Вы тут

Хто сапсаваў сталічнае паветра?


Раніцай 10 студзеня ў многіх раёнах Мінска з'явілася дымка. А ў паветры пачаў лунаць прыкметны пах гару. Сітуацыю "падагравала" тое, што ў суседняй Польшчы з-за смогу ў буйных гарадах была аб'яўлена трывога. Таму, на першы погляд, было б лагічна аб'яднаць гэтыя абставіны прычынна-выніковай сувяззю. Аднак...


- Калегі з Брэста і Гродна не паведамляюць аб тым, што ў іх перавышаны ўзровень забруджвання паветра. Значыць, смог з Польшчы да Мінска дайсці не мог. Інфармацыі пра выкіды на прамысловых прадпрыемствах да нас таксама не паступала, - пракаментаваў сітуацыю афіцыйны прадстаўнік Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Аляксандр Папко.

Кропкі над "і" расставілі ў Гідрамеце.

- Так, узровень вокісаў вугляроду і азоту ў атмасферы прыкметна павялічыўся. Самая высокая канцэнтрацыя гэтых рэчываў назіраецца на ўсходзе гораду, - паведаміла начальнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела маніторынгу атмасфернага паветра Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Багдана Казярук. - У іншых раёнах гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі не перавышаны. А ўсё вельмі проста. Людзі, якія жывуць у прыгарадзе Мінска і ў прыватным сектары, сталі больш спажываць паліва на ацяпленне з-за моцных маразоў. Адпаведна, павялічыліся і выкіды. Калі ў папярэднія дні паўночны вецер выцясняў шкодныя рэчывы са сталічнага паветра, то цяпер у Мінску назіраецца штыль. Да таго ж павысілася вільготнасць. Вось таму і адчуваецца ў паветры пах гару.

Сіноптыкі накіравалі папярэджанні прамысловым прадпрыемствам, хоць і кажуць, што абвінавачваць іх ва ўтварэнні бягучай сітуацыі з паветрам няправільна. Па папярэдніх прагнозах, з чацвярга ў прысталіччы зноў задзьме вецер, і абстаноўка палепшыцца.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.