістычнага комплексу «Балбасава»?

— Згодна з Указам Прэзідэнта краіны, гэты цэнтр будзе створаны да канца 2023 года. У яго склад увойдуць збудаванні для арганізацыі прамысловай вытворчасці, як мінімум два адміністрацыйныя будынкі, гасцініцы, складскія карпусы плошчай не менш за 50 тысяч квадратных метраў, пляцоўкі для размяшчэння велікагрузнага аўтатранспарту (на 500 стаяначных месцаў), а таксама аб'екты інжынернай і транспартнай інфраструктуры.

Цяпер скончылася распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі першай чаргі будаўніцтва. На першым этапе да пляцоўкі будзе падведзена дарога, інжынерныя сеткі, пабудаваны склад з адміністрацыйна-бытавым комплексам і аўтастаянка. Работа ўжо пачалася — цяпер ствараецца пад'езд да аб'екта з бетонным пакрыццём. Акрамя гэтага, нядаўна было распрацавана абгрунтаванне інвестыцый у будаўніцтва пад'язнога шляху, які злучыць паміж сабой трасы Р-15 (Крычаў — Орша — Лепель) і Р-76 (Орша — Шклоў — Магілёў), цяпер завяршаецца распрацоўка дакументацыі па гэтым праекце.

Хачу адзначыць, што ў кастрычніку з пачаткам будаўніцтва комплексу «Балбасава» пазнаёміўся прадстаўнік будаўніча-інвестыцыйнай карпарацыі кітайскай правінцыі Ганьсу, дырэктар яе беларускага прадстаўніцтва ТАА «Сігікоп-Бел» Ян Ліцзэ. Па выніках наведвання будаўнічай пляцоўкі і наступных перагавораў нашы калегі з КНР праявілі прадметны інтарэс да будучага аб'екта.

— Нядаўна Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) прыняў рашэнне выдзеліць гораду грошы на рэканструкцыю сістэмы водазабеспячэння, ці асвойваюцца гэтыя сродкі?

— Сапраўды, у рамках рэалізацыі рамачнага праекта муніцыпальнай экалагічнай інфраструктуры Беларусі (дакладней, другога этапу Праграмы па водным сектары) прадугледжваецца мадэрнізацыя сістэм кіравання водазабеспячэннем і водаадвядзеннем Оршы ў супрацоўніцтве з ЕБРР. Для яе ажыццяўлення спецыялісты адной з экспертных кампаній летась праводзілі даследаванне стану водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі Аршанскага раёна. Па выніках гэтай работы быў створаны перспектыўны праект водазабеспячэння горада, які прадугледжвае мадэрнізацыю ачышчальных збудаванняў, аднаўленне калектараў, рэканструкцыю каналізацыйных насосных станцый.

Для яго рэалізацыі было прынята рашэнне аб выдзяленні гранту ў памеры трох мільёнаў еўра, а таксама крэдыту памерам шэсць мільёнаў еўра дзяржаўнаму прадпрыемству «Оршавадаканал». Яго спецыялісты на падставе ўсё таго ж мінулагодняга даследавання распрацавалі бізнес-план, які быў зацверджаны ў Міністэрстве эканомікі. Напрыканцы кастрычніка ЕБРР прадставіў праекты грантавага і крэдытнага пагадненняў, у якія наша прадпрыемства ўнесла свае заўвагі і прапановы. Таму ў хуткім часе можна чакаць старту ажыццяўлення задумы. Дарэчы, аналагічныя праекты будуць рэалізоўваць прадпрыемствы водазабеспячэння Ліды і Полацка.

— Сёлета Орша будзе адзначаць свой 950-гадовы юбілей. У 2017-м мы будзем святкаваць і 500 гадоў з выхаду першай беларускай друкаванай кнігі. Што робіцца ў рэгіёне для захавання традыцый і развіцця культуры?

— 500-годдзе беларускага кнігадрукавання — знакавы юбілей. Гэта вялікая дата не толькі для Беларусі, але і для сусветнай кніжнай гісторыі і культуры. У нашым горадзе, у друкарні Куцеінскага Свята-Богаяўленскага манастыра, яшчэ ў XVІІ стагоддзі знакамітым магілёўскім друкаром Спірыдонам Собалем таксама былі выдадзены дзясяткі ўнікальных царкоўных кніг тыражом у некалькі соцень экзэмпляраў. Сярод іх асаблівую вядомасць мае буквар («Букваръ сиречъ, начало учения детям начинающим чтению извыкати. В Кутейне изобразися. В типографии Спиридона Соболя. Року 1631»), які сёння лічыцца адным з першых у гісторыі Беларусі падручнікаў. Захаваўся толькі адзін асобнік гэтай кнігі, які знаходзіцца ў фондах Нацыянальнага музея імя А. Шапціцкага ва ўкраінскім Львове. Перагаворы кіраўніцтва Оршы з адміністрацыяй гэтай установы пра атрыманне электроннага варыянта аўтэнтычнага старадруку прывялі да таго, што ў 2014 годзе падчас правядзення фестывалю «Беларусь праваслаўная» адбылася ўрачыстая прэзентацыя яго факсімільнай копіі.

Таму асветніцкія традыцыі, у прыватнасці кнігадрукарскія, маюць на нашай зямлі глыбокую гісторыю. У Беларусі і за яе межамі шырока вядомая выдавецкая дзейнасць мясцовых педагогаў, аўтараў шматлікіх дзіцячых выданняў Галіны і Сяргея Трафімавых, пяру якіх належыць «Аршанскі буквар», выдадзены ў 2014-м і перавыдадзены ў 2015-м. У гэтай кнізе кожная літара тлумачыцца праз выяву якой-небудзь са славутасцяў горада і раёна і аповед пра яе.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Дарога будучыні Аршаншчыны

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як адкрыць бізнес у 14 гадоў?

Як адкрыць бізнес у 14 гадоў?

Цімафей растлумачыў, што калі бацькі дазволілі падлетку стаць індывідуальным прадпрымальнікам у 16 гадоў без эмансіпацыі, то для кожнага важнага кроку патрабуецца іх дазвол.

Культура

Беларуская царква ў Лондане намінавана на званне найлепшага будынка Еўропы

Беларуская царква ў Лондане намінавана на званне найлепшага будынка Еўропы

Беларуская царква, пабудаваная ў Лондане па замове беларускай дыяспары архітэктарам Цзыўаем Со, ужо атрымала шматлікія ўзнагароды ў архітэктурных конкурсах. 

Культура

Хто ёсць хто на дзіцячым «Еўрабачанні»

Хто ёсць хто на дзіцячым «Еўрабачанні»

Ужо ў гэту нядзелю вырашыцца інтрыга