Вы тут

Дзіцячы фільм «Па сакрэце ўсяму свету» адзначае 40-годдзе


Чатыры дзясяткі гадоў таму, 2 студзеня 1977 года, адбылася тэлевізійная прэм'ера двухсерыйнага фільма «Па сакрэце ўсяму свету», які знялі на кінастудыі «Беларусьфільм» паводле знакамітых «Дзяніскавых апавяданняў» Віктара Драгунскага. Значна пазней гэты фільм крытыкі прызналі дзіцячым блокбастарам, а тады ад яго былі проста ў захапленні савецкія школьнікі-акцябраты і малодшыя піянеры.


Юнага акцёра на ролю галоўнага персанажа — другакласніка Дзяніскі Караблёва — выбіралі сярод амаль 15 тысяч (!) дзяцей, але камісія Дзяржкіно зацвердзіла мінчаніна Валодзю Станкевіча — сына вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Дадзіёмава. На той момант Валодзя ўжо меў досвед здымак у 4 кінафільмах і, галоўнае, шчыра любіў «Дзяніскавы апавяданні» — гэту кнігу хлопчык ведаў ледзьве не на памяць.

...Як успаміналі пазней акцёры, настрой савецкага часу ў фільме быў перададзены вельмі дакладна, а вось побыт рэжысёры на чале з Ігарам Дабралюбавым істотна «палепшылі». Напрыклад, штроксавы касцюмчык экраннага Дзяніскі, мара многіх хлопчыкаў у той час, быў страшэнным дэфіцытам, набыць які было практычна немагчыма за любыя грошы. Або ўзгадаць тры сасіскі, якія герой «без апетыту» есць на сняданак — у многіх сем'ях такое меню было далёка не штодзённай раскошай, не гаворачы ўжо пра курыцу, якую Дзяніс Караблёў разам з татам (Аляксандр Лянькоў) «гатуюць» да стану вугельчыкаў — дастаць гэту «сінюю птушку», якая каштавала 2 рублі 20 капеек, лічылася вялікай удачай. Апошняй сцэны, дарэчы, у пачатковым сцэнарыі не было наогул — яе прыдумалі проста на здымачнай пляцоўцы, а ў выніку менавіта яна стала любімай у многіх дарослых і маленькіх гледачоў.

«Прэм'ера мела ашаламляльны поспех, — успамінае сёння Станкевіч, — але адчування, што прачнуўся знакамітым, у мяне не было. Ні на вуліцы пальцам не паказвалі, ні аднакласнікі не зайздросцілі — можа, прывыклі, што я часта здымаюся, ні настаўнікі паблажак не рабілі. Карацей, жыў сабе, як і раней». Аднак на лёс героя карціна ўсё ж такі аказала самы істотны ўплыў. З больш як дзясятка дзяцей і падлеткаў, якія зняліся ў карціне, толькі Валодзя Станкевіч працягнуў акцёрскую кар'еру. У яго багажы звыш 20 фільмаў, а таксама вопыт працы на беларускім тэлебачанні і ў ансамблі «Сябры». І хоць ужо шмат гадоў Уладзімір разам з сям'ёй жыве ў Маскве, дзе працуе акцёрам і шоўменам, а таксама займаецца раскруткай артыстаў (у тым ліку сваёй жонкі Анжалікі Ют) ва ўласнай прадзюсарскай кампаніі, але дагэтуль захоўвае пяшчотныя пачуцці да карціны і можа правесці для цікаўных віртуальную экскурсію па месцах здымак. Нават у сацыяльных сетках ён падпісваецца як Уладзімір Станкевіч — Дзяніс Караблёў і з задавальненнем згадвае кожную круглую дату любімага фільма.

Напрыклад, да 30-годдзя стужкі «Па сакрэце ўсяму свету» Уладзімір зрабіў яе прыхільнікам адмысловы падарунак — зняў відэакліп на песню «Калі мае сябры са мной». «Я дамовіўся з аўтарамі — Танічам і Шаінскім, а саму песеньку цудоўна выканала мая дачка Вікторыя, якой на той момант было столькі ж гадоў, колькі і мне падчас стварэння фільма, — узгадвае шоумен. — Прычым здымалі відэа мы ў Мінску, якраз на месцах былых здымак — гэта дзіўна, але за 30 год там мала што змянілася». Акрамя таго, да юбілею выйшла эксклюзіўнае выданне на дыску — адрэстаўрыраваны фільм, дакументальная стужка «Працяг будзе», у якой стваральнікі карціны ўзгадалі пра самыя забаўныя моманты працы, і дадаткова відэакліп.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Кар'ерны рост Дзяніскі Караблёва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?