Вы тут

Чаму адны бясконца «набіваюць» тату, а другія — выдаляюць?


Татуіроўкі даўно перасталі асацыявацца толькі з афрыканскімі плямёнамі, турмой і арміяй. З аднолькавым поспехам можна заўважыць чарнільныя малюнкі пад скурай у школьніка, прадаўшчыцы ці офіснага супрацоўніка і ні кроплі гэтаму не здзівіцца. Таму сёння для таго, каб вылучыцца сярод іншых, невялікага малюнка, напрыклад, на руцэ ці назе ўжо недастаткова. Мы адшукалі маладых беларусаў, чые тату можна назваць незвычайнымі.


Скры­жа­ва­ныя ся­ке­ры — спро­шча­ны ва­ры­янт ро­да­ва­га гер­ба.

Сякеры на твары...

29-гадовы Дзмітрый Конанаў працуе тату-майстрам (маючы эканамічную адукацыю і адпрацаваўшы чатыры гады бухгалтарам). Ён з дзяцінства цікавіўся выяўленчым мастацтвам, а ўжо юнаком вырашыў нанесці малюнак на самога сабе — так у яго з'явілася першае тату.

— Сёння татуіроўкі пакрываюць прыкладна сорак працэнтаў майго цела. Кожная з іх мае пэўны сімвалізм для мяне, звязана з тымі ці іншымі падзеямі жыцця. Але гэта не такія канкрэтныя значэнні, як у «наколак» у крымінальным асяродку. Мастацкае тату хутчэй адлюстроўвае характар чалавека, яго інтарэсы, — тлумачыць хлопец. — Нягледзячы на тое, што ў мяне дваццаць татуіровак, любімую з іх назваць не магу — гэта ўсё роўна, што выбіраць любімую руку! — кажа Дзмітрый і смяецца.

Першае, што кідаецца ў вочы, калі глядзіш на Дзіму, — выява дзвюх маленькіх скрыжаваных сякер на ягоным твары, якая з'яўляецца спрошчаным варыянтам родавага герба. Такое незвычайнае месца для татуіроўкі малады чалавек выбраў не проста так: гэта своеасаблівы выклік сучаснаму грамадству ці нават своеасаблівая спроба выйсці з вузкіх рамак соцыуму, дзе ўсе павінны выглядаць аднолькава, і стаць часткай андэграўнду.

— Наперадзе мяне чакаюць новыя малюнкі. Я жыву гэтым. А калі стану старым, буду шкадаваць толькі аб адным — што на целе скончылася месца!

...і знак задыяка на патыліцы

Якаву Пятрову 24 гады, і яго цела пакрываюць сямнаццаць татуіровак (дарэчы, лічылі мы іх падчас сустрэчы, бо дагэтуль хлопец нават не задумваўся пра колькасць).

— Першую зрабіў восем гадоў таму і доўга хаваў ад бацькоў — баяўся, што будуць сварыцца. Калі маці яе ўсё ж заўважыла, сказала толькі адно: «Навошта хаваў?» Напэўна, маім бацькам не падабаецца, што на мне столькі малюнкаў, але яны ўжо прызвычаіліся і нічога больш не кажуць. Затое староннія людзі любяць разглядваць маё цела, асабліва летам. У такія моманты я пераўтвараюся ў «галерэю».

Нейкага асаблівага памкнення ці штуршка, які натхніў бы Якава на першую татуіроўку, не было. Спадабаўся малюнак — ён перавёў яго на цела. Цяпер, бывае, пачынаецца ўсё з ідэі, з якой хлопец ідзе да майстра, і яны разам вырашаюць, як увасобіць яе ў рэальнасць. Увогуле, тату хлопца нельга назваць сімвалічнымі, паколькі яны не звязаныя ні з падзеямі, ні з людзьмі.

Якаў не прытрымліваецца адзінага стылю ў татуіроўках: яго правая рука цалкам пакрытая малюнкамі ў японскіх матывах, на грудзях — постапакаліптычная тэма.

— Вось гэты мілы слонік, — Якаў паказвае на тыльны бок далоні, дзе красуецца выява жывёлы, — з'явіўся выпадкова. Аднойчы мне давялося патрапіць у кампанію, дзе быў тату-майстар. Мы разгаварыліся, і ён нечакана прапанаваў: «Хочаш яшчэ што-небудзь табе «наб'ём»?» Я згадзіўся. Праз некалькі гадзін у мяне было на адну татуіроўку больш.

Аднак самае цікавае тату Якава знаходзіцца на бачным месцы і пры гэтым не заўважна — на патыліцы пад валасамі. Першапачаткова малады чалавек не планаваў рабіць яго там.

— Я знайшоў цікавы эскіз — выява майго знака задыяка ў форме круга — і прыйшоў з ім у салон. Разам з майстрам мы вырашылі, што ідэальнае месца для такой татуіроўкі — патыліца. Ніякіх адрозненняў у нанясенні малюнка на галаву, скажам, ад цела не было. Адчуванні тыя ж самыя, можа, нават не так балюча, — гаворыць хлопец.

Татуіроўкі для Якава — гэта філасофія жыцця, культура, пэўная эстэтыка. У яго сяброў, дзяўчыны таксама ёсць тату. Хлопец працуе барыстам у кавярні, і, на яго думку, яны дапамагаюць прыцягваць увагу наведвальнікаў. На пытанне пра будучыню Якаў адразу ж адказвае: «У мяне яшчэ дзве «чыстыя» нагі! Карацей, «набіваць» ёсць на чым. Тут галоўнае, каб фантазія не падвяла».

Ма­люн­кі на пра­вай ру­цэ —  гэ­та япон­скія ма­ты­вы.

Надпіс пераўтварыўся ў пляму

Пакуль адны прыдумляюць эскізы для новых татуіровак, іншыя, наадварот, пазбаўляюцца іх. 22-гадовая Таццяна Лемяшэўская некалькі месяцаў хадзіла ў тату-салон на лазернае выдаленне малюнка. Працэдура гэтая не самая прыемная, каштуе даволі дорага, і для таго, каб поўнасцю прыбраць татуіроўку, спатрэбіліся не адзін-два сеансы.

— Зрабіла надпіс на руцэ тры гады таму. Спачатку мне ўсё падабалася, я разглядвала тату зблізу і не магла нарадавацца, бо майстар зрабіў усё так, як я хацела. Але праз некаторы час зразумела, што здалёк яна выглядае, як цёмная пляма. Да таго ж мне надакучыла тлумачыць усім, што азначаюць гэтыя літары з завітушкамі. А яшчэ, прыходзячы на пляж летам, я пачала звяртаць увагу, што татуіроўкі ёсць ледзь не ў кожнага другога, — расказвае Таццяна. — Ведаю, шмат людзей, якія таксама выдаляюць тату. Не бачу ў гэтым нічога незвычайнага, калі сучасныя тэхнічныя магчымасці дазваляюць гэта зрабіць.

Аднак дзяўчына не выключае, што ў будучыні зноў «наб'е» татуіроўку, толькі ўжо ў схаваным ад чужых вачэй месцы.

Ганна Курак, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Мама, я хачу тату!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?