Вы тут

Ці здолее Нікарагуа выкарыстаць свой гістарычны шанц?


У Нікарагуа адбылася інаўгурацыя прэзідэнта. Дарэчы, кіраўніка дзяржавы тут выбралі яшчэ 7 лістапада мінулага года. Да ўлады ў самай вялікай па тэрыторыі краіне Цэнтральнай Амерыкі прыйшоў легендарны камандантэ Хасэ Даніэль Артэга Сааведра. Дакладней, палітычны доўгажыхар быў пераабраны на трэці прэзідэнцкі тэрмін, прычым з вялікім адрывам ад канкурэнтаў (Артэгу падтрымалі 72,5 працэнта выбаршчыкаў). Нікарагуа пакуль застаецца ў ліку найбяднейшых тэрыторый макрарэгіёна. Аднак гэтая дзяржава дэманструе значныя тэмпы эканамічнага развіцця, тут у адрозненне ад шэрагу навакольных краін забяспечваецца надзейны грамадскі парадак. Да таго ж распачалася рэалізацыя грандыёзнага інфраструктурнага праекта, які злучыць Ціхі і Атлантычны акіяны. Ці атрымаецца Нікарагуа выкарыстаць свой гістарычны шанц?


Ад канкістадораў да авантурыстаў

Атлантычнае ўзбярэжжа Нікарагуа еўрапейцы адкрылі ў 1502 годзе падчас чацвёртага падарожжа Хрыстафора Калумба. Заваёўнік Франсіска Эрнандэс дэ Кардоба (па прозвішчы якога, дарэчы, названая сучасная валюта краіны) заклаў тут першыя іспанскія паселішчы ў 1523-м. З індзейцамі, якія засялялі паўднёва-заходнія тэрыторыі (перашыек паміж возерам Нікарагуа і Ціхаакіянскім узбярэжжам), адным з ацтэкскіх плямёнаў, канкістадоры заключылі дамову. Па імені правадыра (касіка) таго племені — нікараа — была названая ўся краіна. Аднак на паўночных тэрыторыях іспанцам прыйшлося некалькі гадоў ваяваць з іншымі індзейскімі плямёнамі. У ХVІ стагоддзі іспанскія канкістадоры заснавалі два гарады: Гранаду — на заходнім беразе возера Нікарагуа, у канцы воднага шляху з Атлантыкі, і Леон — паблізу ціхаакіянскага ўзбярэжжа. Значная частка індзейскага насельніцтва была знішчана або вымерла ад завезеных іспанцамі захворванняў. Астатнія пачалі змешвацца з іспанскімі пасяленцамі. У Нікарагуа канкістадоры не знайшлі буйных радовішчаў золата і серабра, таму Гранада і Леон сталі аграрнымі калоніямі Іспаніі.

З канца ХVІ стагоддзя для працы на плантацыях (дзе вырошчваліся індыга, цукровы трыснёг і какава) пачалі завозіць неграў-рабоў з Афрыкі, але гэтая рабочая сіла выкарыстоўвалася ў Нікарагуа ў параўнальна невялікай колькасці.

З 1570 па 1821 год Нікарагуа — у складзе іспанскага генерал-капітанства Гватэмала. Тэрыторыя была падзелена паміж памешчыкамі-латыфундыстамі. Усходняя частка краіны — Бераг маскітаў, з нездаровым кліматам і глухімі лясамі — іспанцамі не каланізавалася. Там атабарыліся англійскія піраты, якія «палявалі» на іспанскія караблі. Замацаваўшыся на ўсходнім узбярэжжы, англічане з ХVІІ стагоддзя здзяйснялі рэйды на захад Нікарагуа па рацэ Сан-Хуан і нападалі на іспанскія калоніі. У той перыяд насельніцтва Берага маскітаў павялічвалася ў асноўным за кошт неграў, бежанцаў з англійскіх калоній. Імкнучыся ўмацаваць тут свае пазіцыі, англічане арганізавалі выбары негрыцянскага караля. У выніку яны захоўвалі кантроль над Берагам маскітаў аж да сярэдзіны ХІХ стагоддзя, калі былі вымушаныя сысці адтуль пад націскам ЗША, якія планавалі тады пракапаць на тэрыторыі Нікарагуа канал, які злучае Атлантычны і Ціхі акіяны.

У 1821-м, падчас вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы, тэрыторыя Нікарагуа ўваходзіла ў склад Мексіканскай імперыі, крыху пазней — Злучаных правінцый Цэнтральнай Амерыкі. У 1838-м краіна атрымала незалежнасць. Праўда, незалежная Нікарагуа перажыла працяглы перыяд нестабільнасці і гвалту з-за саперніцтва паміж кансерватарамі, што заселі ў Гранаде, і лібераламі, якія займалі Леон. З сярэдзіны ХІХ стагоддзя за пераважны ўплыў у Нікарагуа (у асноўным з мэтай пабудовы на яе тэрыторыі міжакіянскага канала) разгарнулася барацьба паміж ЗША і Вялікабрытаніяй.

Мабыць, найбольшы шок мясцовыя палітыкі перажылі, калі ў 1855 годзе авантурыст з Тэнэсі Уолтар Уолкер заваяваў Нікарагуа са сваёй невялікай наёмнай арміяй. «Фаланга Бессмяротных» колькасцю ўсяго 58 чалавек здолела захапіць краіну, і Уолкер абвясціў сябе прэзідэнтам Нікарагуа. Але суседнія дзяржавы пайшлі на яго вайною, і авантурысту давялося бегчы з краіны ўжо ў 1857 годзе.

Кансерватары і лібералы дамовіліся, што Манагуа стане адзінай нейтральнай і пастаяннай сталіцай дзяржавы. Затым кансерватары захапілі ўладу на трыццаць гадоў, на працягу якіх пераследавалі лібералаў і ўсяляк заахвочвалі замежныя інвестыцыі. Лібералы вярнуліся да ўлады ў 1893 годзе ў выніку перавароту і неўзабаве сталі ў апазіцыю да Злучаных Штатаў.

Спадчына Сандына

Кансерватары вярнулі сабе ўладу ў 1910 годзе, калі ЗША адмовіліся прызнаць новага ліберальнага кандыдата ў прэзідэнты. Дэсант у складзе ўсяго сотні марскіх пехацінцаў дапамог кансерватарам утрымаць уладу. Затым у краіну прыбылі яшчэ войскі Штатаў і заставаліся на працягу 1912-га, калі прайшлі праамерыканскія выбары, у выніку якіх пры ўладзе застаўся іх стаўленік — кансерватар. У той час ЗША ваявалі адразу ў некалькіх краінах Цэнтральнай Амерыкі і Карыбскага басейна — гэтыя канфлікты за ўплыў у рэгіёне атрымалі агульную назву «бананавыя войны». «Бананавыя войны» скончыліся Вялікай дэпрэсіяй і абраннем прэзідэнтам ЗША дэмакрата Франкліна Рузвельта, які кардынальна змяніў курс знешняй палітыкі, накіраваўшы яго ў рэчышча так званай палітыкі добрасуседства. Калі амерыканскія войскі былі канчаткова выведзены з Нікарагуа ў 1925 годзе, там адразу ўспыхнула грамадзянская вайна. Прэзідэнт ЗША Кельвін Кулідж сутыкнуўся з тым, што многія палітыкі не хочуць вяртання ў Нікарагуа амерыканскіх марскіх пехацінцаў, таму была запушчана ідэя «камуністычнай пагрозы». Кулідж паслаў Генры Сімпсана ў Нікарагуа, каб той паспрабаваў прымірыць ваюючыя бакі.

Адзін з ліберальных лідараў, харызматычны генерал Аўгуста Сезар Сандзіна, не пажадаў скласці зброю да поўнага сыходу амерыканцаў з краіны і працягваў партызанскую вайну-герылью. Шэсць гадоў крывавага супрацьстаяння нічога не далі, затое ваенна-марскія сілы ЗША ўпершыню ў ваеннай гісторыі здолелі ўжыць авіяцыйныя глыбакаводныя бомбы. Калі амерыканцы нарэшце пакінулі Нікарагуа, Сандзіна спыніў баявыя дзеянні, але ў выніку быў схоплены Нацыянальнай гвардыяй — унутранай праамерыканскай арганізацыяй — падчас перамоў аб дэмабілізацыі арміі сваіх прыхільнікаў, а затым і расстраляны. Праз трыццаць гадоў імем генерала быў названы фронт нацыянальнага вызвалення краіны.

У 1936 годзе да ўлады ў Нікарагуа прыйшоў лідар Нацыянальнай гвардыі, дыктатар Анастасіа Самоса Гарсія. Лічыцца, што менавіта пра яго ў свой час Рузвельт сказаў: «Можа, ён і сукін сын, але гэта наш сукін сын». Самоса на некалькі дзесяцігоддзяў усталяваў у Нікарагуа аўтарытарны рэжым, дзе ўрадавая гвардыя стала прывілеяванай кастай, фактычна арганізаванай злачыннай групоўкай нацыянальнага маштабу і з дзяржаўным мандатам. Гвардыя кантралявала наркатрафік, была «дахам» арганізаванай прастытуцыі, ігральнага бізнесу, гандлю медыкаментамі. Самоса дайшоў да вяршыні ўлады ў 1937 годзе і неўзабаве стаў самым багатым чалавекам у Цэнтральнай Амерыцы. Пры гэтым дыктатар і яго прыхільнікі кіравалі краінай, абапіраючыся на амерыканскую ваенную і эканамічную дапамогу. Так было аж да 1979 года — так званай сандзінісцкай рэвалюцыі, калі ўлада перайшла ў рукі сандзінісцкага фронту нацыянальнага вызвалення (СФНВ) — леварадыкальнага руху, арыентаванага на супрацоўніцтва з СССР і Кітаем.

У 1984-м адбыліся ўсеагульныя выбары, на якіх перамог Даніэль Артэга. Гэта чалавек насамрэч гістарычнага маштабу, які яшчэ з пачатку 1960-х адыгрываў вялікую ролю ў палітычным жыцці сваёй краіны. Артэга быў упершыню затрыманы за рэвалюцыйную дзейнасць у 1960-м, калі яму было ўсяго 15 гадоў. Праз два гады будучы прэзідэнт уступіў у сандзінісцкі фронт нацыянальнага вызвалення.

У 1990 годзе сандзіністы не змаглі ўтрымаць уладу: Фронт атрымаў толькі 41% галасоў, а апазіцыя — 55%. Да ўлады прыйшлі больш памяркоўныя ў поглядах сілы на чале з Віялетай Чамора (у 1978-м яна змяніла свайго забітага мужа ў якасці цэнтральнай фігуры на ліберальным флангу). Артэга апынуўся ў апазіцыі, вярнуць уладу яму ўдалося толькі праз 16 гадоў — у 2006-м.

«Дублёр» за $50 млрд

Партыя Артэгі змяніла рыторыку з сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі на захаванне традыцыйных каштоўнасцяў. Прэзідэнту Нікарагуа ўдалося наладзіць канструктыўныя стасункі з прадпрымальніцкім сектарам і нармалізаваць адносіны з каталіцкай царквой. Даніэль Артэга здолеў значна паправіць эканамічнае становішча краіны (хоць Нікарагуа і з'яўляецца па-ранейшаму адной з самых бедных краін Цэнтральнай і Лацінскай Амерыкі) і, што не менш важна, вывесці адукацыю на якасна новы ўзровень.

Адным з галоўных і найбуйнейшых за ўсю гісторыю краіны праектаў сусветнага маштабу, ідэю якога нікарагуанцы песцяць яшчэ з ХVІІІ стагоддзя і які мае намер рэалізаваць Даніэль Артэга, з'яўляецца будаўніцтва Нікарагуанскага канала — патэнцыйнай канкурэнтнай альтэрнатывы Панамскаму каналу. «Вялікі транскантынентальны канал Нікарагуа», названы ў прастамоўі Нікарагуанскім каналам, мае ўсе шанцы стаць будоўляй стагоддзя.

Пачатак яго эксплуатацыі намечаны на 2019-ты, а поўнае завяршэнне будаўніцтва — на 2029-ты. Па прыблізных падліках, за год «дублёр» зможа прапускаць каля 5 тыс. суднаў — каля 5% ад сусветнага марскога трафіка. Пры гэтым асноўным фундатарам выступае HKND-Grоuр, прыватная транснацыянальная кампанія са штаб-кватэрай у Ганконгу.

Даніэль Артэга заявіў, што пракладка канала дасць краіне вялікую колькасць новых працоўных месцаў і будзе спрыяць паляпшэнню эканамічнага становішча. Чакаецца, што ў рэалізацыі праекта агульным коштам каля 50 мільярдаў долараў прымуць удзел больш за 50 тысяч чалавек. Акрамя самога канала, плануецца пабудаваць некалькі партоў, міжнародны аэрапорт і стварыць зону свабоднага гандлю. Па папярэдніх разліках, канал будзе глыбейшым, шырэйшым і даўжэйшым, чым Панамскі, і дазволіць прапускаць судны ўдвая большага танажу (у тым ліку звышцяжкага класа — грузападымальнасцю да 400 тысяч тон). Заяўленыя параметры: да 30 метраў глыбіні, да 530 метраў шырыні і 278 кіламетраў даўжыні, з якіх 105 км — па возеры Нікарагуа.

Рэалізацыя праекта ў Нікарагуа выклікае пратэсты ў мясцовых эколагаў, якія заяўляюць пра вялікі ўрон для навакольнага асяроддзя. У прыватнасці гаворка ідзе аб магчымым забруджванні возера Нікарагуа — найбуйнейшага рэзервуара прэснай вады ў Цэнтральнай Амерыцы. Мясцовыя жыхары пратэстуюць супраць магчымага адчужэння іх земляў. Чакаецца, што свае тэрыторыі прыйдзецца пакінуць 30 тысячам фермераў. Праўда, Даніэль Артэга дакладна заявіў: усім будзе выплачана належная кампенсацыя.

Крытыкі заяўляюць, што пакуль невядома, ці будзе Нікарагуанскі канал мець эканамічную выгаду. Як піша Fіnаnсіаl Tіmеs, з'явіліся сумненні наконт таго, што гэты грандыёзны праект калі-небудзь удасца ажыццявіць. Сярод падстаў для такіх асцярог эксперты называюць шэраг важкіх абставін. У іх ліку — тэрытарыяльныя прэтэнзіі з боку Коста-Рыкі, праведзенае пашырэнне і мадэрнізацыя Панамскага канала, а таксама ці не самае галоўнае — астранамічны кошт праекта (прыцягнуць адпаведныя фінансавыя рэсурсы вельмі складана, а для беднай краіны такі бюджэт увогуле непад'ёмны).

Спачатку чакалася, што канал будзе цалкам уведзены ў эксплуатацыю ў 2019 годзе. Але рэалізацыя праекта новага воднага шляху ў Нікарагуа адкладзена на няпэўны тэрмін. Будоўля замарожана восенню 2015 года з прычыны адсутнасці фінансавання. Як заявіў прэс-сакратар камісіі па будаўніцтве Нікарагуанскага канала Тэлемака Талавера, рэалізацыя праекта «амаль рэальнасць». Але даты старту пакуль невядомыя, і зараз на парадку дня стаіць задача «ўдакладніць шэраг геалагічных, картаграфічных і інжынерных праектаў», звязаных з будаўніцтвам. Акрамя гэтага, «укараняецца план па аднаўленні біяразнастайнасці на навуковай аснове і з канкрэтнымі дзеяннямі». Пакуль што скончана даследаванне глеб тэрыторыі, якая ахоплівае 4550 квадратных кіламетраў, паведамляе Рrеnsа Lаtіnа. Рэалізацыя мегапраекта так і не прасунулася істотна з моманту пачатку работ па стварэнні першай інфраструктуры. Так і не былі пабудаваны міжнародны аэрапорт, два глыбакаводныя парты, склады і фабрыкі будаўнічых матэрыялаў.

Калі Артэга сапраўды хоча рэалізаваць план, яму варта паспяшацца: суседзі не дрэмлюць. Гандурас заканчвае дарогу, якая злучае ўзбярэжжа Атлантыкі і Ціхага акіяна. Коста-Рыка таксама абвясціла аб будаўніцтве 10-палоснага «сухога канала» (каштарыс будаўніцтва гэтай шашы — 16 мільярдаў еўра), які будзе канкураваць з Панамскім «мокрым». Таму ўнікальны гістарычны шанц для Нікарагуа можа так і застацца прыгожай марай.

Захар БУРАК

burаk@zvіаzdа.bу

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Паміж двума акіянамі

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.