Вы тут

Як валанцёры Чырвонага Крыжа не даюць гараджанам замерзнуць


Чатыры чайнікі ў палатцы адначасова кіпяцяць ваду. Ля сценкі стаіць шэсць пар валёнак, у кутку — некалькі каробак з вермішэллю хуткага прыгатавання. У моцныя маразы Беларускі Чырвоны Крыж адкрыў мабільныя пункты абагрэву. Адзін з такіх учора ўвечары разгарнуўся ў Мінску побач з Кафедральным саборам Сашэсця Святога Духа. Тут можна бясплатна папіць чаю і атрымаць першую дапамогу. "Працуем усю ноч", — кажа галоўны спецыяліст службы надзвычайных сітуацый і пошуку Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Андрэй БАГДАНАЎ.


У пункце абагрэву валанцёры дзяжураць пазменна, па сем гадзін. Усе навучаны аказваць першую дапамогу.

— Тут у нас перавязка, лейкапластыр, эластычны бінт, вада для прамывання ран, мяккія насілкі, — раскрывае перад намі аптэчку Андрэй Багданаў. — Медыкаментаў няма: іх могуць прымяняць толькі ўрачы. Да таго ж цяпер шмат алергенаў, ёсць рызыка зрабіць чалавеку яшчэ горш.

У палатцы ставяць цеплавую гармату. Кажуць, яна прагравае памяшканне ажно да +18 градусаў. Валанцёры па чарзе грэюць ногі ў валёнках.

Сярод добраахвотнікаў ёсць і навічкі, і тыя, для каго гэта зімняе дзяжурства далёка не першае. Вольга Чарток, напрыклад, у валанцёрах ужо чацвёрты год. Яна цяпер у дэкрэце. Пакінула малога пад наглядам старэйшай дачкі, а сама разам з мужам Аляксеем прыехала на дапамогу. Мы зайздросцім сіле волі валанцёраў (пагадзіцца выбрацца з дому ў такі мароз!), а жанчыны жартуюць: у дэкрэтным і не на такое пойдзеш.

Калі пытаемся пра складаныя сітуацыі, з якімі добраахвотнікам даводзілася мець справу, амаль усе згадваюць 2014 год, калі ў Мінск прывезлі Дары валхвоў. Тады, каб убачыць святыню, людзі па восем гадзін стаялі ў чарзе. Пагрэцца ў палатку — а яна разлічана на 30-40 чалавек — вернікаў запускалі па чарзе групамі. Хаця праблема была не толькі ў магчымым абмаражэнні. Многія ў чарзе вялі сябе агрэсіўна, бо не былі гатовыя да таго, што будуць так доўга чакаць.

— Журналісты хочуць пачуць страшныя гісторыі? — далучаецца да размовы Дзмітрый РУСАКОЎ, кіраўнік аддзела па рэагаванні на надзвычайныя здарэнні і вышуку таварыства. Ён расказвае, што ратаваць часцей даводзіцца аўтамабілістаў, якія заглухлі ў дарозе: — Быў выпадак: заўважылі на трасе дзяўчыну. Яе машына не заводзілася. Прапанавалі адвезці дзяўчыну ў горад, але яна адмовілася, сказала, што за ёй хлопец хутка пад'едзе. Ну ладна. Праз колькі часу вяртаемся — яна ўсё стаіць. Калі даставілі ў бальніцу, там ужо калготкі разам са скурай здымалі. Яшчэ б крыху пабыла на марозе — не ўратавалі б...

У пункт абагрэву між іншым заглядаюць прахожыя. Галіна і яе сябар Гхейф зайшлі праз цікаўнасць. Гхейф, аказваецца, з Іарданіі. 40 гадоў таму вучыўся ў Мінску, у архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме, а цяпер прыязджае ў сталіцу па працоўных пытаннях.

— У Іарданіі зараз, напэўна, горача?

— Не, холадна. Плюс 10, — усміхаецца Гхейф, але беларускія маразы яму падабаюцца: — Цудоўнае надвор'е!

Галіна дапівае чай. "Не ведаю, як да метро дайшла б, калі б не вы", — дзякуе валанцёрам.

— Тут што, Дзед Мароз жыве? — заходзіць у палатку іншая кампанія.

Андрэй, Святлана і яе маці Валянціна Іванаўна прыехалі з Расіі. Халоднае надвор'е ім зусім не замінае падарожнічаць.

— Мы са Пскова, — расказвае Андрэй. — Калі выязджалі, там было мінус 17, а за горадам — мінус 19. Ну што, — звяртаецца да дам, — пойдзем гуляць далей?

— А цукру можна колькі хачу пакласці? Ой, як добра, — бярэ шклянку з чаем адна з жанчын у блакітным паношаным паліто.

Разгаварыліся. Завуць яе Наталля. Апошнія некалькі дзён харчуецца ў пунктах бясплатнай раздачы ежы. Дома ў жанчыны няма.

— А начуеце дзе? — пытаемся. — На вуліцы ж мароз страшны!

— Вось сёння да родных пайду, — неяк няўпэўнена адказала Наталля. — А ў вас ёсць што прапанаваць? Я, калі што, маю патрэбу ў жыллі.

У пакет з лустай хлебу жанчына складвае некалькі кубікаў цукру. Цяпер збіраецца на сустрэчу з сяброўкай. Пойдуць у "Цэнтральны", далей грэцца.

Усяго ў сталіцы адкрыта два мабільныя пункты абагрэву Беларускага Чырвонага Крыжа. Другі знаходзіцца побач з храмам іконы Божай Маці "Усіх гаротных Радасць", на вуліцы Прытыцкага. А па горадзе на працягу дня дзяжурыць каля 40 валанцёраў.


Афіцыйна

Алена ФАДЗЕЕВА, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа

— Мабільныя пункты абагрэву разгортваюцца, калі ў гэтым ёсць неабходнасць. Загадзя ставім палатку там, дзе чакаецца вялікая колькасць людзей. Стараемся прадухіліць абмаражэнні. Акрамя гэтага, у Мінску рэгулярна працуюць 9 офісаў раённых арганізацый, дзе ў маразы таксама можна пагрэцца. Бяздомным выдаём там прадуктовыя і гігіенічныя наборы, цёплае адзенне. Як правіла, людзі, што знаходзяцца ў складанай жыццёвай сітуацыі, ведаюць пра дапамогу, якая ў перыяд анамальных з'яў намі аказваецца.

Нашы спецыялізаваныя машыны патрулююць горад: раптам зламаўся транспарт, і людзі доўга стаяць на прыпынку?

Чырвоны Крыж працуе толькі дзякуючы валанцёрам, таму што штатных супрацоўнікаў у нас вельмі мала. Некаторыя з добраахвотнікаў бяруць адгулы на рабоце, і  кіраўніцтва звычайна ідзе насустрач, ведаючы пра грамадска-карысную дзейнасць сваіх супрацоўнікаў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.