Вы тут

Артур Мацвеенка: «У маёй працы карысны нават малаток»


Музыка ў фільмах і гульнях — неад'емны складнік. Пагадзіцеся, без мелодый, песень кіно было б вельмі сумна глядзець, а без эпічнай музыкі — блукаць бясконцымі сцежкамі камп'ютарных гульняў. Сённяшні наш суразмоўца, кампазітар, аўтар музычнага праекта Dzіvіa Артур Мацвеенка дакладна ведае, як скласці гукавы «партрэт» героя гульні, які саўндтрэк напісаць для кіно ці рэкламнага роліка. І дзеля патрэбных мелодый ён не баіцца нават правесці ноч у лесе. Некаторыя сакрэты сваёй незвычайнай прафесіі Артур раскрывае ў гутарцы з карэспандэнтам «Чырвонкі. Чырвонай змены».


— Прафесія кампазітара цяпер досыць рэдкая. Тым больш — сярод моладзі. Чаму ты выбраў для сябе такі шлях?

— Усё пачалося выпадкова, аднойчы проста пачаў пісаць музыку. Натуральна, я маю адукацыю: скончыў музычную школу па класе кларнета і саксафона. Але пасля яе заканчэння я гады тры не іграў на інструменце, а потым у пэўны момант пачаў ствараць музыку. Сапраўды, наша прафесія досыць рэдкая, але, можна сказаць, запатрабаваная на міжнародным рынку. Магчыма, прычына такой нераспаўсюджанасці кампазітарскай справы ў тым, што ў Беларусі няма навучальных устаноў, дзе даюць патрэбную адукацыю. Я маю на ўвазе — навучаюць кампазітараў, якія пішуць неакадэмічную музыку для фільмаў і гульняў. Так, у нас ёсць акадэмія музыкі, але там выкладаюць зусім іншае. Мне ж трэба ведаць фізіку гуку, умець карыстацца эквалайзерамі, кампрэсарамі. Гэта ўсё даецца далёка не адразу.

— Ты сам навучыўся?

— Так, у асноўным сам. Каб навучыцца, патрэбна вельмі шмат часу. Многае трэба асэнсоўваць самастойна, ніводны ўніверсітэт не навучыць, як працаваць. Карысным можа стаць досвед калег. Некаторыя замежныя кампазітары на сваіх старонках дзеляцца сакрэтамі майстэрства, выдаюцца адмысловыя часопісы для дызайнераў гуку. Толькі сёння, гадоў праз пяць самастойных заняткаў, я магу сказаць, што напісаў нешта вартае. Але ўсё роўна гэта не галівудскі ўзровень. Насамрэч, пісаць музыку для кіно і гульняў вельмі цікава. Але пакуль што ў Беларусі мала людзей, якія займаюцца гэтай справай.

— Якія свае работы можаш назваць у ліку найлепшых?

— Ёсць праекты, у стварэнні якіх я ўдзельнічаў, дзе мне падабаецца музыка, але сам вынік атрымаўся не надта «выбухным». Напрыклад, запомнілася адна гульня, для якой я напісаў саўндтрэк. Там гучыць аркестр, сумешчаны з этнічнымі інструментамі. Музыка атрымалася проста выдатная, але, на жаль, гульня закрылася праз паўгода пасля выпуску.

— Ты аўтар музычнага праекта Dzіvіa, досыць папулярнага ў колах аматараў цяжкой музыкі. Як творчасць у яго межах суадносіцца з, так бы мовіць, камерцыйным кампазітарствам?

— Дзякуючы менавіта гэтаму музычнаму праекту мяне заўважылі як кампазітара. Гэта было ў час, калі я нават не здагадваўся, што магу працаваць у гэтым кірунку і зарабляць грошы. Прынамсі, у нас. Dzіvіa існуе ўжо досыць доўга. Я вельмі даўно займаюся гэтым праектам і проста не магу яго кінуць. Як сесійны музыкант удзельнічаю ў іншых гуртах, больш мэйнстрымавых. Часам вельмі шкадую, што і сам не пачаў іграць стандартную музыку з дзвюма гітарамі, басам, барабанамі і вакалам (смяецца). Напрыклад, мне вельмі складана знайсці барабаншчыка: патрэбны чалавек, які мае свой вялікі этнічны інструмент і іграе на ім. Такіх у нашай краіне адзінкі. Але Dzіvіa існуе, развіваецца. Мы запісваем новы альбом. Да ўдзелу ў праекце я запрасіў яшчэ каля дзесяці музыкантаў. Палова з іх — гэта вакалісты. Зараз збіраю жывы склад, спрабую зладзіць выступленне. Мы плануем канцэрты і хочам выйсці са студыйнага фармату.

— Не баішся выйсці да публікі?

— Гэта для мяне больш страшна, чым удзельнічаць у канцэртах як музыканту. Першае выступленне з Dzіvіa будзе як першы раз на сцэне ўвогуле. Я ўпершыню выйду да слухача менавіта са сваім праектам. Як музыкант выступаю з іншымі гуртамі, часам удзельнічаю ў вялікіх канцэртах высокага ўзроўню, але гэта не мае праекты, таму не надта хвалююся. Але ў Dzіvіa ўся музыка мая.

— Адкуль такое жаданне іграць музыку, не падобную на тую, што выконваюць іншыя нашы гурты?

— У Беларусі няма гуртоў, якія іграюць аркестравую музыку для «металістаў». Я не ведаю, як ахарактарызаваць стыль, у якім я іграю, часам называю яго pagan orchestral — гэта нешта сярэдняе паміж фальклорам, аркестравай музыкай і «металам». Хоць тут няма характэрных рыс апошняга — гітар, гучных барабанаў, але ёсць адмысловы вакал, эпічнасць. Цікава, што маю музыку пачалі слухаць менавіта «металісты».

— Ты сам разумееш, калі напісаў нешта сапраўды грандыёзнае, што яно спадабаецца людзям?

— Нічога такога няма. Калі б я знарок пісаў музыку, якая падабалася б людзям, то мая творчасць была б іншай. Магчыма, больш папсовай, можа быць, я іграў бы «метал». Але ў творчасці арыентуюся толькі на ўласны густ.

— Сёння фолк у музыцы надзвычай актуальны, запатрабаваны і нават папулярны. Як бачыцца праект Dzіvіa ў кантэксце музычнай сцэны краіны?

— У мяне крыху іншая музыка. У нас многа каманд, падобных на «Старога Ольсу». Гэтая музыка вельмі добра падыходзіць для фестываляў сярэднявечнай культуры, стварае антураж, але як сама па сабе для мяне нецікавая. Мне падабаецца Re1іkt — вельмі незвычайны праект для Беларусі, я неяк выпадкова трапіў на іх канцэрт і дагэтуль з захапленнем слухаю. Таксама на ўзроўні музыка Drwіwy. А ў цэлым я многа слухаю «метал» і нікому не вядомыя, амаль андэграўндныя гурты.

— Што параіў бы маладым людзям, якія хочуць пісаць музыку?

— Не рабіце гэтага! Кампазітарствам у нас вельмі складана займацца, а зарабляць — амаль немагчыма, здымаецца вельмі мала фільмаў. Калі параўнаць, напрыклад, з Францыяй, дзе амаль кожны трэці чалавек нейкім чынам звязаны з кіно, а кампазітары нават могуць выбіраць найцікавейшыя з некалькіх прапаноў. Большасць нашых кампазітараў, таксама як і праграмістаў, працуюць на краіны Еўропы. У нас гэта незапатрабаваная справа. Трэба самому шукаць заказы, нейкім чынам «круціцца».

— Можа, раскрыеш сакрэты, як запісваюцца гукі для кіно, гульняў?

— Гэта вельмі цікава і часам непрадказальна. Напрыклад, для гульні патрэбна запісаць начны лес. Прычым заказчык патрабуе арыгінальную мелодыю. Таму едзеш ноччу ў лес з мікрафонам, ноўтбукам і начуеш там у спальніку. Хрумсценне снегу запісваецца паралонам, а ўдары ў цела — насамрэч удары ў памідоры. Лязгат мячоў, што мы чуем у фільмах, — гэта часцей за ўсё гукі бразгання сталовых прыбораў. Для гэтага няма сэнсу набываць сапраўдную зброю. Вельмі карысны ў працы кампазітара і малаток, якім на кухні мяса адбіваюць. У гульні цікава гукамі паказваць персанажа. Ён робіць рух — і яго трэба паўтарыць у гуку, пры гэтым сінхранізаваць з рэчаіснасцю.

— Напэўна, усе сталовыя прыборы пабывалі ў цябе ў студыі?

— Так. Няма студыі, дзе імі не карысталіся б для запісу (смяецца). Калі прыходзіш на студыю па агучванні, там можна знайсці што заўгодна — як у анекдоце пра жаночую сумачку. Любая дробязь істотная.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фо­та Сяр­гея НІ­КА­НО­ВІ­ЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?