Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» — аб усім, што звязана з маразамі


Месцамі да мінус 32 градусаў

З паўночнымі вятрамі на тэрыторыю нашай краіны наступае вельмі халоднае арктычнае паветра, паведамляе намеснік начальніка службы метэаралагічных прагнозаў Белгідраметцэнтра Святлана Рыбакова. Сёння маразы сапраўды ўзмоцняцца. Тэмпература паветра на большай частцы тэрыторыі складзе ад мінус 16 да мінус 22 градусаў. А ўльтрапалярны холад спецыялісты абяцаюць нам менавіта ў ноч на выхадныя.

У суботу і нядзелю будзе пераважна без ападкаў, толькі па паўднёвым усходзе магчымы кароткачасовы снег. Тэмпература паветра ўначы панізіцца да 20—27 марозу, аднак па паўночным захадзе пры праясненнях маразы могуць даходзіць да мінус 32 градусаў. Толькі па паўднёвым усходзе будзе крыху мягчэй, дзе чакаецца ад мінус 15 да мінус 19 градусаў. Тэмпература паветра ў суботу ўдзень складзе 14—20 марозу, у асобных раёнах па поўначы будзе да мінус 21—24 градусаў. У нядзелю ўдзень тэмпературны фон у асноўным складзе мінус 11—18 градусаў, але ў асобных раёнах будзе каля 20 марозу.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у панядзелак і аўторак у некаторых раёнах краіны пройдзе кароткачасовы снег, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы прагназуецца ў межах мінус 13—20 градусаў, пры праясненнях да 25 марозу. Удзень будзе ад 8 да 15 марозу, але ў асобных раёнах — яшчэ да мінус 16—17 градусаў. Толькі па паўднёвым усходзе ўначы чакаецца 7—12 марозу, а ўдзень — ад мінус 3 да мінус 7 градусаў. Маразы пачнуць слабець у сераду. У асобных раёнах пройдзе кароткачасовы снег, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе ад мінус 5 да мінус 14 градусаў, аднак уначы пры праясненнях яна можа панізіцца да 19 марозу.

Цяпер дружна прыбіраем

За суткі снегавое покрыва ў краіне павялічылася на 5—10 сантыметраў. А яшчэ нядаўна мы так хацелі сапраўднай зімы з завеяй! Зрэшты, людзі сталага веку памятаюць, што раней такое надвор'е было самым звычайным, як і рэагаванне на яго...

Дарожнікі забяспечылі магчымасць праезду на ўсіх рэспубліканскіх аўтадарогах. Учора на іх працавалі 567 песка- і солеразмеркавальнікаў, 421 трактар, 39 аўтагрэйдараў, 140 пагрузчыкаў. Для апрацоўкі пакрыцця за суткі было зрасходавана больш за 13 тысяч тон пясчана-солевай сумесі і звыш трох тысяч тон чыстай солі, паведамляе Міністэрства транспарту і камунікацый.

За ноч толькі з вуліц сталіцы было вывезена больш за 3,4 тысячы кубаметраў снегу. На гэтую вахту было выведзена каля 400 адзінак тэхнікі для расчысткі вуліц і вывазу снегу. За ноч высыпана 833 тоны солі і 877 тон пясчана-солевай сумесі. Для вывазу снегу было задзейнічана 80 самазвалаў, у тым ліку 34 ад старонніх арганізацый. Удзень у вытворчым аб'яднанні «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама» планавалі павялічыць колькасць спецтэхнікі прыкладна да 850 адзінак.

Усе гаспадаркі Беларускай чыгункі працуюць у штатным рэжыме. Магістраль мае неабходную колькасць снегаўборачнай тэхнікі для ачысткі чыгуначных пуцей ад снегу на перагонах і станцыях — 24 снегаўборачныя машыны і 39 снегаачышчальнікаў. Учора была задзейнічана адна снегаўборачная машына, на ачыстцы стрэлачных пераводаў і чыгуначных пераездаў ад снегу працавалі 1627 чалавек. Па інфармацыі прэс-цэнтра Беларускай чыгункі, затрымак у руху паяздоў з-за ўмоў надвор'я не было.

Да ўборкі дваровых тэрыторый ад снегу падключыліся не толькі прадпрыемствы, але і насельніцтва. У прыватнасці, свой унёсак у расчыстку дваровых тэрыторый зрабілі аўтаўладальнікі. Пры гэтым многія паслухаліся рэкамендацыі ДАІ і пераселі на грамадскі транспарт.

Кубачак гарбаты, калі ласка!

З учарашняга дня ў Магілёўскай вобласці пачалі функцыянаваць 32 пункты абагрэву і гарачага піцця ад Чырвонага Крыжа.

Скарыстацца іх паслугамі могуць не толькі тыя, хто апынуўся ў цяжкім сацыяльным становішчы, але і ўсе, хто адчувае дыскамфорт ад моцных маразоў. Бо тут не толькі дадуць кубачак гарбаты, але і, напрыклад, памераюць артэрыяльны ціск, ад якога ў гэтыя неспрыяльныя дні пакутуюць метэазалежныя людзі.

— Не паспелі мы адкрыць пункт на Цэнтральным прадуктовым рынку па вуліцы Ціміразеўскай, як сталі падыходзіць першыя людзі, — паведаміў старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Андрэй Нікіцін. — Гарбату мы прапаноўваем усім, каму холадна, але для тых, хто з розных прычын не мае пастаяннага месца жыхарства і, адпаведна, магчымасці паесці, прыхапілі ежу хуткага прыгатавання. Ёсць у нас таксама шалікі, курткі, іншае цёплае адзенне для тых, хто не паспеў, або не мае магчымасці яго набыць.

Магілёўскі цэнтр часовага (начнога) знаходжання асоб без пэўнага месца жыхарства таксама гатовы ў гэтыя марозныя дні абагрэць і прытуліць магіляўчан, якія ў сілу нейкіх абставін страцілі прапіску і апынуліся без даху над галавой.

Як уратавацца ад марозу?

На марозным паветры нам дыхаецца лягчэй, а ўсё таму, што ў ім фактычна няма мікробаў, якія больш любяць цеплыню ды вільгаць. Аднак захварэць падчас маразоў усё ж такі прасцей.

— Знешняе асяроддзе абавязкова адбівацца на рабоце ўсіх органаў і сістэм арганізма, але ў нас ёсць магчымасць адаптацыі да розных умоў, — тлумачыць загадчыца аддзялення прафілактычных аглядаў 24-й гарадской паліклінікі спецмедаглядаў Ірына ГАРОШКА. — Якой будзе абарончая рэакцыя, залежыць не толькі ад тэмпературы, вільготнасці ці ветру, але і ад таго, ці па надвор'і мы апрануліся, у якім стане наш імунітэт у цэлым, ад нашага ўзросту — дзеці і пажылыя больш успрымальныя да перападаў тэмпературы.

Калі ёсць захворванне нырак, а вы не прыкрылі цёплым адзеннем гэту частку цела, то ў выніку пераахалоджвання атрымаеце абвастрэнне. Тое ж і з суставамі — пра сябе нагадае рэўматызм. У першыя хвіліны знаходжання на адкрытым марозным паветры сасуды сціскаюцца, а таму артэрыяльны ціск можа крыху павышацца, але не крытычна, бо гэта нармальны механізм кампенсацыі. Таму гіпертонікам можна асабліва не хвалявацца.

У ліку першых пераахаладзіцца рызыкуюць і людзі ў стане алкагольнага або наркатычнага ап'янення, якія страцілі магчымасць крытычна ацэньваць сітуацыю. Або калі чалавек вымушаны доўгі час знаходзіцца на адкрытым паветры.

На марозе не трэба стаяць на месцы. Рух узмацняе цыркуляцыю крыві, у тым ліку ў дробных сасудах. Паляпшаюць кровазварот і расціранні. Неабходна і саграванне знутры, але не алкаголем, а цёплымі напоямі кшталту чаю, кампоту ці морсу.

Калі адчуваеце, што ўсё ж такі атрымалі пераахалоджванне, што нават у цёплым памяшканні вам яшчэ нейкі час холадна, то ў першую чаргу разатрыце замёрзлыя ўчасткі цела з дапамогай якой-небудзь мазі для сагравання, захутайцеся ў коўдру і піце цёплыя напоі.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: На тое студзень, каб студзіць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?