Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра вяртанне Дар'і Домрачавай у вялікі біятлон, выступленне мінскага «Дынама» ў Кантынентальнай хакейнай лізе і падрыхтоўку айчынных гандбалістаў да чэмпіянату свету ў Францыі.


1. Дар'я Домрачава вярнулася на лыжню праз некалькі месяцаў пасля нараджэння дачкі. Яе старт адбыўся ў спрынтарскай гонцы першага ў гэтым годзе этапу Кубка свету ў нямецкім Аберхофе. Трохразовая алімпійская чэмпіёнка дапусціла па адной памылцы на двух агнявых рубяжах і не змагла прэтэндаваць на прызавую тройку, заняўшы 37-е месца. Адразу пасля фінішу словы падтрымкі Дар'і накіраваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, павіншаваўшы спартсменку з вяртаннем у вялікі спорт.

У гонцы пераследу Дар'я палепшыла свой вынік на тры пазіцыі і стала 34-й. Адзначым, што ніхто з беларусаў не змог трапіць у дзясятку лепшых у гонках чацвёртага этапу Кубка свету ў Аберхофе. Наступны кубкавы этап біятланісты правядуць у нямецкім Рупольдынгу з 11 па 15 студзеня.

2. Мінскае «Дынама» на дамашняй пляцоўцы саступіла маскоўскаму ЦСКА — 1:3. Мінчане ўпэўнена пачалі матч, павялі ў ліку пасля шайбы Аляксандра Паўловіча, але далей не змаглі стрымаць націск гасцей.

Пасля 45 матчаў мінскія «зубры» маюць у сваім актыве 77 ачкоў і займаюць шостае месца ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі. Наступны матч нашы хакеісты правядуць 12 студзеня ў гасцях у хабараўскага «Амура», а 14-га сустрэнуцца з дэбютантам КХЛ — кітайскім клубам «Куньлунь» у Пекіне.

3. Мужчынская нацыянальная зборная па гандболе працягвае падрыхтоўку да чэмпіянату свету ў Францыі, які стартуе 11 студзеня. Спачатку падапечныя Юрыя Шаўцова прынялі ўдзел у турніры Рыжскай думы ў сталіцы Латвіі, дзе саступілі гаспадарам і сапернікам з Расіі, але былі мацнейшыя за зборную Егіпта. Затым адправіліся на яшчэ адзін таварыскі турнір у Маскву. Там беларусы двойчы прайгралі расіянам (26:31 і 22:27).

Заўтра наша каманда адправіцца ў Францыю. На першым этапе планетарнага форуму ў Руане яны згуляюць у групе С супраць каманд Чылі (13 студзеня), Саудаўскай Аравіі (15 студзеня), Харватыі (16 студзеня), Германіі (18 студзеня) і Венгрыі (20 студзеня).

Склады астатніх папярэдніх груп:

А — Францыя, Польшча, Нарвегія, Бразілія, Японія, Расія;

В — Іспанія, Ісландыя, Славенія, Македонія, Туніс, Ангола;

D — Данія, Швецыя, Аргенціна, Егіпет, Катар, Бахрэйн.

Па выніках першага этапу турніру ў 1/8 фіналу выйдуць па 4 найлепшыя каманды.

4. Баскетбалісты «Цмокі-Мінск» пацярпелі восьмае паражэнне ў чэмпіянаце Адзінай лігі ВТБ. У дамашнім паядынку з лідарам турніру маскоўскім ЦСКА падапечныя Ігара Грышчука саступілі гасцям — 63:100. У 11 праведзеных сустрэчах «банкаўскага» турніру чэмпіёны Беларусі атрымалі 3 вікторыі і займаюць цяпер 9-е месца сярод 13 удзельнікаў спаборніцтваў. Свой наступны паядынак у Адзінай лізе ВТБ «драконы» правядуць у гасцях у баскетбалістаў «Ніжняга Ноўгарада». Турнірную табліцу ўзначальвае ЦСКА.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: З месца і не ў кар'ер

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.