Вы тут

7 студзеня ў Мірскім замку прайшоў баль


Я даўно ведала, што я не прынцэса. Па-першае, таму што ў курсе сваёй радаслоўнай, па-другое, таму што магу сесці на пульт і гэтага не заўважыць. Але на балі, які 7 студзеня ў чарговы раз прайшоў у Мірскім замку, адчуваеш сябе адпаведна антуражу: міжвольна выпростваецца спіна, хочацца абмахвацца веерам, казаць «шэр амі», «сіль ву пле», «шарман» і разглядваць жаночыя ўборы.


Натуральна, сярод замкавага інтэр'ера, ляпніны, люстэркаў у залатых рамах, стылёвых партрэтаў адчуваеш сябе ў XVІІІ стагоддзі і імкнешся гэтаму часу — як ты сабе яго ўяўляеш — адпавядаць. Не дзіўна, што ў замку незаўважна для сябе пачынаеш размаўляць млявым голасам, успамінаць Папялушку, Элізабет Беннэт і Наташу Растову і чуць «запішыце мяне ў ангажэмент на першую мазурку». Праўда, да мазуркі, на жаль, справа не дайшла.

Кавалеры запрашалі дам на паланэз, вальс і польку-тройку, пры гэтым госці маглі не хвалявацца, куды якую нагу ставіць на лік «тры», бо ўдзельнікі шоу-балета «Феерыя» вучылі кожнаму танцу. Гэта быў баль 1761 года — імяніны Тэафіліі Канстанцыі Радзівіл, сястры князя Караля Станіслава Радзівіла, ці, як яго называюць, Пане Каханку (кожны баль мае сваіх галоўных герояў — зразумела, некага з Радзівілаў). Гаспадыня прымала гасцей і запрашала іх на танцы, паслухаць оперную спявачку, на экскурсію па замку, фуршэт, зноў на танцы.

Шчыра, нам мерапрыемстваў такога кшталту сапраўды не хапае, а балям не хапае нас: на імяніны Тэафіліі Канстанцыі — праўда, у моцныя маразы — сабралася каля васьмідзесяці чалавек. З гэтай і без таго невялікай колькасці наведвальнікаў ёсць прыкладна дзесяць працэнтаў заўсёднікаў з розных частак краіны, якія праводзяць да балю сур'ёзную падрыхтоўку, то-бок спецыяльна шыюць уборы. Былі госці з Расіі і нават з Лондана, былі афіцыйныя асобы — карацей, паважаная публіка, на якой арганізатары, на шчасце, ніяк не акцэнтавалі ўвагу. Адзіную прамову сказаў дырэктар Мірскага замка Аляксандр Лойка, ён павітаў гасцей, ён жа з імі і развітаўся.

Ідэя балю належала яшчэ былому дырэктару Мірскага замка Вользе Папко (яна цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў), а сённяшняе кіраўніцтва гэту пакуль нядаўнюю традыцыю працягвае. Рэжысёрка вечара Вераніка Янушэўская-Алтушэц са сваёй камандай падчас працы над праграмай абапіралася на архівы з інфармацыяй пра тое, як гэтыя імяніны адзначаліся ў гасцях у рэальнай Тэафіліі Канстанцыі.

«Наша задача ў тым, каб падчас прымеркаванага да Каляд балю акунуць гасцей у атмасферу класікі і стыля, закрануць маральныя ідэалы, што крыху вышэй, чым тыя, што мы бачым у звычайным жыцці, — кажа Вераніка Янушэўская-Алтушэц. — Нягледзячы ні на якія жыццёвыя перыпетыі, чалавеку патрэбна любоў, цяпло, павага адзін да аднаго. Вольга Мікалаеўна і цяперашняе кіраўніцтва Мірскага замка бачаць ідэю ў тым, каб, абапіраючыся на высокую культуру класікі і стылізуючы яе пад зразумелую сённяшняму чалавеку мову, прыцягваць да сябе атмасферу прыгажосці, разумення і дабра. Асноўны акцэнт мы зрабілі на танцы і ненавязліва, няпафасна, з дапамогай нейкіх рэплік адпаведную атмасферу стваралі».

Гаспадыню вечара сыграла актрыса Гражына Быкава, яе мужа — акцёр Дзяніс Паршын, а Караля Станіслава Радзівіла — загадчык аддзела экскурсійнай работы Мірскага замка і, як яго адрэкамендавалі, адзін з найлепшых экскурсаводаў комплекса Дзмітрый Манкевіч. Музыкальнае суправаджэнне — «прыдворных музыкантаў» — забяспечыў калектыў «Класік-Авангард».

Зразумела, балі такога кшталту наўрад ці змогуць стаць для нас звычайнай справай, але атрымаць большую папулярнасць — чаму б і не. На развітанне дырэктар Мірскага замка паабяцаў праводзіць Мірскія балі не адзін, а некалькі разоў у год. Калі публіка крыху прызвычаіцца і адкрые для сябе такі варыянт адпачынку, у Партрэтнай зале можна будзе прыглушыць святло, адпусціць тых, хто прагне патанцаваць, з-пад нагляду настаўніка, павялічыць час (каб даць Папялушцы магчымасць збегчы а дванаццатай) і стварыць умовы для камунікацыі незнаёмых між сабой гасцей. Далучыцца да беларускай гісторыі, трапіць у княжацкі інтэр'ер, патанцаваць старажытныя танцы, прадэманстраваць свой убор, постаць і грацыю — калі ласка, на баль.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Станцаваць вальс на Мірскім балі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.