Вы тут

У Брэсце распачаўся фестываль «Студзеньскія музычныя вечары»


Ужо 29-ты раз культурнае жыццё Брэста ў новым годзе пачынаецца з фэсту класічнай музыкі. Сёлета музычнае свята пачалося 9 студзеня Пятай сімфоніяй Чайкоўскага. Твор выканаў сімфанічны аркестр Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам Вячаслава Воліча.


Сваім талентам упрыгожыла адкрыццё «Вечароў» і салістка Марыінскага тэатра народная артыстка Расіі Вольга Барадзіна. Нязменны арганізатар брэсцкага фэсту, яго дырэктар Лілія Батырава сказала, што гэту артыстку яна спрабавала запрасіць ужо некалькі гадоў запар. Але ў прымы оперных тэатраў свету вельмі напружаны гастрольны графік. І вось нарэшце брастаўчанам выпаў шчаслівы шанц атрымаць асалоду ад цудоўнага выканання арыі Далілы з оперы Каміля Сен-Санса «Самсон і Даліла» і іншых твораў з рэпертуару Вольгі Барадзіной.

Другі дзень «Студзеньскіх музычных» заяўлены як вечар раманса. Заслужаны артыст Украіны Сяргей Шарамет, заслужаны артыст Расіі Уладзімір Кудашаў, салістка Вялікага тэатра Расіі Марыя Гарэлава і іншыя майстры сцэны абяцаюць парадаваць сваім выкананнем.

Сёлетні фестываль нездарма названы арыгінальным. У яго праграме ўсе імёны — новыя. Раней яны ніколі не выступалі на брэсцкіх фэстах. Але яны славутыя сваёй творчасцю ў свеце. Таму аматары музыкі з задавальненнем чакаюць выступленні вядомых музыкантаў і выканаўцаў. Такіх, як, напрыклад, прафесар парыжскай кансерваторыі Юджын Інджыч альбо прафесар Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных Вера Носіна.

І яшчэ адна адметнасць сёлетняга брэсцкага фестывалю. Яго межы пашыраюцца: адзін канцэрт адбудзецца ў Кобрыне, адзін — у Жабінцы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Музыка душы

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.