Вы тут

Чароўная сіла смеху


Добра бабулі: згубіла рукавічку, — села і звязала новую, прычым з задавальненнем, бо яна ўмее і любіць вязаць.

А нейкая іншая — шыць і вышываць, маляваць, гатаваць, вырошчваць гародніну...

Дзядулі ў іх таксама не зломкі: гора навучыла каго цяслярыць, каго пчол даглядаць, каго плесці кашы... Факт, што многія занятак маюць — справу для душы.

Цікава, што на заслужаным адпачынку будзе рабіць сучасная моладзь — па-ранейшаму сядзець у інтэрнэце?


Ім не дагодзіш

Раніца. Кухня. Сняданак. За сталом — трое.

— Томачка, нешта сёння чай не такі? — нясмела пытаецца муж.

— Яшчэ што выдумай! — абураецца жонка. — Чаму гэта ён не такі? Пі давай!

Муж, бедны, моршчыцца, крывіцца, але ж п'е. Што праўда — не ўвесь, бо ўрэшце ўсё ж адсоўвае свой кубак, дзякуе за сняданак і вылазіць з-за стала.

Жонка застаецца: сядзіць, дапівае сваю гарбату, каштуе («Ну што яму не так?») мужаву і тут жа... выплёўвае, бо чай страшэнна... салёны.

Гэта яна так «пасаладзіла», гэта яна «прамахнулася» лыжачкай. Але ж вінаваты ўсё роўна муж, бо...

— Ну, не мужык ён! Дальбог! — наракае кабета. — Мужык — той салёную гарбату не піў бы! І не змаўчаў бы... Ён хоць адзін раз узяў бы ды стукнуў кулаком па стале! А гэты... Цямця-лямця ён, недарэка... Ну праўда ж?

Трэці з застольнікаў, які ўсё гэта бачыў і чуў, у вочы ёй адказаў:

— Праўда.

А потым за вочы дадаў:

— Ліхая жонка ў хатцы, як скула на...

Вы здагадаліся, дзе?


Паралелі

Некалі з асалодай чытала кнігу Аляксея Карпюка «Развітанне з ілюзіямі». Цяпер — ці не з такой жа — чытаю Уладзіміра Познера: ён таксама развітваецца — ужо са сваімі, шчыра, як на духу, расказвае пра сябе, пра час і Расію.

Адзін эпізод, прычым з шараговых: недзе ў 2005-м (дванаццаць гадоў таму) спадар Познер прыляцеў з Масквы ў Нью-Ёрк і па дарозе ў гатэль заўважыў, што знік яго пашпарт.

Назаўтра ж ён паведаміў пра гэта ў Пашпартны цэнтр і далей досыць падрабязна апісвае, да каго там звяртаўся, колькі чакаў, на якім паверсе і ў якім акенцы запаўняў прапанаваны бланк, як здабываў ксеракопію дакумента аб грамадзянстве, а потым высветлілася, што патрэбен арыгінал, а той у Маскве і туды не вылеціш без пашпарта... На вось гэта яму адказалі, што ёсць яшчэ адзін арыгінал — у Вашынгтоне, і яго прышлюць адтуль, але тое будзе каштаваць 90 долараў.

Чалавек без пашпарта згадзіўся б заплаціць куды болей! І наступным разам прыйсці праз тыдзень ці нават праз месяц...

Яму прызначылі сустрэчу на 15 гадзін таго самага дня і роўна ў 15 папрасілі распісацца — у атрыманні... новага пашпарта. «Сэр, я не магу падабраць словы, каб выказаць вам сваю ўдзячнасць за такую работу, — сказаў яго ўладальнік. — Я вельмі ўражаны!»

На што чыноўнік — трэба разумець, не бачачы ў тым нічога незвычайнага — вельмі сур'ёзна адказаў: «Сэр, вы плаціце за гэта падаткі»...

Мы — у Беларусі, у Расіі — іх плацім таксама.

Цікава, за колькі дзён тут аднавілі б страчаны пашпарт?


Героі нашага часу

Ніначка возіць экскурсіі — па розных гарадах ды мястэчках.

Пехам, бывае, водзіць таксама: найчасцей — па цэнтры сталіцы, па вуліцах Маркса (былой Падгорнай), Энгельса (Дамініканскай), Леніна (Францысканскай ды Губернатарскай)... І расказвае тады, і паказвае, і пытае...

Надоечы, напрыклад — у дзяцей:

— Што вы ведаеце пра Леніна?

Аказалася, што ніхто і нічога. А калі дакладней — адзін хлопчык і адзін анекдот, праўда, пра дзвюх сястрычак, што жылі на вуліцы Леніна. І старэйшая гэтым вельмі ганарылася, а малодшая наадварот — плакала, таму, што Леніна вуліца ёсць, а вось яе, Свецінай — чамусьці няма.


Каб ведалі...

Горад, майстэрня, надпіс на сцяне:

«Хочаш дапамагчы малому —  зрабі разам з ім,

Хочаш дапамагчы старому — зрабі замест яго,

Хочаш дапамагчы майстру — не замінай,

Хочаш дапамагчы дурню — сам такі».

Як быццам новага тут нічога — прапісныя ісціны. Але ж нехта сфармуляваў іх?

І тым самым «узброіў» іншых — на першы погляд элементарным: веданнем, як жыць.


Шчаслівы сабачка

Раней на тым падворку жыўнасці было незлічона — каровы, цяляты, авечкі, свінні, куры, гусі... Цяпер, на жаль, не тыя гады, не тыя і сілы: хіба што куры засталіся ды два каты.

— А вы яшчэ сабачку малога ўзялі б, — раіць гаспадыні пяцігадовая суседка.

— Не, дзіцятка, — адмаўляецца тая, — яго ж выхоўваць трэба, даглядаць, нечым карміць...

— Гэта — хіба раніцай, — з веданнем справы тлумачыць дзяўчынка. — А днём кавалак каўбасы яму кінеце, дык ён і пад'есць...

Хто б сумняваўся?


«А в остальном, прекрасная маркиза...»

На бюджэтную форму навучання Паліна не паступіла, вучыць на платным — бацькі не ўзяліся: пайшла працаваць — прадавачкай у маленькую прыватную краму, касіркай, афіцыянткай.

Вось гэта (як потым даўмелася) найбольшай памылкай было, бо якраз тады ёй спадабаліся лёгкія грошы і прыгожае жыццё, якраз там, маючы звычку ўсё заядаць і запіваць, яна моцна распаўнела (каб пахудзець, нейкі дурань параіў курыць, яна ўзялася, потым пераканалася, што марна, але кінуць ужо не змагла)... Да таго ж, якраз там, у сваім рэстаране, яна пазнаёмілася і на 12 доўгіх гадоў сышлася з хлопцам, які ўрэшце ажаніўся з іншай...

Зрэшты, жыццё ёсць жыццё. У кожнага яно сваё і кожнага хоць некуды ды ўрэшце выводзіць: Паліна атрымала-такі спецыяльнасць, знайшла працу і нават займела аўтарытэт. Ва ўсякім разе непасрэдны начальнік не раз называў яе сваёй правай рукой... Што не магло не цешыць!

Для засмучэння, праўда, таксама падстава была, бо з часам дзеўка стала заўважаць, што нагружаюць яе ўсё больш і больш, а вось плацяць — якраз наадварот.

Спачатку гэта проста здзіўляла яе, потым — абурала (бо няма ж ніякай справядлівасці!), а ўрэшце — вывела з сябе, прычым настолькі, што закаціла істэрыку, кінула на стол заяву на звальненне...

Спадзявалася, што правільна ўсё зразумеюць і гэту паперу, вядома, не падпішуць, бо не дурань жа той начальнік — не будзе ён секчы сваю правую руку?

А той — як потым сказалі — нават вокам не міргнуў, тут жа звольніў («па пагадненні бакоў»)...

Стрэс яшчэ той быў: курыла цыгарку за цыгаркай, плакала, без снатворнага не спала, спрабавала піць. І паралельна (жыць жа за нешта трэба!) — шукаць сабе новую работу: рассылаць рэзюме, ездзіць да патэнцыйных працадаўцаў. Хоць і без толку (ва ўсякім разе, пакуль), бо хутка пераканалася, што зараз на больш-менш прывабныя месцы не проста набіраюць спецыялістаў... Іх найперш выбіраюць — з ліку маладых, прыгожых, дыпламаваных, пажадана — здаровых (не знерваваных), без шкодных звычак.

У дзеўкі ўсё гэта было, але... у мінулым стагоддзі.

Што засталося ў гэтым?

Досыць яснае разуменне таго, што жыццё чалавека ці не тая ж бегавая дарожка. І калі на ёй прамарудзіць — не рвануцца з месца ў кар'ер альбо недзе адстаць — то потым ужо не дагоніш, бо... не паспееш: кароткая дужа дыстанцыя.

А яшчэ — пачуццё гумару: ва ўсякім разе на пытанне, як справы, яна адказвае сваім пытаннем:

— Вам праўду сказаць?

— Пажадана.

— А мацюкацца можна?

— Не хацелася б...

— Тады — усё добра.


І ты, Брут?

У грамадскім транспарце некалі прасцей было: праязны — звычайны, папяровы — на месяц купіў, у сумку палажыў і спакойна ездзіш — пра нешта думаеш, на людзей глядзіш альбо чытаеш. Цяпер жа...

— Ваш праязны, — знячэўку гучыць над вухам.

Спехам згортваю газету, дастаю білет, прыкладваю да нейкага кантралёрскага «валідатара» і тут жа ўспамінаю, што, заходзячы ў салон, забылася яго «адзначыць».

Жанчына выпраўляе гэтую хібу (ёй балазе няцяжка ды і «служба»...), але ж пры гэтым строга павучае, што ў грахах сваіх трэба прызнавацца адразу.

...Яшчэ і кантралёру?


Месца, дзе хочацца жыць

Хатка была невялічкая, старэнькая...

Мусіць, таму пасля смерці бацькоў прадаваць яе дзеці не сталі: пакінулі сабе, у якасці прыстанку — на той выпадак, напрыклад, калі з'едуцца на могілкі, альбо калі нехта захоча прыехаць у вёску, пахадзіць у грыбы...

Меркавалася так. Атрымалася — трохі іначай: аўдавеўшы, сюды, на бацькаўшчыну, вярнуўся адзін з сыноў. Здаў гарадскую кватэру, памяняў у хаце гнілыя падрубы, абрэзаў сад, пасадзіў гарод, завёў ката і сабаку...

Надоечы ён у Мінск прыязджаў, каб з кватарантаў грошы ўзяць. У двары былыя дружбакі спынілі. Угаварылі выпіць, пагаманіць, як некалі, па душах — памянуць ягоную Людку, а потым — і застацца тут, у горадзе, у камфорце, ну хаця б на зіму...

— Не і яшчэ раз не, — сказаў удавец, — бо тут, з вамі, я праз месяц-другі загнуся. А там, дасць Бог, яшчэ пажыву — падыхаю лесам, пахаджу па зямлі, сабаку свайго пагладжу.

...Слова прыстанак, прыстанішча, паводле слоўніка — месца, дзе можна прыстаць, прыпыніцца, прытуліцца.

І найлепш, відаць, на радзіме?


Чароўная сіла... смеху

Загавары ў Мінску — на вакзале, у краме, у трамваі — па-кітайску ці па-японску, на цябе хіба вокам кінуць. Загавары ж (як мы з калегам) па-беларуску — «усе вушы тут». І вочы, здаецца, таксама. Ва ўсякім разе дзядзька, што рассеўся паблізу, глядзіць, не міргаючы, ловіць кожнае слоўца і пасля чарговага ўсё ж зрываецца:

— Вы, канешна, звіняйце, — кажа на ўсю пляцоўку трамвая, — але я ў беларускай школе вучыўся, у дзярэўні рос, і так, як вы, там ніхто не разгаварываў... «Насамрэч» ды «насамрэч»... Тожа мне — слова прыдумалі... А што яно азначае, калі з трох часцей састаіць: на, сам і рэч. Вешч, кажучы па-руску! А прычым тут яна?!

Дзядзька абураны, дзядзька пытае і (гэта відавочна) чакае адказу.

А што яму сказаць (тым больш — нам хутка выходзіць)? Што ягоная вёска і ягоная школа — гэта мінулае стагоддзе (як мінімум, канец шасцідзясятых) і што гэта яшчэ не ўся Беларусь? Што словы насамрэч (і нават насамперш) у мове ёсць і што дзяліць іх на часткі (а тым больш перакладаць) не трэба...

Рой думак — у мяне. У калегі, як бачу — толькі ўсмешка:

— Скажыце, — звяртаецца ён да дзядзькі, — а ці было ў вашай вёсцы слова ўпоперак?

— А як жа, было, — ганарыцца той. — І ўздоўж было, і ўпоперак...

— А яго падзяліць вы не спрабавалі?

— Не, — нічога не разумеючы, гаворыць дзядзька.

— А вы паспрабуйце — на тры часткі... Прыедзеце дамоў і падзяліце.

...Пасажыры смяюцца, мы выходзім, дзядзька едзе і — магчыма — «дзеліць».

Нехта не дурны казаў, што смеху баіцца нават той, хто не баіцца нічога.

Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».