Вы тут

Мне сняцца Нарач і «Зубраня»...


На ўсё свой час. У думках застаецца толькі тое, што было сапраўдным, вартым памяці. З Нараччу, з «Зубранём» у мяне было сем сустрэч. Першы раз, калі я была яшчэ ў другім класе, апошні — падчас восеньскай змены «Прэс-перспектыва», на якую былі запрошаны вучні 8—11 класаў, пераможцы адборачнага этапу XІІ рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячых сродкаў масавай інфармацыі «Свежы вецер».


Кожная з маіх сямі нарачанскіх змен — гэта як асобнае «маленькае жыццё». Дзівоснае, напоўненае імгненнямі натхнення, няўрымслівай дзейнасці, бясконцага руху. «Зубраня» заўсёды можа сабраць у адным месцы і ў адзін час людзей таленавітых, шчырых, добразычлівых. Так было і ў апошнюю маю змену, якая, на жаль, таксама праляцела імкліва, быццам нарачанская чайка над азёрнымі хвалямі. Але зноў і зноў прыгадваюцца сустрэчы, размовы з аднагодкамі, настаўнікамі і важатымі. З такімі, у прыватнасці, як Алена Іванаўна Самуль, Віталь Уладзіміравіч Мілкоўскі, Алена Васілеўна Лабанок, Ілья Вадзімавіч Сцяпанаў, Павел Віктаравіч Роўба. Кожны з іх неардынарная асоба. Вось толькі некалькі прыкладаў.

Алена Самуль па адукацыі географ. Нарадзілася ў азёрным краі — на Браслаўшчыне, але, па асабістым прызнанні, добра плаваць так і не навучылася. Любіць падарожнічаць, марыць убачыць горы, захапляецца чытаннем кніг, жыве пастаянным імкненнем да новага, цікавага і карыснага. Асабліва цэніць адкрытых, харызматычных, жыццярадасных людзей. Зрэшты, сама яна менавіта такая. А яе любімы афарызм з Канфуцыя — «Выберыце сабе работу па душы, і вам не давядзецца працаваць ніводнага дня ў сваім жыцці», — стаў і маім таксама.

Спектр захапленняў Віталя Мілкоўскага шырокі і рознабаковы: тэатр, жывапіс, спорт, музыка, КВЗ, тэхніка. Жыццёвы дэвіз просты: быць шчаслівым — значыць, любіць сваю працу. А вось яшчэ адна яго мара — завесці сабаку — пакуль не збылася. Не сумняваюся — збудзецца!

Алена Лабанок таксама выпускніца геафака, якая марыць аб'ехаць увесь свет, у крайнім выпадку — хоць бы яго палову. Жыццёвая пазіцыя — знаходзіць станоўчыя моманты ва ўсім, умець радавацца простым жыццёвым рэчам. Лічыць, што самы карысны навык, які яна набыла ў жыцці, — гэта ўменне разважаць пазітыўна і ніколі не сумаваць.

«Выканаць можна ўсё, трэба толькі ведаць, як», — так лічыць Ілья Сцяпанаў. Сярод яго захапленняў — традыцыйная і сучасная беларуская культура, рок-, панк-, фолк-музыка. Упэўнены, што работа з дзецьмі, часам з нечаканымі сюжэтамі і сітуацыямі, вельмі дапамагае не страціць веру ў чалавецтва.

Дзве вышэйшыя адукацыі мае Павел Віктаравіч Роўба. Па першай ён настаўнік беларускай мовы і літаратуры, па другой — выкладчык фізікі і матэматыкі. Таму і захапленні, здавалася б, дыяметральна процілеглыя: любіць дакладныя навукі і ў той жа час вельмі цэніць творчасць Кандрата Крапівы. Актыўны ўдзельнік КВЗ, займаецца вёрсткай педагагічнай газеты, захапляецца мастацтвам ва ўсіх яго праявах.

Гэта толькі некалькі штрыхоў да партрэтаў важатых і настаўнікаў «Зубраняці», з якімі, хоць і на кароткі час, звёў мяне лёс. Усе яны шукаюць і знаходзяць сябе ў гэтым жыцці і імкнуцца быць карыснымі для іншых. Дарэчы, як і мае равеснікі са змены «Прэс-перспектыва» 2016 года. Так, Данііл Грамыка з Магілёва заканчвае школу (профіль — фізмат), марыць паступіць у БНТУ. Займаецца спортам, захапляецца музыкай, цэніць і паважае творчых людзей. Даша Рачок таксама магіляўчанка. Англійская, нямецкая, італьянская мовы — яе прыярытэты сярод прадметаў у школе. Нават спрабуе пісаць вершы па-англійску. Акрамя гэтага, скончыла музычную школу па класе фартэпіяна, зараз імкнецца авалодаць гітарнай тэхнікай. Кажа, што ёй проста падабаецца жыць, з падзякай прымаючы ўсе імгненні і дробязі паўсядзённасці. Ксенія Харава з Ліды з дзяцінства захапілася танцамі. Прычым рознымі іх відамі — ад класічных да народных. Любіць паэзію, бо, на яе думку, у вершах можна знайсці сябе. Родам з Ліды і яшчэ адна Ксенія — Луцэвіч — аматар тэатра, сцэны. Яна любіць спяваць і нават запісала аўтарскую музычную гульню-праграму для дзяцей.

«Шукаць сябе» ў гэтым жыцці зараз, каб не згубіцца ў ім потым — гэтага правіла прытрымліваюцца мае равеснікі, з якімі я пазнаёмілася на нарачанскай змене. Яраслаў Каліноўскі, Даша Серак, Ягор Муха, Мікіта Бычкоў, Данііл Восіпаў — пра кожнага з іх можна расказаць шмат цікавага, таму што ўсе яны — з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, са сваімі перакананнямі, захапленнямі і жаданнямі. А мары, напэўна, і прыдумалі людзі для таго, каб яны хоць зрэдку, ды збываліся. Вось у мяне ў кастрычніку 2016-га на адну мару стала менш: у конкурсе відэапраграм мой праект «Зубраняці» прысвячаецца...» быў прызнаны лепшым і я атрымала-такі «Крыштальнага зубра».

...У адзінаццатым класе асабліва адчуваецца імклівасць часу. Хочаш зрабіць многае, ды паспяваеш не ўсё: не хапае гадзін у сутках — хоць плач! Але ў рэдкія хвіліны адпачынку, калі бяру ў рукі невялікую фігурку крыштальнага зубраняці, зноў і зноў прыходзяць на памяць імгненні мінулай восені. Ды і сніцца часам Нарач. І, як мне здаецца, сніцца не толькі мне, але і яму — маленькаму зубраняці. Бо мы пазнаёміліся з ім у адным і тым жа месцы, а значыць штосьці нас аб'ядноўвае?

Лізавета Анікевіч, вучаніца 11 класа гімназіі №1 г. Жодзіна


Пра аўтара

Нашай чарговай аўтарцы 16 гадоў. Па прызнанні Лізаветы, яе любімыя прадметы ў школе — гэта гісторыя Беларусі, родная мова і фізічная культура.

— Я спяваю ў вакальным ансамблі «Вялікі перапынак», займаюся кулявой стральбой, з'яўляюся капітанам каманды «Алімп» інтэлектуальнага клуба гімназіі і рэдактарам гімназічнай газеты «МіГ». На працягу дзевяці гадоў займалася спартыўнымі бальнымі танцамі, маю шмат узнагарод рэспубліканскага ўзроўню, — кажа пра сябе дзяўчына, падмацоўваючы словы вялікім пералікам не толькі спартыўных дыпломаў, але і адзнак за ўдзел у шматлікіх інтэлектуальных і творчых спаборніцтвах. — Мару стаць тэлежурналістам.


 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?