Вы тут

Фітнес ля канапы


У школьныя гады быў час, калі мы з аднакласніцамі захапляліся бодзіфлексам. Гэта дыхальная гімнастыка для пахудзення: сістэма абяцала неверагодныя вынікі і пры гэтым не патрабавала цяжкіх фізічных нагрузак. Мара, карацей. Кнігу па бодзіфлексе, якая знайшлася дома ў кагосьці з дзяўчат, перадавалі з рук у рукі. Я, калі дачакалася сваёй чаргі, нават перапісала некаторыя практыкаванні ў сшытак. Пахудзець з дапамогай гімнастыкі сапраўды ўдалося. Адзін мінус: падчас выканання практыкаванняў трэба было вельмі гучна дыхаць. Мама, калі чула мае старанні з суседняга пакоя, доўга не магла зразумець: ці гэта дачка фізкультурай займаецца, ці проста пыласос сапсаваўся.


Бодзіфлексам даўно ўжо не цікаўлюся, а вось звычка трэніравацца дома засталася. Ведаю, што вы хочаце спытаць: як прымусіць сябе ўстаць з канапы і пачаць мацаваць прэс? Тут табе ні эканамічнага стымулу ў выглядзе дарагога абанемента (гадавы ў трэнажорку цяпер каштуе 700-1000 рублёў), ні інструктара-наглядчыка. (Знаёмы трэнер, які нядаўна запусціў анлайн-праграму па пахудзенні, прызнаўся, што не чакаў такога наплыву ахвотных: людзям прасцей трымаць сябе ў форме, калі ёсць кантроль збоку.) Дамашні фітнес падкупляе тым, што не прывязвае да жорсткага графіка. Калі ёсць час, тады і займаешся. Але я раіла б скласці гэты графік самому і старацца яго прытрымлівацца: без дысцыпліны ўсё ж ніяк. Не можаце ўдзяліць запланаванаму фітнесу гадзіну — няхай гэта будзе паўгадзіны, але не прапускайце трэніроўку.

Што да фітнес-праграмы, то ідэальны яе варыянт — відэа на хвілін 45, дзе ёсць размінка, комплекс практыкаванняў з падрабязным тлумачэннем тэхнікі і расцяжка. Ці план заняткаў, разлічаны на 90 дзён (такія падборкі — іх знойдзеце на спецыялізаваных ютуб-каналах — якраз падыдуць навічкам). Плюс вялікіх відэа ў тым, што ў іх задаецца патрэбны тэмп і раўнамерна размяркоўваецца нагрузка на розныя групы мышцаў. Дзяўчаты часта ігнаруюць практыкаванні для рук і спіны (маўляў, я ж не хачу стаць мацаком), але, каб фігура выглядала гарманічна, яны таксама патрэбны.

Стварыць бадзёры настрой дапаможа адпаведная музыка. Я, напрыклад, калі складаю новы плэй-ліст, з нецярплівасцю чакаю трэніроўкі, каб лішні раз паслухаць улюбёныя кампазіцыі. Вынікі даследавання навукоўцаў з універсітэта Брунэля (Лондан) сведчаць: калі мы займаемся пад музыку, узровень сілы павялічваецца на 13 працэнтаў. А вось рабіць практыкаванні і паралельна глядзець фільмы не раю: не той тэмп, а значыць, і расход калорый меншы.

Наконт спецыяльнага абсталявання. Трэніроўка без гантэляў таксама эфектыўная. У большасці выпадкаў дастаткова вашай уласнай вагі: сілавы фітнес з абцяжарваннем дыктуе, хутчэй за ўсё, мода. Калі ўсё ж такі будзеце купляць спартыўны інвентар, выберыце фітбол (вялікі гімнастычны мяч). Як па мне, з ім самыя вясёлыя трэніроўкі.

Хочацца паэксперыментаваць? Вазьміце звычайны ручнік. Гэта выдатны (і бясплатны!) спосаб узмацніць нагрузку і прапрацаваць мышцы, якія пры іншых абставінах не задзейнічаны. Увогуле, не лянуйцеся шукаць новыя варыянты практыкаванняў і раз на месяц мяняць праграму трэніровак. Так вы будзеце бачыць прагрэс і пазбегнеце эфекту плато (калі вага, нягледзячы на ўсе намаганні, стаіць на месцы).

Абавязкова ўключыце ў расклад кардыянагрузку (яна карысна для сэрца і неабходна, калі ваша мэта — пахудзець). Мае фаварыты — відэаўрокі па джайфе і хіп-хопе. Ніяк не магу сябе прымусіць бегаць больш за 15 хвілін, а вось танцаваць — колькі заўгодна.

І напрыканцы яшчэ колькі слоў пра матывацыю. Адзіны спосаб перамагчы ляноту — пачаць дзейнічаць. Угаварыце сябе на... пяціхвілінную трэніроўку. Усяго толькі. Праз пяць хвілін, упэўнена, вы ўцягнецеся і не захочаце кідаць пачатую справу.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача. 

Грамадства

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Як у Слаўгарадскім раёне апякуюць пенсіянераў

Дом у Лапацічах нічым асабліва не выдзяляецца сярод іншых...

Палітыка

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Аб чым дамовіліся прэзідэнты Беларусі і Азербайджана?

Па выніках перамоў у Мінску яны прынялі сумесную заяву.

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.