Вы тут

Аддаючы належнае пеўню


Ну, здаецца, год Пеўня сустрэлі. Колькі календароў прадалі, сувеніраў рэалізавалі, цацак дзіцячых нарабілі — на цэлы год хопіць! Праўда, паводле ўсходніх гараскопаў, пеўня трэба яшчэ пачакаць, малпа саступіць яму месца толькі ў канцы студзеня. Але, шаноўнае спадарства, чаму певень падаецца нам увесь час пад усходнім соусам? Гэта ж самая наша беларуская птушка. З малых гадоў, напрыклад, помніцца казка «Як курачка пеўніка ратавала». Там яшчэ ганарлівы пяюн падавіўся бобам, а курачка, разумніца, гаспадынька і працаўніца, паўсвету абышла, каб здабыць той паратунак. Усё скончылася добра, як ва ўсялякай нармальнай казцы.


Апошняе вельмі важна. Колькі кругом рознага негатыву назбіралася, а хочацца ж добрага, хоць у казцы, хоць на свята. Ды і пеўніка, як героя і гаспадара сёлетніх святкаванняў аднаго выпучваць не варта. А дзе яго верная сяброўка — курачка? Думаю, не для нас з вамі ён пяе вясковай раніцай, а менавіта для сваіх суродзічаў. Некаторых асабліва галасістых чуваць бывае на ўсю аколіцу. Гэта каб, найперш, суседскія куры ацанілі вакальныя здольнасці стракатых спевакоў. Яны і цэняць, здараецца.

Цяпер, калі ў асабістай гаспадарцы жыхароў вёсак амаль не засталося кароў, а пяцікіламетровая зона свінакомплексаў усё меней верагоднасці пакідае для каляднай свежаніны, курыны статак застаецца нязменным і часта адзіным атрыбутам сельскай ідыліі. Нават адзінокія, ужо даволі слабенькія бабулькі не адважваюцца звесці апошнія дзве-тры курыцы, усё ж на падворку не так пуста. Ну і певень, каб чубаткам не сумна было, застаецца гаспадаром. Нават калі вёска згубілася недзе за лясамі, дзе каршуны так і наразаюць кругі ў пошуках адносна лёгкай дамашняй здабычы. Вельмі мілую карціну давялося назіраць у адной з пушчанскіх вёсак вясной. Там засталася адна бабулька. Па яе двары, нібы ў сябе дома, ходзяць зайцы ды алені, нават зубр, які заблудзіўся, аднойчы стукаў рагамі ў дзверы. Там, здавалася б, аніяк нельга разводзіць патэнцыяльных ахвяр перыстых драпежнікаў. Але ж апошняя жыхарка Глыбокага Кута вельмі любіць сваіх рознакаляровых квактушак на чале з прыгажэнным яркім пеўнікам. І дзеці з клопатам пра маці абсталявалі вальер для курэй, закрыты з усіх бакоў сеткай. Ёй засталася радасць кожны дзень выпускаць з хлеўчыка, карміць курынае сямейства, а ўвечары збіраць свежыя яечкі, каб скажам, да Вялікадня нафарбаваць не магазінных, сваіх.

А колькі вясковых суседак перасварылася з-за курэй, якія павыдзіралі грады і кветнікі! Гэта ўжо класіка сельскага жыцця. Асабліва адметным пеўням прысвячаліся творы літаратуры і мастацтва. Раней, напрыклад, у школе праходзілі апавяданне Кузьмы Чорнага, герой якога Пархвен Катлубовіч з п'яным пеўнем біўся.

Ну а іншыя, каму не пашчасціла трапіць у гісторыю літаратуры, пападалі ў вясковыя гісторыі і станавіліся мясцовай легендай на доўгія гады. Адну такую гісторыю ведаю, праўда, асобных яе фігурантаў ужо, на жаль, няма з намі. Дык вось, недзе ў сямідзясятых гадах мінулага стагоддзя жыла ў адной вёсцы жанчына. Прыехала некалі па накіраванні ды і засталася. А сям'я не склалася, не было асаблівага выбару для інтэлігентнай жанчыны. Ганарлівая, са строгім норавам, на рабоце яе нават крыху пабойваліся, хоць чалавекам яна была нядрэнным... І вось аднойчы ў яе паявіўся мужчына. Для вёскі дык нават вельмі імпазантны тып, на Астапа Бэндэра нечым падобны. Да незнаёмца прыглядваліся. Жанчыны перашэптваліся, гаварылі, што вось нарэшце дачакалася свайго лёсу. А гэты лёс часта з'язджаў у горад першым аўтобусам, вечарам вяртаўся, няйнакш па справах. Яно і зразумела, дзелавы чалавек.

І вось аднойчы гэты дзелавы прыйшоў вечарам, як заўсёды, з апошняга аўтобуса з пеўнем пад пахай: прыгожым, яркім, з фіялетавымі пёрамі на хвасце. Сказаў, што купіў у вясковай гаспадыні, бо захацелася дамашняй курацінкі. Ну і яна, ацаніўшы гаспадарлівасць, прыгатавала вячэру. На рабоце назаўтра не вытрымала, пахвалілася. А прыбіральшчыца цёця Маня як плясне рукамі: «Вой, а ў мяне ўчора з хлеўчыка майго прыгажуна пеўніка ўкралі!»

Пра фінал гэтага кахання вы, думаю, здагадаліся. Вера Мікалаеўна сабрала рэчы няўдачлівага кавалера і выставіла чамадан за дзверы кватэры. Выходзіць, той яркі і галасісты з фіялетавымі пёркамі стаў не дарэмнай ахвярай, а момантам ісціны. Добра, што хутка ўсё высветлілася. А каб яны, скажам, аформілі свае адносіны, гастралёр той асеў у вясковай прыстойнай жанчыны, а потым стала вядома яго і мінулае, і сапраўднае, было б яшчэ горш. А так пасмяялася вёска ды і забылася.

Добра, калі можна пасмяяцца. Як сказаў адзін даволі энергічны пенсіянер з іншай вёскі, у якой я цяпер бываю часцей, чым у той, дзе адбылася гісторыя са смажаным пеўнікам: «Калі б я быў маладзейшы і здаравейшы, я б узяў свайго Пецю і паехаў у Мінск на навагоднюю ноч. Каля галоўнай ёлкі зрабіць з такім прыгажуном сэлфі за два рублі жадаючых адбою не было б. Думаю, за ноч рублёў чатырыста-пяцьсот новымі можна было б зарабіць». Як яму не паверыць? Так што ў новым годзе з гэтай птушкай дакладна не прападзём.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.